Выбрать главу

У перыядычных выданнях 30-х гадоў і калектыўных зборніках змешчаны шэраг артыкулаў пра творчасць А.Пушкіна, Я.Купалы, Я.Коласа, А.Александровіча, М.Лынькова, Я.Маўра, С.Баранавых, І.Харыка, М.Кульбака і іншых пісьменнікаў.

Броўка Пятрусь, нарадзіўся 25.06.1905 г. у вёсцы Пуцілкавічы Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Працоўны шлях пачаў у 1918 г. з перапісчыка ў Вяліка-Долецкім валасным камісарыяце. Быў справаводам валвыканкома, рахункаводам у саўгасе, старшынёй сельсавета, загадчыкам аддзела ў Полацкім акруговым камітэце камсамола. У 1927-1928 гг. - адказны сакратар акруговай газеты «Чырвоная Полаччына». У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ў 1940 г. прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Савецкую Армію. Быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партызанскім друку. З 1943 г. - адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1945 г. - зноў галоўны рэдактар часопіса «Полымя». У 1948 г. абраны старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1959 г. як дэлегат ад БССР удзельнічаў у рабоце XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1967-1980 гг. - галоўны рэдактар Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, сакратаром праўлення СП СССР. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Герой Сацыялістычнай Працы (1972). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і многімі медалямі.

Народны паэт БССР (1962), заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1975). Ганаровы грамадзянін г. Менска (1980).

Памёр 24.03.1980 г.

Друкавацца пачаў у 1926 г. у газеце «Чырвоная Полаччына». Аўтар кніжак паэзіі «Гады як шторм» (1930), «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» (1931), «Паэзія» (1932), «Так пачыналася маладосць» (1934), «Прыход героя» (1935), «Вясна радзімы» (1937), «Кацярына» (1938, паэма), «Вершы і паэмы» (1940), «Шляхамі баравымі» (1940), «Насустрач сонцу» (1943, Масква), «У роднай хаце» (1946), «Вершы і паэмы» (1946), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «Па сакрэту» (1961, сатыра і гумар), «А дні ідуць...» (1961), «Высокія хвалі» (1962), «Вершы і паэмы» (1966), «Заўсёды з Леніным» (1967, паэма), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «Ты - мая пчолка» (1972), «Лясы наддзвінскія» (1973, паэма), «І ўдзень і ўночы» (1974), «Што сэрца праспявала» (1979), «Маладосць і сталасць» (1980), «Савецкі чалавек» (1982), «Мая Радзіма» (1985).

Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі «Маладым сябрам» (1961), «Наш музей» (1962, паэма), аповесць «Донька-Даніэль» (1982).

Неаднаразова выдаваліся кніжкі Выбраных твораў (1934, 1945, 1947, 1948, 1951), выходзілі Зборы твораў у 2-х (1957, 1969), у 4-х (1965-1966), у 7-мі (1975-1978), у 9 тамах (1987-1992).

Выдаў аповесць «Каландры» (1931, экранізавана ў 1934), нарысы «Ураджай» (з П.Глебкам, 1933), «Месяц у Чэхаславакіі» (1952), раман «Калі зліваюцца рэкі» (1957), зборнік апавяданняў «Разам з камісарам» (1974). Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны» (1940, пастаўлена ў 1939), «Алеся» («Дзяўчына з Палесся», з Я.Рамановічам, пастаўлена ў 1944, урыўкі апублікаваны ў 1947).

Выступаў і як перакладчык на беларускую мову твораў Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, П.Тычыны, М.Бажана, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф'ева, У.Бранеўскага, Дж.Байрана і іншых паэтаў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1947) за цыкл вершаў і паэму «Хлеб», Дзяржаўнай прэміі СССР (1951) за зборнік вершаў «Дорога жизни», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1959) за раман «Калі зліваюцца рэкі», Ленінскай прэміі (1962) за кнігу вершаў «А дні ідуць...», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1970) за паэму «Заўсёды з Леніным» і кнігу вершаў «Між чырвоных рабін», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел устварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Брыль Янка, нарадзіўся 04.08.1917 г. у горадзе Адэсе (Украіна) у сям'і чыгуначніка.

У 1922 г. разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму ў Заходнюю Беларусь (вёска Загора Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці). Скончыў польскую сямігодку (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У сакавіку 1939 г. прызваны ў польскую армію. Служыў у марской пяхоце. У верасні 1939 г. пад Гдыняй трапіў у нямецкі палон, восенню 1941 г. уцёк на радзіму. З кастрычніка 1942 г. - сувязны партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а з сакавіка да ліпеня 1944 г. - партызан-разведчык брыгады «Камсамолец» і рэдактар газеты «Сцяг свабоды» (орган Мірскага падпольнага райкома партыі) і сатырычнага антыфашысцкага лістка «Партызанскае жыгала». З кастрычніка 1944 г. жыве ў Менску. Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісах «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзяржаўным выдавецтве БССР. У 1966-1971 гг. - сакратар праўлення СП БССР. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963-1967, 1980-1985). Старшыня Беларускага аддзялення таварыства «СССР - Канада» (1967-1990). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1945 г.