Выбрать главу

Памёр 18.10.1991 г.

Друкавацца пачаў у 1939 г. (часопіс «Настаўніцкія справы» на польскай мове, Вільня). У 1968 г. выйшла паэма «Замкі і людзі», у 1984 г. - «Паэмы», у 1990 г. - вершаваныя аповесці «Дзве вайны».

Перакладаў з расейскай, украінскай, польскай, нямецкай моў. Пераклаў усе буйныя творы А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Гражына», «Крымскія санеты», «Дзяды»), польскамоўныя паэмы і п'есы В.Дуніна-Марцінкевіча, раман Ю.І.Крашэўскага «Хата за вёскай» (1989), паасобныя творы Б.Брэхта, І.Р.Бехера, І.В.Гётэ, М.Канапніцкай, М.Лермантава, У.Маякоўскага, Э.Межэлайціса, М.Някрасава, Б.Пруса, А.Пушкіна, Ю.Славацкага, Г.Сянкевіча, А.Твардоўскага, К.Тэтмаера, І.Франка, Т.Шаўчэнкі, Ф.Шылера, С.Ясеніна.

Бічэль-Загнетава Данута, нарадзілася 01.01.1938 г. у вёсцы Біскупцы Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1957 г. скончыла Наваградскую педагагічную навучальню, а ў 1962 г. - аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. З 1962 г. выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Горадні. З 1982 г. працуе загадчыцай Дома-музея Максіма Багдановіча ў Горадні. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1964 г.

Узнагароджана медалём.

У друку выступае з 1958 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты - гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палессі» (1990). Напісала паэмы і кніжкі вершаў для дзяцей: «Перапёлка» (1968), «Грыб-парасон» (1969), «Дзічка» (1971), «Рыжая палянка» (1971), «Дагані на кані» (1973), «Лузанцы» (1982), «Габрынька і Габрусь» (1985).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984) за зборнік вершаў «Дзе ходзяць басанож».

Блакіт Валянцін (сапр. Болтач Валянцін), нарадзіўся 07.10.1938 г. у вёсцы Вострава Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Скідзельскай сярэдняй школы (1956) быў прыняты на работу літсупрацоўнікам у рэдакцыю шчучынскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». Служыў у Савецкай Арміі (1957-1960). У 1966 г. скончыў завочна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў у шчучынскай, затым у жалудокскай раённай газеце «За Радзіму» (1962), у міжраённай газеце «Савецкая вёска» (Шчучын), у 1963-1967 гг. - адказным сакратаром воранаўскай раённай газеты «Ленинское знамя», у 1967-1968 гг. - уласным карэспандэнтам абласной газеты «Гродзенская праўда». З 1968 г. загадчык сектара друку, радыё і тэлебачання, у 1971-1972 і 1974-1978 гг. - намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гарадзенскага абкома КПБ. У 1974 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве. У 1978-1987 гг. працаваў загадчыкам сектара тэлебачання і радыё ЦК КПБ. З 1987 г. - галоўны рэдактар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1981 г.

Узнагароджаны медалямі.

Вершы і нататкі публікаваў яшчэ ў школьныя гады ў раённай і абласной газетах. Першае апавяданне надрукавана ў 1960 г. (часопіс «Вожык»). Аўтар зборніка гумарыстычных апавяданняў «Вынаходнік» (1974), аповесцей «Час прылёту журавоў» (1979), «Шануй імя сваё» (1981), «Усмешка Фартуны» (1984), «Вырай» (1986), «Аповесці» (1988).

Блатун Сымон, нарадзіўся 10.05.1937 г. у вёсцы Кавака Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959) працаваў літсупрацоўнікам у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», літкансультантам у «Чырвонай змене».

Памёр 03.04.1970 г.

Першы верш надрукаваў у 1956 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборнікаў вершаў «Раўнавага» (1968), «Радаслоўнае дрэва» (1970), «Чысціня» (вершы і пераклады, 1979). У 1971 г. выйшаў зборнік гумарэсак, вершаў і мініяцюр «Калючая шаткаванка».

Перакладаў вершы расейскіх, летувіскіх, латышскіх, армянскіх, узбекскіх паэтаў.

Блісцінаў Міхась, нарадзіўся 19.10.1909 г. у вёсцы Іванкава Масальскага раёна Калужскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.

У 1910 г. з бацькамі пераехаў у Беларусь. Вучыўся ў Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме. У 1928 г. пачаў працаваць вясковым настаўнікам. У 1930-1932 гг. - студэнт Менскага педагагічнага інстытута. У 1933-1936 гг. - адказны сакратар рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Скончыў сцэнарны факультэт Кінаакадэміі ў Маскве (1938). Працаваў рэдактарам на кінастудыі «Савецкая Беларусь». У час Вялікай Айчыннай вайны быў на штабной і палітрабоце ў 53-й арміі Паўночна-Заходняга і Стэпавага франтоў, з 1943 г. - у дывізійнай газеце 2-га Ўкраінскага і Забайкальскага франтоў. У пасляваенны час працаваў ва ўстановах кінематаграфіі ў Менску. Сябра СП СССР з 1939 г.