Басуматрава Святлана, нарадзілася 22.11.1946 г. у горадзе Мазыры Гомельскай вобласці ў сям'і служачых.
Дзяцінства прайшло на Магілеўшчыне. У 1958 г. сям'я выехала на цалінныя землі ў пасёлак Паспеліна Алтайскага краю, у 1962 г. пераехала ў Баранавіцкі раён. Пасля заканчэння школы (1964) працавала старшай піянерважатай Вольнаўскай васьмігадовай школы пад Баранавічамі. У 1966-1969 гг. вучылася ў Літаратурным інстытуце ў Маскве (скончыла завочна ў 1986). Працавала ўлікоўцам у саўгасе «Савіцкі» Баранавіцкага раёна, выкладала беларускую і нямецкую мовы ў Крывошынскай і Федзюкоўскай сярэдніх школах Ляхавіцкага раёна. З 1972 г. у Бабруйску - швачка-матарыстка швейнай фабрыкі, паштальён, укладчыца камбіната будаўнічых матэрыялаў, карэспандэнт-арганізатар радыёвяшчання, карэспандэнт шматтыражнай газеты «Рабочы», кантралёр вытворчага аб'яднання «Беларусьгуматэхніка». Сябра СП СССР з 1982 г.
Першы верш надрукаваны ў 1960 г. (паспелінская раённая газета «За урожай» Алтайскага краю). Аўтар кніг паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988).
Бачыла Алесь, нарадзіўся 02.03.1918 г. у вёсцы Лешніца Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1934 г. скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум і выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Каралішчавіцкай і Сінілаўскай школах на Меншчыне. Завочна скончыў Менскі настаўніцкі інстытут (1939). Восенню 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію, служыў да 1945 г. Удзельнічаў у паходзе ў Іран, у баях на Крымскім, Паўночна-Каўказскім (Чарнаморская група войск), Варонежскім, 2-м Беларускім і 1-м Прыбалтыйскім франтах. Пасля вайны працаваў у «Настаўніцкай газеце», потым у газеце «Літаратура і мастацтва» - загадчыкам аддзела, адказным сакратаром (1946-1951), намеснікам галоўнага рэдактара (1952-1957). У 1951-1952 гг. - уласны карэспандэнт «Литературной газеты», рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У 1957-1972 гг. - адказны сакратар часопіса «Полымя», у 1972-1978 гг. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1946 г.
Памёр 03.01.1983 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Дружбы народаў і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1967).
Першы верш надрукаваў у 1934 г. Выйшлі кніжкі паэзіі «Шляхі» (1947), «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Калючая ружа» (1962), «Асенняя аповесць» (паэма, 1965), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Снежная балада» (выбранае, 1968), «Тры багіні» (1973), «Вершы» (1974), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і зборнік гумарыстычных вершаў «Кавалер Мікіта» (1967), кніжка вершаў для дзяцей «Мне купілі самакат» (1981). У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1986-1987 гг. - Збор твораў у З тамах.
Аўтар нарыса пра жыццёвы шлях М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971), кнігі «Крыло неспакою» (пошук, роздум, палеміка, успаміны).
Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (надрукавана і пастаўлена ў 1958), «Вернасць (надрукавана ў 1959), «Калючая ружа» (пастаўлена ў 1960, надрукавана ў 1962), «Калі ападае лісце» (пастаўлена ў 1968), «Зорка Венера» (пастаўлена ў 1970) і лібрэта аперэты «Паўлінка» (па аднайменнай камедыі Янкі Купалы, пастаўлена ў 1973). Песні на яго вершы ўвайшлі ў зборнік «Я сэрцам з табою» (1988).
Пераклаў на беларускую мову «Тараса Бульбу» М.Гогаля (з М.Паслядовічам, 1954), «Брэсцкую крэпасць» С.Смірнова (1967), «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога (1952), а таксама асобныя творы расейскіх, украінскіх і латышскіх пісьменнікаў.
Башлакоў Міхась, нарадзіўся 27.04.1951 г. у пасёлку Станцыя Церуха (цяпер вёска Баштан) Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
У 1967 г. скончыў Грабаўскую сярэднюю школу і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы (1973) працаваў настаўнікам у Нісімкавіцкай СШ Чачэрскага раёна (1973-1974), Цеменіцкай СШ на Браншчыне (1974-1975), Пракопаўскай васьмігадовай школе Гомельскага раёна (1975-1978). Затым выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школах Гомеля (1978-1985). З 1985 г. - карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР па Гомельскай вобласці. Сябра СП СССР з 1988 г.
У 1968 г. надрукаваў першы верш. Аўтар кнігі паэзіі «Касавіца» (зборнік «Нашчадкі», 1979) і «Начны паром» (1987).
Беляжэнка Барыс (таксама Беліжэнка Барыс), нарадзіўся 05.06.1937 г. у вёсцы Промыслы Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.
Пасля заканчэння школы працаваў старшым піянерважатым Навікоўскай сярэдняй школы Шумілінскага раёна (1955-1957). Служыў на Балтыйскім ваенна-марскім флоце (1957-1958). Пасля настаўнічаў, быў дырэктарам Дома піянераў і школьнікаў, супрацоўнікам бешанковіцкай раённай газеты «Зара», сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса «Герой працы», інструктарам райкома партыі, дырэктарам Пуськаўскай васьмігодкі. У 1965 г. скончыў завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Загадваў Чашніцкім райана (1965-1967), працаваў намеснікам старшыні Чашніцкага райвыканкома (1967-1968). У 1970 г. скончыў Менскую вышэйшую партыйную школу. З 1970 г. - інструктар, з 1972 г. - лектар, а з 1975 г. - загадчык сектара друку, тэлебачання і радыё Віцебскага абкома КПБ. У 1980-1986 гг. - загадчык аддзела абласной газеты «Віцебскі рабочы». Сябра СП СССР з 1979 г.