Выбрать главу

Напісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў «Людзям сябе пакажы» (зняты ў 1973), «Я не самотны... Максім Багдановіч» (зняты ў 1982), тэлеспектакля «Зачараваны Валерка» (пастаўлены ў 1976).

Татур Мікола, нарадзіўся 03.03.1919 г. ва ўрочышчы Застар'і Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

З 1931 г. выхоўваўся ў Бабруйскім дзіцячым доме. Скончыў факультэт мовы і літаратуры Менскага настаўніцкага інстытута (1937), да 1941 г. настаўнічаў у гарадах Сянно Віцебскай вобласці і Друскеніках (цяпер Летува). У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. Быў цяжка паранены і доўга лячыўся ў шпіталях. З 1944 г. - рэдактар, загадчык рэдакцыі Дзяржаўнага выдавецтва БССР, выдавецтва «Полымя». У 1966-1970 гг. - дырэктар Беларускага аддзялення Літаратурнага фонду СССР, у 1970-1979 гг. - дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1953 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Літаратурную працу пачаў у 1948 г. Пераклаў з расейскай мовы «Кладоўка сонца» М.Прышвіна (1948), «Школа» А.Гайдара (1948), «Стажары» А.Мусатава (1950), «Паўночная Аўрора» М.Нікіціна (з В.Зубам, 1953), «Журбіны» У.Кочатава (1955), «Далёка ад Масквы» В.Ажаева (з У.Шахаўцом, 1951), «Запіскі майго калегі» Р.Рэлеса (1960), з польскай - «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай (часопіс «Полымя», 1958), «Грамадзяне» К.Брандыса (з Я.Міско, 1958), Я.Івашкевіча, Я.Гушчы і інш.; з украінскай - апавяданні А.Вішні, п'есу В.Шчогалева «Бярозка» (1958). У яго перакладзе выйшлі раманы «Дзень нараджэння» А.Венцлавы (з С.Дзяргаем, 1961), «Трэція пеўні» А.Лупан (1971), «Чародка белых варон» З.Бээкман (1973), «Зялёная зорка» У.Умарбекава (1976), «Скалакі» А.Ірасека (з Я.Васілёнкам, 1974), пастаўлены п'есы «Гросмайстарскі бал» І.Штэмлера, «Дзівак» Н.Хікмета, «Вясёлы тракт» Б.Васільева, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «Пэпі - Доўгая Панчоха» (інсцэніроўка па аповесці А.Ліндгрэн), «Восем лялек і адзін мядзведзік» І.Юргялевіч і інш.

Пераклаў на расейскую мову п'есу І.Козела «Папараць-кветка» (Ленінград, 1960).

Аўтар эпіграм і мінібаек у перыядычным друку.

Таўбін Юлі (таксама Таўбін Юдаль), нарадзіўся 15.09.1911 г. у горадзе Астрагожску Варонежскай вобласці (Расея) у сям'і аптэкара.

У 1921 г. з бацькамі пераехаў у Мсціслаў. Скончыў педагагічны тэхнікум. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (1931-1933). 25.02.1933 г. арыштаваны і 10.08.1933 г. пазасудовым органам прыгавораны да двух гадоў высылкі ў Цюмень. 06.12.1936 г. арыштаваны другі раз (відаць, пасля вяртання ў Менск) і Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР ад 29.10.1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па першай справе - Судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 24.08.1956 г., па другой - Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 29.07.1957 г.

Расстраляны 30.10.1937 г.

Друкавацца пачаў у 1926 г. (часопіс «Маладняк Калініншчыны», газета «Чырвоная змена»). Выйшлі зборнікі паэзіі «Агні» (1930), «Каб жыць, спяваць і не старэць...» (1931), «Тры паэмы» (1931), «Мая другая кніга» (1932), паэма «Таўрыда» (1932), «Выбраныя вершы» (1957) і «Вершы» (1969).

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г.Гейнэ, У.Маякоўскага, а таксама ангельскамоўных паэтаў.

Таўлай Валянцін, нарадзіўся 08.02.1914 г. у горадзе Баранавічах у сям'і чыгуначніка.

Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. У 1927 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1929 г. быў выключаны за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы. Летам 1929 г. арыштаваны польскімі ўладамі, а восенню 1930 г. асуджаны на 2 гады зняволення. У кастрычніку 1930 г. камуністычнае падполле накіравала яго ў БССР. Працаваў у Рэчыцы інструктарам райкама камсамола, у газеце «Звязда», вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У канцы 1932 г. прыняты ў сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і адкліканы ЦК КПЗБ на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь. Сябра цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ (Варшава), супрацоўнік легальнага органа КПЗБ «Беларуская газета» (Вільня), прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў (1933). У 1934 г. зноў арыштаваны і асуджаны да 8 гадоў турмы. У верасні 1939 г. вызвалены з гарадзенскай турмы Чырвонай Арміяй. Працаваў у лідскай раённай газеце «Уперад» (1939-1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння (1942-1944), разведчыкам, кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буравеснік» (студзень - ліпень 1944). У 1944-1945 гг. працаваў адказным сакратаром наваградскай раённай газеты «Звязда», у 1945-1947 гг. - старшы навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Сябра СП СССР з 1941 г.