Выбрать главу

Узнагароджаны медалямі.

Друкуецца з 1958 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Крыгалом» (1973), «Жытнёвае поле» (1977). У 1977 г. у часопісе «Маладосць» апублікаваў паэму «Свята пумы», у 1988 г. у газеце «Віцебскі рабочы» - скарочаны варыянт аповесці-дэтэктыва «Каляровыя фотакарткі».

Бечык Варлен, нарадзіўся 25.06.1939 г. у вёсцы Астрашыцкі Гарадок Менскага раёна Менскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960) выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў Пліскай сярэдняй школе Смалявіцкага раёна. У 1962-1966 гг. - аспірант кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1966 па 1971 гг. - літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Неман». З 1972 г. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1981 г. - намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1971 г.

Памёр 13.11.1985 г.

Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1959.г. Выйшлі яго кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Свет жывы і блізкі» (1974), «Прад высокаю красою» (1984), кніга пра паэзію А.Куляшова «Шлях да акіяна» (1981), «Выбранае» (1989). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977). У сааўтарстве з М.Ярошам выдаў манаграфію «Беларуская савецкая лірыка» (1979). Напісаў брашуру, прысвечаную памяці беларускіх паэтаў, загінуўшых на Вялікай Айчыннай вайне «Радзіме - радок і жыццё» (1986).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1987, пасмяротна) за кнігу «Прад высокаю красою».

Бірала Захар, нарадзіўся 15.02.1906 г. у вёсцы Раўнаполле Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1928-1931 гг. вучыўся на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут (1934). Выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў Лагойску (1934-1936). У 1936 г. рэпрэсіраваны. Знаходзіўся ў зняволенні ў Горкаўскай (цяпер Ніжагародскай) вобласці. 24 верасня 1940 г. быў вызвалены. Працаваў настаўнікам у Сенніцкай сярэдняй школе Менскага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў з бацькамі, працаваў на ўласнай гаспадарцы ў вёсцы Астравы Рудзенскага раёна. Пасля вызвалення Беларусі (1944) прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, быў цяжка паранены. У 1945-1974 гг. выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў Мар'інагорскім сельгастэхнікуме. Рэабілітаваны ў 1958 г. Сябра СП СССР з 1980 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.

Друкуецца з 1925 г. Выступае пераважна ў жанры сатыры і гумару. Аўтар кніжак гумарыстычных вершаў «Смех і радасць вёскі» (1929), «Цвітуць кветкі» (1963), «У пажарным парадку» (1968), «На светлым чорнае» (1974), «Прыляцела птушка» (1977), зборніка лірыкі, сатыры і гумару «Розы і крапіва» (1986).

Бітэль Пятро, нарадзіўся 19.06.1912 г. у гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і паштовага служачага.

У 1931 г. скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні. Працаваў настаўнікам пачатковых школ у Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнах (1931-1939). Служыў у польскай арміі (1933-1934). За перыяд 1935-1939 гг. скончыў завочна Вышэйшыя настаўніцкія курсы ў Вільні (гістарычна-філалагічны аддзел). У 1939 г. удзельнічаў у польска-нямецкай вайне, а пасля аб'яднання Беларусі працаваў у Валожыне настаўнікам і школьным інспектарам. У час нямецкай акупацыі вывезены ў Германію (1944) і там, пасля вызвалення (1945), прызваны ў Савецкую Армію. У 1946-1947 гг. працаваў настаўнікам Забрэжскай сярэдняй школы Валожынскага раёна. Пасля звальнення з настаўніцкай працы (1947) і немагчымасці ўладкавацца на ніякую дзяржаўную працу стаў праваслаўным свяшчэннікам. У 1950 г. арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Адбываў тэрмін у Альжарасе Кемераўскай вобласці, у Омску і Джэзказгане. У 1956 г. звольнены датэрмінова са зняццем судзімасці. Да 1963 г. зноў, не могучы нідзе ўладкавацца, служыў у царкве. У 1963-1974 гг. выкладаў у Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову і маляванне. Скончыў завочна беларускае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута (1970) і Дзяржаўныя цэнтральныя курсы завочнага навучання «Ин-яз» у Маскве (1970). Рашэннем Вярхоўнага суда БССР ад 28.11.1978 г. па справе арышту і зняволення поўнасцю рэабілітаваны. Сябра СП СССР з 1985 г.