Швед Віктар, нарадзіўся 23.03.1925 г. у вёсцы Мора Гайнаўскага павета Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.
У 1944-1945 гг. вучыўся ў Гайнаўскай беларускай гімназіі, у 1946 г. скончыў беларускі ліцэй у Бельску-Падляшскім. У 1951 г. скончыў Акадэмію палітычных навук у Варшаве, у 1955 г. - аддзяленне журналістыкі, а ў 1969 г. - аддзяленне беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. З 1948 да 1957 г. працаваў рэдактарам у Інстытуце грамадскіх навук у Варшаве. У 1957 г. быў публіцыстам газеты «Ніва» (Беласток). З 1958 да 1960 г. працаваў сакратаром Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку. З 1960 да 1988 г. - старшы рэдактар у выдавецтве «Ксёнжка і ведза» ў Варшаве. З 1988 г. жыве ў Беластоку. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1977 г. Выбіраўся старшынёй Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа», з 1988 г. - намеснік старшыні гэтага аб'яднання.
Узнагароджаны ордэнамі Кавалерскі Крыж ордэна Адраджэння Польшчы, Залатым Крыжам заслугі і Сярэбраным Крыжам заслугі.
Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1971).
Дэбютаваў у друку ў 1957 г. вершам («Ніва», Беласток). Аўтар зборнікаў паэзіі «Жыццёвыя сцежкі» (Беласток, 1967), «Дзяцінства прыстань» (Беласток, 1975), «Дружба» (для дзяцей, Менск, 1976), «Мая зялёная Зубровія» (Менск, 1990). Цыкл вершаў для дзяцей змешчаны ў падручніку для беларускіх дапаўняльных школ «Чытанка» (Нью-Ёрк, 1968). Дзіцячыя вершы змешчаны таксама ў падручніках для пачатковых беларускіх школ у Польшчы. Сааўтар (з А.Баршчэўскім) падручнікаў для 8 класа пачатковых беларускіх школ «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974).
Шведзік Генадзь, нарадзіўся 04.03.1914 г. у горадзе Бабруйску ў сям'і служачага.
Працаваў на новабудоўлях Бірабіджана. У 1929 г. прыехаў у Менск і паступіў на рабфак. Скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1937). Адначасова працаваў у газеце «Юнгер арбайтэр» («Малады рабочы»), потым загадчыкам аддзела ў газеце «Піянер Беларусі». У 1938-1940 гг. выкладаў расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў Менску, пасля - навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры АН БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі, быў кулямётчыкам.
Загінуў 11.10.1942 г. пад Бранскам. Упершыню выступіў у друку з вершамі ў 1929 г. Пісаў на мове ідыш. Выдаў зборнікі паэзіі «Старт» (1934), паэму для дзяцей «Наш Джым» (1935) і зборнік «Вершы» (1939). У 1962 г. у перакладзе на беларускую мову апублікаваны зборнік «Лірыка», у 1989 г. - кніга вершаў і лістоў «Матчына сляза».
Шкраба Рыгор, нарадзіўся 17.03.1919 г. у вёсцы Краснадворцы Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Старобінскай дзесяцігодкі ў 1939 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Свярдлоўск. Там паступіў на трэці курс педінстытута. Цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымусілі кінуць вучобу. Працаваў выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры ў Слабода-Турынскай сярэдняй школе Свярдлоўскай вобласці. У 1944 г. аднавіў вучобу ва ўніверсітэце (скончыў у 1946). Заняткі спалучаў з працай - быў літаратурным кансультантам у рэдакцыі газеты «Звязда». З 1946 па 1957 гг. быў літсупрацоўнікам, выконваючым абавязкі адказнага сакратара, загадчыкам аддзела літаратуры ў газеце «Літаратура і мастацтва». З 1957 г. - у рэдакцыі часопіса «Полымя», працаваў літсупрацоўнікам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства, з 1959 па 1979 гг. - рэдактар гэтага аддзела. Сябра СП СССР з 1948 г.
Узнагароджаны медалём.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978).
Першыя рэцэнзіі і артыкулы надрукаваў у 1940 г. (часопіс «Савецкая школа», рэспубліканскія газеты). Стала з літаратуразнаўчымі і крытычнымі працамі выступае з 1945 г. Выдаў кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Сіла слова» (1958), «Характар, стыль, дэталь» (1965), «Літаратура і мова» (1969), «Энергія слова» (1988). Выходзілі выбраныя творы: «Скарбы» (1973) і «Моваю вобразаў» (1989). У сааўтарстве з І.Шкраба выдаў тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак «Крынічнае слова» (1987).
Выступае ў друку па праблемах выкладання беларускай літаратуры ў школе. Напісаў падручнікі «Беларуская савецкая літаратура» для 10 класа (да 1990 г. - 14 выданняў) і «Беларуская савецкая літаратура» для 11 класа (да 1989 г. - 12 выданняў). На рэспубліканскім конкурсе ў 1972 г. за падручнік па беларускай літаратуры аўтару прысуджана першая прэмія. Сааўтар хрэстаматыі «Родная літаратура» для 5 класа (да 1990 г. - 8 выданняў).