Выдаў кнігі ўспамінаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976) і аповесць «Споведзь перад будучыняй» (1978).
Пераклаў паэмы А.Пушкіна «Каўказскі нявольнік» (1937), «Бахчысарайскі фантан» (1938), «Казку пра цара Салтана» (часопіс «Полымя рэвалюцыі», 1937), раман А.Фадзеева «Апошні з удэге» (з А.Звонакам, 1935), паэмы З.Багрыцкага «Дума пра Апанаса» (часопіс «Маладняк», 1930) і Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (з А.Звонакам, 1966), раман У.Кочатава «Браты Яршовы» (з І.Грамовічам, 1960), кнігу паэзіі Ш.Пецёфі «Ліра і меч» (1971).
Лаўрэат прэміі вугорскага агенцтва па літаратуры і мастацтву «Артысіуз» (1981) за прапаганду вугорскай паэзіі на беларускай мове.
Хейдарава Людміла, нарадзілася 11.02.1952 г. у пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і рабочага і настаўніцы.
Скончыла факультэт прыкладной матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1974). Працавала старшым інжынерам навукова-даследчага Інстытута электронных вылічальных машын. У 1980-1985 гг. - вядучы канструктар Беларускага навукова-даследчага і праектна-тэхналагічнага інстытута арганізацыі і кіравання будаўніцтвам пры Дзяржбудзе БССР, у 1985-1987 гг. - вядучы інжынер Менскага навукова-даследчага праектнага інстытута. З 1987 г. - старшы рэдактар, з 1990 г. - намеснік галоўнага рэдактара літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1985 г.
Першая падборка вершаў апублікавана ў 1980 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар зборнікаў вершаў «Адведзіны рамонкавай паляны» (1985), «Тваё святло» (1988), драматычнай паэмы «Можна і Нельга» (1987) - усе выйшлі пад псеўданімам Людміла Паўлікава. З 1989 г. выступае пад прозвішчам Хейдарава. У перыядычным друку публікуе апавяданні, навелы.
Перакладае творы расейскіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.
Хомчанка Васіль, нарадзіўся 12.01.1919 г. у вёсцы Канічы Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Менскім хіміка-тэхналагічным тэхнікуме (1934-1935), на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. 05.04.1937 г. быў рэпрэсіраваны. Адбываў тэрмін на Далёкім Усходзё да красавіка 1941 г. у Ніжне-Амурскім лагеры. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР у 1969 г. У 1941-1968 гг. - у Савецкай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях як камандзір мінамётнага ўзвода. У 1944 г. скончыў Буйнакскую пяхотную навучальню, у 1951 г. - Ваенна-юрыдычную акадэмію ў Маскве. У 1972-1985 гг. - загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1960 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Памёр 04.11.1992 г.
У 30-я гады выступіў у друку з вершамі (газета «Піянер Беларусі», часопіс «Іскры Ільіча»). Першыя кнігі апавяданняў выйшлі ва Ўладзіміры на расейскай мове - «Куда исчез гриб» (1957), «Жаворонок» (1958), «Рассказы» (1959). Піша пераважна для дзяцей. У Менску на беларускай мове выдаў зборнікі апавяданняў «Наша вячэра» (1959), «Рукавіцы генерала Даватара» (1960), «Аднойчы майскім днём» (1962), «Суседзі» (1962), «Чырвоны мак» (1964), «Верны рыцар» (1965), «Тваё чэснае слова» (1965), «Зімовы дождж» (1968), «Сустрэча з цудам» (1969), «Паляванне на львоў» (гумарэскі, 1970), «Цёплая зямля» (1971), «Я ўжо вялікі» (1972), «Уначы пад сонцам» (1974), «Паклон» (1976), «Лёгкая рука» (гумарэскі, апавяданні, 1979), аповесці «Чырвоныя хвалі» (1968), «Я прынёс вам радасць» (1981), «Пры апазнанні - затрымаць» (1983), кнігі аповесцей і апавяданняў «Бацькава шабля» (1982), «Чэкістам стала вядома» (1985), «Стрэл у акно» (1988) і раман «Вяртанне ў агонь» (1978). У 1975 г. выдаў «Выбранае», у 1979 г. - Выбраныя творы ў 2-х тамах.
Аўтар сцэнарыяў мастацкага фільма «Ветразі майго дзяцінства» (пастаўлены ў 1982) і тэлевізійнага «Незнаемая песня» (пастаўлены ў 1983). Пераклаў на беларускую мову казку Р.Кіплінга «Чаму ў слоніка доўгі нос» (1974).
Хромчанка Кузьма, нарадзіўся 25.10.1929 г. у пасёлку Калінаўка Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1951). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дзятлаўскай сярэдняй школе (Гарадзенскай вобласці, 1951-1953). Вучыўся ў аспірантуры (1953-1956), працаваў навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1956-1966). З 1966 г. на выкладчыцкай рабоце ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дацэнт кафедры беларускай літаратуры. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1983 г.