У друку выступае з 1973 г. Працуе ў галіне мастацкага перакладу з нямецкай, польскай, чэшскай, нідэрландскай на беларускую мову. Пераклаў кнігу Б.Брэхта «На шалях праўды» (1988), п'есу С.Мрожака «Танга» (пастаўлена ў 1989), паасобныя творы Я.Врхліцкага, Ф.Кафкі, Г.Ахтэрберга, В.Тэўса, А.Шміт-Заса, А.Кухгофа і інш.
Выступае з артыкуламі па праблемах мастацкага перакладу.
Барысенка Васіль, нарадзіўся 25.04.1904 г. у горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
Працоўны шлях пачаў чорнарабочым на чыгунцы. У 1924 г. скончыў Барысаўскі педагагічны тэхнікум. Два гады працаваў настаўнікам у пачатковай школе. У 1929 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыўся ў аспірантуры пры АН БССР (1929-1932). У 1931-1941 гг. і пасля вайны да 1966 г. выкладчык Менскага педагагічнага інстытута. Адначасова з 1934 г. - навуковы супрацоўнік, а з 1937 г. - дырэктар Інстытута мовы і літаратуры АН БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны ў дзеючай арміі ў якасці карэспандэнта армейскай газеты. У 1946-1973 гг. - дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1974 г. - старшы навуковы супрацоўнік-кансультант гэтага ж інстытута. Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1937 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.
Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1974).
Памёр 26.07.1984 г.
Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1932 г. Напісаў літаратуразнаўчыя працы «Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1957), «Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.» (1963, разам з В.Івашыным), артыкулы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, В.Дуніна-Марцінкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Сааўтар (з В.Івашыным) падручніка для 8 класа «Беларуская літаратура» (1959-1978, 19 выданняў), хрэстаматыі для 10 класа «Родная літаратура» (14-е выданне, 1961), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977). Складальнік зборнікаў «Беларуская дакастрычніцкая проза» (1965), «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».
Барычэўскі Яўген, нарадзіўся 17.12.1883 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.
Скончыўшы Менскую гімназію, у 1903 г. паступіў у Берлінскі ўніверсітэт, праз год перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы (1910) пакінуты пры ўніверсітэце, выкладаў расейскую літаратуру ў сярэдніх навучальных установах Масквы, займаўся навукова-літаратурнай дзейнасцю: у маскоўскіх часопісах і газетах друкаваў артыкулы і даследаванні. З восені 1918 г. прызначаны вучоным сакратаром Музейнага аддзела Наркамасветы. У пачатку 1922 г. быў запрошаны на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў у Менскай цэнтральнай партыйнай школе (1924-1927), у Інбелкульце, потым у Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР (1927-1933). Быў рэпрэсіраваны. Пасмяротна рэабілітаваны. Прафесар.
Памёр 12.09.1934 г.
Пісаў на беларускай і расейскай мовах. У 1922 г. у Маскве выйшла складзеная Я.Барычэўскім кніжка «Мир искусств в образах». У 1927 г. у Менску выдадзены працы «Тэорыя санету» і «Паэтыка літаратурных жанраў». Артыкулы і даследаванні па пытаннях паэтыкі і эстэтыкі, прысвечаныя творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, расейскіх, нямецкіх, французскіх пісьменнікаў, друкаваліся ў «Працах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», у часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Полымя». Аўтар дапаможніка для студэнтаў-завочнікаў «Паэтыка. Курс для завочнага педфаку» (1929-1930). Прымаў удзел у падрыхтоўцы Збору твораў М.Багдановіча ў 2 тамах (1927-1928).
Барэйша Міхась, нарадзіўся 04.01.1950 г. у вёсцы Новы Лад Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Наваполацкі нафтавы тэхнікум (1969). Працаваў машыністам, апаратчыкам на Полацкім хімічным камбінаце (цяпер вытворчае аб'яднанне «Палімір»). У 1971-1973 гг. служыў на Балтыйскім флоце. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на камбінат. Скончыў завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1981). З 1980 г. - карэспандэнт полацкай аб'яднанай газеты «Сцяг камунізму», з 1983 г. - намеснік рэдактара. Сябра СП СССР з 1989 г.
Памёр 13.08.1990 г.
У друку пачаў выступаць з 1973 г. Першая кніга прозы ўвайшла ў калектыўны зборнік «Сустрэча» (1985). Другая кніга прозы «Крыніца, чыстая вадзіца» выйшла ў 1988 г.