Выбрать главу

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім медалём «Заслужаны перад польскай культурай».

У друку выступае з 1941 г. Перакладае з польскай на беларускую і расейскую мовы, з беларускай на польскую. На польскую мову пераклаў кнігі для дзяцей А.Лойкі «Дзе хто начуе» (1981), П.Марціновіча «Паспяшайся ў наш звярынец» (1981), А.Вольскага «Еду ў госці да слана» (1981) і «Сцяпан - вялікі пан» (1983), І.Бурсава «Казкі, поўныя цудаў» (1983), беларускія народныя казкі «Лісіца-хітрыца» (1982), «Удовін сын» (1985). На беларускую мову пераклаў асобныя творы Я.Бжэхвы, Я.Гушчы, В.Жукроўскага, З.Кабатца, У.Махэека, Г.Марцінка, Ю.Озгі-Міхальскага, Я.Парандоўскага, Е.Путраманта, У.Рэйманта, Т.Ружэвіча і інш., на расейскую - З.Сафяна, Г.Гаворскага, Е.Адыгея.

Склаў анталогіі «Ад Буга да Одры» (апавяданні сучасных польскіх пісьменнікаў, 1969) і «Вясёлы калейдаскоп» (гумар і сатыра сучасных польскіх пісьменнікаў, 1979).

Сульянаў Анатоль, нарадзіўся 03.09.1927 г. у сяле Аксіньіна Адзіноцкага раёна Маскоўскай вобл. (Расея) у сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сямігадовай школы ў сяле Вялікія Вяземы залічаны ў Маскоўскую спецшколу Ваенна-паветраных сіл (1943-1946). У 1946-1950 гг. - курсант Тамбоўскай, Арвамірскай авіянавучальняў, у 1950-1951 гг. - слухач Вышэйшых лётна-інструктарскіх курсаў. Служыў лётчыкам-інструктарам, камандзірам звяна. У 1962 г. скончыў Ваенна-палітычную акадэмію ў Маскве. У 1962-1969 гг. быў намеснікам камандзіра па палітычнай часці авіяпалка, начальнікам палітаддзела палка дывізіі, затым інспектарам, начальнікам аддзела Галоўнага Палітупраўлення Савецкай Арміі (Масква, 1969-1976). З 1976 г. у Менску - сябра Ваеннага Савета, начальнік палітаддзела арміі (1976-1980), намеснік начальніка Палітупраўлення БВА (1980-1987). Генерал-маёр авіяцыі (1978), ваенны лётчык I класа. Сябра СП СССР з 1981 г.

Заслужаны работнік культуры БССР (1985).

Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам «За службу Радзіме», медалямі.

Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1957 г. Піша на расейскай мове. Аўтар рамана «Расколотое небо» (1981), зборніка аповесцей і апавяданняў «Хождение за седьмое небо» (1985), «Только одна ночь» (раман, аповесці, 1987), рамана «Голубые снега» (1990) і кнігі для дзяцей «Посеешь ветер» (1984).

Супрунчук Віктар, нарадзіўся 07.12.1949 г. у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Сялецкай сярэдняй школы (1967) працаваў грузчыкам на Нова-Бярозаўскім вапнавым заводзе, вучыўся ў Белаазёрскай прафесійна-тэхнічнай навучальні № 82 электратэхнікі (скончыў у 1968). У 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў электрамантажнікам і электразваршчыкам у трэсце «Электрацэнтрмантаж». Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1976). Працаваў карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Электрон» завода ЭВМ імя Арджанікідзе. З 1977 г. - спецыяльны карэспандэнт «Сельской газеты», з 1981 г. - рэдактар аддзела літаратуры Беларускага тэлебачання, з 1983 г. - загадчык аддзела нарыса, з 1986 г. - старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». З 1990 г. - намеснік старшыні СП Беларусі. Сябра СП СССР з 1985 г.

Друкуецца з 1977 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Страсці» (1983), «Недзе баліць ля сэрца» (1986), «Набат» (1989), аповесці «Банальны дэтэктыў» (1989), раманаў «Жывеш толькі раз» (1988) і «З плоці і крыві» (часопіс «Полымя», 1990).

Сурначоў Мікола, нарадзіўся ў снежні 1917 г. у вёсцы Слабада Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Гомельскага сельскагаспадарчага тэхнікума працаваў аграномам на Рагачоўшчыне. Потым перайшоў у раённую газету «Камунар». У 1937-1939 гг. вучыўся на літаратурным факультэце Гомельскага педагагічнага інстытута. У 1939 г. перавёўся ў Менскі педагагічны інстытут. Вучобу сумяшчаў з працай у рэспубліканскіх газетах «Звязда» (1939-1940) і «Чырвоная змена» (1940-1941). З 1941 г. - у Савецкай Арміі, удзельнічаў у абароне Каўказа, у вызваленні Беларусі, Украіны, Румыніі, Польшчы.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Загінуў 20.04.1945 г. пад Берлінам.

Друкавацца пачаў у 1933 г. (рагачоўская раённая газета «Камунар»). Выйшлі зборнікі паэзіі «На сурмах баравых» (1946), «Барвовая зара» (1959), кніга вершаў, лістоў і ўспамінаў «Акопны спеў» (1986). Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.

Сурская Вера, нарадзілася 15.04.1899 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і інжынера.

Пасля заканчэння жаночай гімназіі (1916) вучылася ў мастацкай студыі І.Машкова і музычнай навучальні Селіванавых. Была артысткай у тэатрах Сочы, Сухумі, Батумі, Тбілісі (1917-1926), мастаком-карыкатурыстам і літсупрацоўнікам у газетах (Тбілісі). Скончыла Грузінскую акадэмію мастацтваў (1928). У 1945 г. працавала карэспандэнтам газеты Закаўказскай ваеннай акругі «Боец РККА». З восені 1945 г. жыла ў Берасці, працавала педагогам у абласным Палацы піянераў, стварыла першы ў Беларусі дзіцячы тэатр лялек, дзе была драматургам, мастаком і рэжысёрам. Сябра СП СССР з 1952 г.