Выбрать главу

У 1959 г. скончыў агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім. У 1964 г. скончыў філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам у ліцэі ў Беластоку, адначасова быў лектарам расейскай мовы ў Інжынерскай вышэйшай школе. З 1969 г. - асістэнт філіяла Варшаўскага ўніверсітэта на гуманітарным факультэце ў Беластоку. З 1985 г. - дацэнт кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. З 1988 г. старшыня Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа». Доктар гуманітарных навук. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1970 г.

Узнагароджаны Залатым крыжам заслугі і медалямі.

Дэбютаваў у друку на беларускай мове ў 1957 г. вершам (газета «Ніва», Беласток). Піша на беларускай і польскай мовах. Аўтар зборнікаў вершаў «Іду» (Беласток, 1969), «Святая студня» (Беласток, 1970), «Неспакой» (Беласток, 1977), «Светлы міг» (Менск, 1989). У 1988 г. выйшла білінгуальнае выданне (на беларускай і польскай мовах) кнігі вершаў «Сонечная вязь» (Ольштын, 1988). У кнізе «На парозе свету» (Варшава, 1983) побач з перакладамі твораў паэта на польскую мову змешчаны вершы, напісаныя ім па-польску.

Працуе таксама як крытык і літаратуразнавец. Напісаў манаграфію «Афанасій Фет: Гісторыка-літаратурнае даследаванне» (Беласток, 1984). Склаў для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў анталогію «Русская поэзия. 1842-1895» (Варшава, 1984). Сааўтар падручніка беларускай мовы для 7 класа беларускіх школ «Крыніцы» (з Л.Раманюк, Варшава, 1990).

Пераклаў з польскай мовы на беларускую асобныя творы Я.Івашкевіча, Т.Ружэвіча, В.Шымборскай, Ч.Мілаша, С.Грахов'яка, С.Бараньчака і інш. На полькую мову пераклаў асобныя творы А.Разанава, Г.Марчука.

Чэрня Хведар, нарадзіўся 10.06.1939 г. у вёсцы Лінкі Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Вішнеўскай сярэдняй школы (1957) працаваў загадчыкам Вішнеўскага сельскага клуба. Вучыўся ў тэхнічнай навучальні № 9 пры Менскім аўтазаводзе і працаваў фармоўшчыкам-ліцейшчыкам (1958). Служыў у Савецкай Арміі (1959-1961). Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966) і Менскую вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ (1969). Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё (1966-1967), у выдавецтве «Беларусь» (1969-1971). У 1972-1983 гг. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1970 г.

Памёр 16.03.1983 г.

Выступаць у друку пачаў у 1955 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Добрай раніцы, людзі!» (1966), «Дабрэе свет» (вершы і паэма, 1968), «Размова з памяццю» (паэма, 1970), «Сады юнацтва» (вершы і паэмы, 1972), «Настрой» (19741, «Ваколіца» (1976), «Ажаніся, не журыся...» (гумарыстычныя вершы, 1979), «Святло рамонкаў» (1981), «На скрыжаваннях памяці» (вершы і паэмы, 1982), «Музыка дарог» (1984), кніжкі для дзяцей «Песня Сабіны» (паэма, 1971), «На сонечнай вуліцы» (1973).

Ш

Шабан Яўген, нарадзіўся 29.12.1936 г. у вёсцы Калодзіна Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1958). Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я.Коласа ў Віцебску (1958-1965), рэжысёрам студыі Беларускага тэлебачання (1965-1976). У 1976-1980 гг. - загадчык літаратурнай часткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы.

Памёр 30.07.1982 г.

Літаратурную працу пачаў у 1960 г. Выдаў зборнікі вершаў «Нарачанка» (1969), «Чырвоныя сумёты» (1977). Аўтар п'ес «Ракіроўка» (1975), «Прад'явіце пропуск» (1975), «Сіні снег» (пастаўлена ў 1975), «Шрамы» (апублікавана і пастаўлена ў 1977), «Чалавек з легенды» (з І.Ражковым, апублікавана і пастаўлена ў 1978), «Востраў Алены» (апублікавана і пастаўлена ў 1982), лібрэта тэлеоперы «Ранак» (пастаўлена ў 1968), сцэнарыя тэлефільма «І смех, і бяда» (пастаўдены ў 1973), тэлеспёктакля «Вячэра» (пастаўлены ў 1980).

Перакладаў на беларускую мову паэзію народаў СССР, творы расейскай драматургіі.

Шавель Кастусь, нарадзіўся 05.06.1912 г. у вёсцы Кухцічы Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Менскі педагагічны інстытут (1938). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Негарэльскай сярэдняй школе. Пасля вызвалення Беларусі (1944) быў прызваны ў Савецкую Армію. З 1956 г. працаваў бухгалтарам у калгасе імя Ільіча Ўздзенскага раёна.

Памёр 19.08.1987 г.

Пачаў друкавацца ў 1927 г. (часопіс «Беларускі піянер»). Аўтар кніг паэзіі «Мой кут салаўіны» (1967), «Музыка нівы» (1977), «Пахне бяроста» (1978), «Цалуйце хлеб» (1981), «Асеннія пракосы» (1983).

Шальманаў Іван, нарадзіўся 05.09.1936 г. у вёсцы Каромка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.