Хаўратовіч Віктар, нарадзіўся 21.06.1934 г. у вёсцы Стары Сінін Магілеўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1954-1956 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1957 г. скончыў Магілеўскі будаўнічы тэхнікум. У 1957-1958 гг. - майстар на будаўніцтве ў Самаркандзе (Узбекістан). Затым вярнуўся на Магілеўшчыну, дзе працаваў прарабам у саўгасах Горацкага, Краснапольскага, Слаўгарадскага раёнаў, майстрам, старшым інжынерам у будаўнічых арганізацыях Касцюковіч, Крычава, Слаўгарада, Краснаполля, настаўнікам Мхініцкай васьмігадовай школы Краснапольскага раёна, старшым тэхнікам «Белдзяржпраекта» ў Магілеве, у 1966-1968 гг. вучыўся ў Магілеўскім педінстытуце. У 1982-1989 гг. працаваў начальнікам прарабскага ўчастка ў Бялынічах. Сябра СП СССР з 1985 г.
Памёр 17.10.1991 г.
У друку выступаў з 1961 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Сонца на кельме» (1983), «Зямныя кодеры і гукі» (1990).
Хацкевіч Рыгор, нарадзіўся 01.02.1911 г. у вёсцы Ратуцічы Барысаўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Барысаўскі педагагічны тэхнікум (1930). Настаўнічаў у Барысаўскім раёне. Працаваў у чэрвеньскай раённай газеце (1931-1933), настаўнічаў у Крупках. У 1937 г. быў рэпрэсіраваны. Асуджаны на 5 год лагерных работ і сасланы на Поўнач, дзе працаваў у геалагічных партыях. У 1945 г. вярнуўся на Беларусь. Рэабілітаваны ў 1959 г. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школах Барысаўскага і Крупскага раёнаў. Вучыўся завочна ў Менскім педагагічным інстытуце. Каля дваццаці год выкладаў расейскую мову і літаратуру ў Днепрапятроўску.
Памёр 09.08.1979 г.
З вершамі ў друку выступіў у 1930 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка паэзіі «Налівайся, колас» (1932), кніжак вершаў для дзяцей «Наш пяты клас» (1962), «Бяроза на ўзлеску» (1977). Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці «На золку» (1972) і «Хмары над лесам» (1980).
Хвалей Яўген, нарадзіўся 01.01.1947 г. у вёсцы Белькаўшчына Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы (1965) працаваў будаўніком, у рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Настаўнічаў, працаваў у выдавецтве «Народная асвета», Менскім абласным Доме народнай творчасці, на Беларускім радыё і тэлебачанні. З 1985 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1989 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1963 г. (раённая газета «Прамень»). Аўтар кніг паэзіі «Ярына» (калектыўны зборнік «Нашчадкі», 1979), «Прычасце» (1983), «Зялёны прамень аеру» (1987), вершаванай казкі для дзяцей «Насціны гасціны» (1989).
У перыядычным друку выступае і як крытык. Перакладае вершы паэтаў народаў СССР. Укладальнік зборнікаў «Вершы» Якуба Коласа (1987), «Гары, агонь Кастрычніка» (1987) і інш.
Хведаровіч Мікола (сапр. Чарнушэвіч Мікалай), нарадзіўся 06.04.1904 г. у гарадскім пасёлку Капыль Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У часы першай сусветнай вайны як бежанец жыў у Калузе, у дзіцячым прытулку для дзяцей-бежанцаў. Займаўся ў гарадской навучальні. У 1918 г. вярнуўся дамоў і паступіў у Цімкавіцкую гарадскую навучальню. З прыходам немцаў працаваў батраком. Пасля прыходу Чырвонай Арміі (1919) - удзельнік прадатрадаў і часцей асобага прызначэння (ЧОН), адзін з арганізатараў камсамольскіх ячэек на Случчыне. У 1924 г. - камісар ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У 1928 г. скончыў рабфак у Менску, а затым літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1931). Працаваў у часопісах «Партыйны работнік» і «Бальшавік Беларусі» (1929-1932), рэдактарам часопіса «Чырвоная Беларусь» (1932-1933), загадчыкам кабінета маладога аўтара СП БССР (1933-1934), адказным сакратаром часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1934-1937). У жніўні 1938 г. арыштаваны. Некалькі гадоў прабыў на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска. З 1941 г. знаходзіўся ва Усцьвытлагу (Комі АССР). З 1946 г. працаваў у г. Каршы (Узбекістан) загадчыкам планава-эканамічнага аддзела, з 1949 і да моманту рэабілітацыі (1955) жыў у г. Енісейску Краснаярскага краю, з 1956 г. - у Менску. Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 20.08.1982 г.
У друку пачаў выступаць з 1924 г. Выйшлі кніжкі паэзіі «Настроі» (1929), «Рытмы» (1930), «Баявыя песні» (1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Ха» (жарты, пародыі, 1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Пасля навальніцы» (выбранае, 1965), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1974). Для дзяцей выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973), «Светлы дзянёк» (1984).