Выбрать главу

Трыхманенка Віктар, нарадзіўся 10.05.1923 г. у сяле Гуменцы Камянец-Падольскага раёна Хмяльніцкай вобласці (Украіна) у сям'і служачага.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны прызваны ў Савецкую Армію. Скончыў ваенна-авіяцыйную навучальню (1944), як лётчык-знішчальнік удзельнічаў у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па стану здароўя ў канцы 1946 г. быў звольнены з арміі. У 1947-1949 гг. працаваў у БелТА. Быў зноў прызваны ў кадры Ўзброеных Сіл, у 1963 г. скончыў Ваенна-палітычную акадэмію. Многія гады з'яўляўся ўласным карэспандэнтам газеты «Красная звезда» па Беларускай ваеннай акрузе. У 1974-1979 гг. - адказны рэдактар газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины». Сакратар праўлення Саюза журналістаў БССР (1976-1979). Дырэктар Дома літаратара (1980-1981). Сябра СП СССР з 1962 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «За службу Радзіме ва Ўзброеных Сілах СССР» III ступені і медалямі.

Першыя апавяданні надрукаваў у 1956 г. Піша на расейскай мове. У свет выйшлі зборнікі апавяданняў і аповесцей «Сложный вариант» (Масква, 1958), «Звуковой барьер» (Хабараўск, 1959) і «Наташины зорьки» (Хабараўск, 1960), «Человек расправляет крылья» (Масква, 1961), «Знакомый почерк» (Масква, 1963), «Истинная высота» (1965), «Сестра белой березы» (1979), аповесці «Крылья на вырост» (Масква, 1973), «Сергей Грицевец» (1987), раман «Небом крещенные» (Масква, 1969), кніга прозы «Крылья на вырост» (раман, аповесць, апавяданні, 1984).

Тулупава Нэлі (Лісоўская), нарадзілася 01.02.1938 г. у вёсцы Капань Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.

У 1955 г. скончыла Гомельскую медыцынскую навучальню. Працавала фельчарам і акушэркай у медыцынскіх установах Віцебшчыны, дыктарам Віцебскага абласнога тэлебачання. У 1969 г. скончыла завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1962 г. пераехала ў Горкі Магілеўскай вобласці, дзе працавала інструктарам РДК, медсястрой у бальніцы, загадчыкам агульнага сектара райкама камсамола, рэдактарам газеты «Советский студент» Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1974-1978 гг. - загадчык рэпертуарнага аддзела Белдзяржфілармоніі, у 1979-1988 гг. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1990 г. загадчык аддзела літаратуры часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1977 г.

У друку выступае з 1956 г. (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Станцыя надзей» (1971), «Дабрадзея» (вершы і паэмы, 1977), «Босая цішыня» (вершы, паэма, 1980), «Гарывада» (драматычная паэма-бая, 1984), «Сонца ў хату» (выбранае, 1986), «Як павезлі мяне сватаць» (гумарэскі, 1987), «Скажыце ўсім» (лірыка і гумар, 1988), кніжак для дзяцей «Дожджык Мікіта» (вершы, 1979), «Бізоны-рабінзоны» (казкі, 1983), «Пра што думае кіт» (аповесць, 1986).

Перакладае на беларускую мову творы паэтаў народаў СССР.

Турбіна Любоў, нарадзілася 17.07.1942 г. у горадзе Ашхабадзе (Туркменія) у сям'і вучонага.

Пасля заканчэння фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964) - інжынер, аспірант, навуковы супрацоўнік Інстытута генетыкі і цыталогіі АН БССР. У 1980 г. скончыла завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. З 1984 г. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат біялагічных навук. Сябра СП СССР з 1990 г.

З вершамі начала выступаць у друку ў 1974 г. (газета «Знамя юности»). Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў вершаў «Улица детства» (1981), «Город любви» (1988).

На расейскую мову пераклала паасобныя вершы М.Багдановіча, М.Стральцова, Р.Барадуліна, Г.Каржанеўскай, паэтаў Туркменіі і Азербайджана.

Тычына Міхась, нарадзіўся 10.02.1943 г. у пасёлку Ленінскі Алданскага раёна (Якуцкай АССР) у сям'і ссыльнага.

У 1947 г. разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму, у вёску Завалочыцы Глускага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута (1964). Кароткі час працаваў настаўнікам на Піншчыне. Служыў у Савецкай Арміі (1964-1965). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1970) і працуе навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра Беларускага ПЭНцэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1976 г.

Узнагароджаны медалём.

Друкавацца пачаў у 1963 г. з вершаў (берасцейская абласная газета «Заря»), як крытык і літаратуразнавец з 1969 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар манаграфій «Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення» (1973), «Народ и война» (1985), зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў «Змена квадры» (1983), «Час прозы» (1988). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977), калектыўнай працы «Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм» (з В.Жураўлёвым, 1982).