З першымі вершамі і апавяданнем выступіў у друку ў 1933 г. (часопіс «Работніца і калгасніца Беларусі», газета «Чырвоная змена»). Змяшчаў творы ў часопісе «Полымя рэвалюцыі», газетах «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», альманаху «Аднагодкі» (1936). У час вайны - у акупацыйных выданнях: часопісе «Новы шлях», газетах «Раніца», «Новая дарога», «Беларускі работнік» і інш. У Беластоку быў падрыхтаваны зборнік вершаў «Ад сына твайго, Беларусь» (меўся выйсці ў Кёнігсбергу, але згарэў там пад час пажару). Аўтар кніг паэзіі «У акіяне начы» (Рэгенсбург, 1946), «На край света» (Міхельсдорф, 1947), «Спадзяванні» (Рэгенсбург, 1947), «Цень Янкі Купалы» (Ватэнштат, 1947), «Ля ціхай брамы» (Нью-Ёрк, 1958), «Патушаныя зоры» (Мюнхен - Нью-Ёрк, 1975), «Ачышчэнне агнём» (Глен-Коў - Нью-Ёрк, 1985), «А часу больш, чым вечнасць» (Глен-Коў - Нью-Ёрк, 1989), раманаў «Раман Корзюк» (Нью-Ёрк, 1985), «І той дзень надышоў» (Глен-Коў - Нью-Ёрк, 1987). Напісаў успаміны пра Янку Купалу і Якуба Коласа (калектыўны зборнік «Янка Купала і Якуб Колас», Нью-Ёрк, 1982).
У 1989-1990 гг. газеты «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», часопісы «Маладосць», «Крыніца» змясцілі яго падборкі вершаў.
На беларускую мову пераклаў асобныя творы І.В.Гётэ, «Плач Яраслаўны» («Слова аб палку Ігаравым») і інш.
Сямашка Мікола, нарадзіўся ў 1914 г. у вёсцы Барылы (пазней злілася з вёскай Катушанкі) Полацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння сямігодкі працаваў у ветрынскай раённай газеце. У 1939 г. мабілізаваны ў Савецкую Армію, удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны - на фронце.
Загінуў у 1941 г. пры абароне Воршы.
Першы верш апублікаваў у 1926 г. (газета «Чырвоная Полаччына»). Аўтар зборніка паэзіі «Шчырасць» (1939). Паасобныя вершы друкаваліся ў зборніках «Мы іх не забудзем» (1949) і «Крывёю сэрца» (1967).
Сямашка Сцяпан, нарадзіўся 27.07.1898 г. у вёсцы Барылы (пазней злілася з вёскай Катушанкі) Полацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1920 г. пайшоў у Чырвоную Армію, удзельнічаў у грамадзянскай вайне. У 1921-1926 гг. - на партыйнай і савецкай рабоце ў Полацку. У 1926-1929 гг. працаваў рэдактарам акруговай газеты «Чырвоная Полаччына», потым - у часопісе «Шляхі калектывізацыі», у газеце «Звязда». Вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Менску (1932). У гады Вялікай Айчыннай вайны - палітработнік у Савецкай Арміі. У 1945-1946 гг. - адказны сакратар камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, з 1947 г. - навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 23.09.1965 г.
Першы празаічны твор надрукаваў у 1925 г. У 1927 г. у газеце «Чырвоная Полаччына» апублікаваў некалькі ўрыўкаў з аповесці «Пад панскай няволяй». Аўтар кнігі апавяданняў «Пералом» (1932).
Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна.
Сямёнава Ала (таксама Сямёнава Альбіна), нарадзілася 09.08.1938 г. у сяле Бальшарэцкае Бальшарэцкага раёна Камчацкай вобласці ў сям'і служачых.
У 1944 г. сям'я вярнулася на радзіму ў Наваградак. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960) працавала рэдактарам і старшым рэдактарам выдавецтва «Навука і тэхніка». У 1968-1972 гг. літсупрацоўнік у прэс-бюлетэні «Служба быту Беларусі», у 1972-1986 гг. - рэдактар, старшы рэдактар рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1986 г. - літсупрацоўнік, з 1987 г, - рэдактар аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1982 г.
Узнагароджана медалём.
З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі і эсэ выступае з 1966 г. Аўтар кніг «Гарачы след таленту» (1979), «Слова сапраўднага лад» (1986).
Сяркоў Іван, нарадзіўся 04.01.1929 г. у вёсцы Пакалюбічы Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
З 1948 г. служыў у Савецкай Арміі. Скончыў артылерыйскую навучальню (1952). Пасля дэмабілізацыі (1955) працаваў у гомельскай раённай газеце «Маяк». Завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1962). З 1960 г. - старшы рэдактар, у 1961-1989 гг. - галоўны рэдактар Гомельскай абласной студыі тэлебачання, з 1977 г. адначасова сакратар Гомельскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1970 г.
Узнагароджаны медалём.
Літаратурную працу пачаў у 1962 г. з вершаваных гумарэсак і кароткіх гумарыстычных апавяданняў (часопіс «Вожык»). Аўтар аповесцей «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968), «Мы - хлопцы жывучыя» (1970), «Мы з Санькам - артылерысты...» (1989).