Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 01.07.1984 г.
З артыкуламі ў рэспубліканскім друку пачаў выступаць у 1937 г. Выдаў зборнікі апавяданняў, фельетонаў, аднаактовак і сцэнак «Крытычны момант» (1954), «Індык на курорце» (1960), «Рука руку мые» (1964), «Чаму ж не смяяцца?» (1969), «Стрэляны Вераб'ёў» (1976), дакументальную аповесць «Фарбамі гневу» (1975, дапоўненае выданне ў 1978).
Чамярыцкі Вячаслаў, нарадзіўся 22.07.1936 г. у вёсцы Рабкі Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працаваў настаўнікам Слабадской сямігадовай школы Вілейскага раёна (1958-1959), карэктарам маладэчанскай абласной газеты «Чырвоны сцяг» (1959), інспектарам аддзела народнай асветы Маладэчанскага раёна (1959-1962). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1965). З 1965 г. - навуковы супрацоўнік інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1983 г.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Друкавацца пачаў з вершаў у 1952 г. (наваградская раённая газета «Новае жыццё»). З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, даследаваннямі па старажытнай літаратуры выступае з 1959 г. Аўтар манаграфіі «Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў» (1969), брашуры «Беларускі тытан эпохі Адраджэння» (1990), аўтар кнігі «Францыск Скарына» (з Г.Галенчанкам і В.Шматавым, на французскай мове - 1979 і на ангельскай - 1980, Парыж), напісаў даклад на IX Міжнародны з'езд славістаў «Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (з А.Коршунавым, А.Лойкам, 1982), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. I, 1968), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977), «Истории всемирной литературы» (т. 3, 1985; т. 4, 1987), падручніка для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд» (1985).
Перакладае са старажытнарускай і старабеларускай моў. Прымаў удзел у выданні «Поўнага збору рускіх летапісаў» (т. 32 і 35), складальнік зборніка «Слова пра паход Ігаравы» (1986).
Чапега Ўладзімір, нарадзіўся 18.06.1939 г. у вёсцы Сялец Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1961), Данецкую вышэйшую ваенна-палітычную навучальню інжынерных войск і войск сувязі (экстэрнам, 1973). Працаваў выкладчыкам нямецкай мовы ў Менскім дзяржпедінстытуце замежных моў (1961-1962). У 1962-1988 гг. служыў у Савецкай Арміі. Сябра СП СССР з 1982 г.
Узнагароджаны медалямі.
У друку выступае з 1971 г. Перакладае з нямецкай мовы на беларускую і з беларускай на нямецкую. На нямецкую мову пераклаў раман І.Мележа «Людзі на балоце» (з Г.Чапега і Г.Бярэзкам, 1974), аповесці В.Быкава «Абеліск» (1975) і «Здрада» (1978), А.Кудраўца «Раданіца» (1983, усе з Г.Чапега і Н.Рандавым), кнігі В.Віткі «Ладачкі-ладкі» (1980), У.Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» (1983), асобныя творы Цёткі, Я.Брыля, К.Крапівы, П.Галавача, М.Зарэцкага, В.Каваля, Л.Калюгі, Я.Нёманскага для анталогіі беларускага апавядання «Буслы над балотамі» (1971), Я.Коласа, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага, Л.Калюгі, Я.Скрыгана для анталогіі класічнага беларускага апавядання «Малады дубок» (1987), кнігі для дзяцей у апрацоўцы А.Якімовіча «Лісіца-хітрыца» (1980) і «Залатая яблынька» (1981), «Сядзіць мядзведзь на калодзе» (1980), «Кот Максім» (1981), «Андрэй за ўсіх мудрэй» і «Беларускія народныя казкі» (1986, усе з Г.Чапега). З расейскай на нямецкую мову пераклаў кнігу В.Лазарава «Старыя італьянскія майстры» (з Г.Чапега, Н.Рандавым, Берлін, 1990).
На беларускую мову з нямецкай пераклаў раманы Г.Ота «Пара ў дарогу, буслы» (з Я.Семяжонам, 1982). А.Аменды «Апасіяната» (1983), Л.Франка «Ісусавы вучні» (1989, усе з Г.Чапега), асобныя творы Ш.Гермліна, Ш.Цвэйга.
Чаргінец Мікалай, нарадзіўся 17.10.1937 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.
Скончыў Вышэйшую школу трэнераў Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры (1963). Быў сябрам футбольнай каманды майстроў «Спартак» (Менск), некаторых іншых каманд краіны. Працаваў інструктарам фізічнай культуры на Менскім прыборабудаўнічым заводзе. У 1964 г. накіраваны на работу ў органы міліцыі - у крымінальны вышук. У 1967 г. скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1969 г. - намеснік начальніка Першамайскага, з 1973 г. - начальнік Ленінскага раённага аддзела ўнутраных спраў Менска. З 1975 г. - намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Менскага гарвыканкама, з 1981 г. - начальнік Упраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў БССР. У 1984-1987 гг. быў у Афганістане, удзельнічаў у баявых аперацыях, быў паранены. З 1987 г. - начальнік Беларускага ўпраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС БССР. Генерал-маёр міліцыі. Кандыдат юрыдычных навук. Сябра СП СССР з 1978 г.