Тарас Валянцін, нарадзіўся 09.02.1930 г. у горадзе Менску ў сям'і мастака.
У час Вялікай Айчыннай вайны трынаццацігадовым хлапчуком пайшоў у партызаны, быў байцом атрада «За Савецкую Радзіму» брыгады імя Чкалава (Баранавіцкае партызанскае злучэнне). З канца 1944 г. працаваў шліфавальшчыкам у Беларускай рэспубліканскай літаграфіі ў Горадні і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе рабочай моладзі. На пачатку 1948 г. вярнуўся ў Менск, быў рознарабочым на Менскай бісквітнай фабрыцы і працягваў навучанне ў вячэрняй школе. У 1955 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда» (1955-1962), у 1964-1968 гг. - рэдактар аддзела прозы часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1961 г.
Узнагароджаны орденам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
Першыя вершы апублікаваў у 1948 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Минска улицы родные» (1959), «Доверие» (1960), «Тревожная земля» (1963), «Две тетради» (1982), «Пазіцыя» (1987) і кніг аповесцей і апавяданняў «Первая молния» (Масква, 1973) «Ни минуты раскаяния» (1947), «Под созвездием Льва» (1978), «Прощальные костры» (выбранае, 1980), «Размышление» (1984), «Дань времени» (выбранае, 1990).
Аўтар літаратурна-драматычнай кампазіцыі і тэкстаў большасці песень для канцэртнай праграмы «Праз усю вайну» ансамбля «Песняры» (кампазітар У.Мулявін, 1984). Апавяданне «Незвычайная смерць» экранізавана на Кіеўскай кінастудыі імя А.Даўжэнкі ў 1974 г. На кінастудыі «Беларусьфільм» па яго сцэнарыях зняты дакументальныя стужкі «Жаўрукі ляцяць на Палессе» (1975), «Праз усю вайну» (на падставе аднайменнай праграмы «Песняроў», з П.Якубовічам, 1985), «Зорка Максіма» (кінаэсэ пра М.Багдановіча, 1980), «Наш Пімен» (да 70-годдзя П.Панчанкі), «Вяртанне ў першы снег» (пра Р.Барадуліна, 1985), некалькі мультыплікацыйных фільмаў. У 1974 г. на Беларускім тэлебачанні пастаўлена тэлевізійная п'еса «Не загасі свечку».
Для тэатра імя Янкі Купалы пераклаў п'есы І.Жаміяка «Мес'е Амількар» (пастаўлена ў 1983) і «Дракон» Я.Шварца (пастаўлена ў 1988).
У яго перакладах на расейскую мову выйшлі кнігі Ў.Нядзведскага «Хлопцы из второго корпуса» (1966), С.Гаўрусёва «Отправление в полет» (Масква, 1967), Г.Г.Маркеса «Осень патриарха» (з К.Шэрманам, Масква, 1978), апублікаваны асобныя пераклады паэзіі Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, У.Хадыкі, Р.Барадуліна, М.Стральцова, прозы К.Чорнага, Я.Брыля, В.Быкава, М.Стральцова, А.Асіпенкі і інш. Лепшыя пераклады беларускай паэзіі змешчаны ў зборніку «Запах меда» (1986). На беларускай мове выступае ў перыядычным друку як паэт, крытык і перакладчык з расейскай мовы.
Тарас Ніна, нарадзілася 15.05.1916 г. у вёсцы Заполле Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучылася ў Наваградскай беларускай гімназіі (1930-1934), затым у Віленскай (скончыла ў 1936). Удзельнічала ў рэвалюцыйным руху. У 1937 г. вярнулася ў родную вёску, у 1938 г. пераехала ў Ліду. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі працавала ў лідскай раённай газеце «Уперад». У 1942-1944 гг. - сувязная лідскай спецгрупы партызанскай брыгады імя С.М.Кірава і партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці. Зноў працавала ў райгазеце «Уперад» (1944-1945), была стыльрэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1945-1946), літработнікам рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі» (1951-1953), літкансультантам пры рэдакцыі газеты «Звязда» ў Менску. У 1957 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1940 г.
Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
Выступаць у друку пачала з 1936 г. (у віленскіх перыядычных выданнях). Аўтар зборнікаў вершаў «На ўсход ідучы...» (1940), «Суніцы» (1946), «Вершы» (1952), «Кветка шчасця» (выбранае, 1958), «Пад белым яварам» (выбранае, 1966), «У тапаліную замець» (вершы і паэма, 1976), «Праметэю прыйду пакланіцца» (1981), «Праз вятры-завеі» (выбранае, 1986). Напісала кніжкі паэзіі для дзяцей «Казкі пра абавязкі» (1955), «Наш бор» (1968). Паасобныя вершы сталі папулярнымі песнямі («Сонца за хмарамі ўранні...»).
Перакладае з расейскай, украінскай, польскай моў.
Тарасаў Кастусь, нарадзіўся 10.10.1940 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.
Пасля заканчэння сярэдняй школы (1957) на працягу трох год працаваў слесарам-зборшчыкам на Менскім механічным заводзе, калектарам у Паўночна-Заходняй геолага-разведачнай экспедыцыі, слесарам-мантажнікам у арганізацыі «Спецэлеватармельбуд». Вучыўся на хімічным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1960-1965). Па заканчэнні інстытута працаваў майстрам шкловарэння на шклозаводзе «Неман», тэхнолагам на віцебскім заводзе «Маналіт». Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Вышэйшая школа» (1967-1975), журналістам па дагаворы і загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі газеты «Знамя юности» (1975-1977), рэдактарам аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Неман» (1977-1983), спецыяльным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва» (1986-1988). З 1990 г. - адказны сакратар часопіса «Спадчына». Сябра СП СССР з 1982 г.