Выбрать главу

Заслужаны работнік Міністэрства ўнутраных спраў СССР (1977).

Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, вышэйшым афганскім ордэнам Чырвоны Сцяг, савецкімі і афганскімі медалямі.

У 1963 г. пачаў выступаць у друку як журналіст. Піша на расейскай мове. Выдаў кнігі прозы «Четвертый след» (1973), «Тревожная служба» (1975), «Следствие продолжается» (1977), «Финал Краба» (1979), «Приказ № 1» (1985), «Служба - дни и ночи» (1981), «Следствие продолжается. Финал Краба» (1986), раманы «Вам - задание» (1982), «За секунду до выстрела» (1983), «Тайна Черных Гор» (1987), «Сыновья» (1989).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева (1990) за раман «Сыновья».

Чарказян Ганад, нарадзіўся 18.10.1946 г. у сяле Ерасхаун Акцембяранскага раёна (Арменія).

Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў тэхнічнай навучальні № 1 у Ерэване (1967-1968). Працаваў токарам на сударамонтным заводзе ў Туапсе Краснадарскага краю (1968-1969). Служыў у Савецкай Арміі (1969-1971). Працаваў выхавацелем прафесійна-тэхнічнай навучальні № 27 у Эчміадзіне (1971-1973, Арменія). З 1973 г. жыве і працуе ў Менску: старшы тэхнік у Беларускім дарожным навукова-даследчым інстытуце, інжынер-сметчык рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 10, начальнік участка рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 15. Завочна скончыў Ерэванскі індустрыяльны тэхнікум (1974), будаўніча-педагагічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1984). З чэрвеня 1982 г. - інжынер-тэхнолаг менскага ўчастка Слонімскай фабрыкі «Гасцінічная мэбля». Сябра СП СССР з 1988 г.

Першы верш апублікаваў у 1963 г. (часопіс «Пионер», Ерэван). У друку Беларусі выступае з 1977 г. Піша на курдскай і армянскай мовах. У Менску ў перакладзе на расейскую мову выйшлі зборнікі паэзіі «Прочность» (з армянскай, 1980), «Цвет доброты» (з курдскай, 1986), «Пространство и время» (з курдскай, 1990).

Чаркасаў Анатоль, нарадзіўся 28.11.1928 г. у горадзе Светлагорску Кіраваградскай вобласці (Украіна) у сям'і служачага.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў Паволжа. У 1943-1944 гг. працаваў у ваеннай установе. У час выбуху склада боепрыпасаў быў цяжка паранены. У 1951 г. скончыў Менскі бібліятэчны тэхнікум, у 1956 г. - аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў карэктарам, рэдактарам выдавецтва «Беларусь». З 1972 г. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», з 1981 г. - выдавецтва «Юнацтва», у 1986-1989 гг. - загадчык рэдакцыі гэтага выдавецтва. Сябра СП СССР з 1969 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.

Літаратурнай працай займаецца з 1957 г. Выйшлі кніжкі нарысаў «Балотны скарб» (1959), «Цудоўны камень» (1963), «Старонкі слаўнага летапісу» (1964), «Магутны твой зямляк» (1969), «Волаты на дарогах» (1974).

Аўтар сцэнарыяў дакументальнага фільма «Мазырскі ліст» (зняты ў 1967) і навукова-папулярнага «Наш завод - наш дом» (зняты ў 1968).

Пераклаў творы расейскіх і ўкраінскіх дзіцячых пісьменнікаў на беларускую мову, на расейскую мову - апавяданні ўкраінскіх празаікаў, балгарскія, чэшскія казкі.

Чарнушэвіч Нічыпар (таксама Чарнышэвіч Нічыпар), нарадзіўся 14.11.1900 г. у гарадскім пасёлку Капыль Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1917-1920 гг. настаўнічаў у Траянаўскай земскай народнай навучальні на Капыльшчыне. У 1920-1922 гг. служыў у Чырвонай Арміі. У 1928 г. скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучобу сумяшчаў з працай у газеце «Савецкая Беларусь» (1924-1929). Сябра літаратурнага аб'яднання «Маладняк». У 1929-1930 гг. - слухач Вышэйшых навукова-педагагічных курсаў пры 2-м Маскоўскім універсітэце. Улетку 1930 г. быў арыштаваны. 10.04.1931 г. прыгавораны да 5 гадоў ссылкі ў г. Вятку. У 1931-1935 гг. - супрацоўнік газеты «Вятская правда» (пазней - «Кировская правда»). У жніўні 1935 г. абвінавачванні былі зняты. У 1935-1941 гг. выкладаў гісторыю ў сярэдніх школах № 379, 395 Масквы. У кастрычніку 1941 г. эвакуіраваўся ў Цюмень, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдакцыі газеты «Тюменская правда». З 1947 г. жыў у Менску.

Працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, начальнікам планавага аддзела Белсельгасзабеспячэння, выкладчыкам гісторыі ў Менскай афіцэрскай школе, старшым інжынерам трэста папяровай прамысловасці, на Беларускім тэлебачанні.

Канчаткова рэабілітаваны 19.09.1960 г. Сябра СП СССР з 1957 г.