Выбрать главу

Выступаў як перакладчык на мову ідыш.

Юрчанка Георгі, нарадзіўся 31.01.1928 г. у вёсцы Кудрычы Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1951 г. скончыў Магілеўскі настаўніцкі інстытут. Выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў школах Дзятлаўскага і Воранаўскага раёнаў на Гарадзеншчыне. У 1959 г. завочна скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута і паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1961 г. - рэдактар, у 1962-1988 гг. загадчык рэдакцыі літаратуры, мовы і мастацтва, затым рэдакцыі філалогіі ў выдавецтве «Навука і тэхніка». Сябра СП СССР з 1975 г.

Узнагароджаны медалём.

Друкавацца пачаў з 1959 г. (воранаўская раённая газета «Путь социализма».) Выйшлі кнігі літаратурных пародый і эпіграм «Распрэжаны Пегас» (1965), «Вярхом на вожыку» (1968), «Немеладычныя мелодыі» (1974), «Парнаскія ўхабы» (1979), «У натхнёнай паграбеньцы» (1983), «Негабляваная пегасня» (1989), навукова-папулярная праца «На мсціслаўскай зямлі ўзгадаваны: Нарыс жыцця і навуковай дзейнасці П.П.Кабекі» (1986), дыялектныя слоўнікі «Дыялектны слоўнік: З гаворак Мсціслаўшчыны» (1966), «Народная сінаніміка» (1969), збор дыялектнай фразеалогіі Мсціслаўшчыны ў 3-х кнігах - «І коціцца і валіцца» (1972), «І сячэ і паліць» (1974), «Слова за слова» (1977), «Народнае вытворнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны» ў 3-х кнігах (1981, 1983, 1985), «Сучаснае народнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны» (1988).

Юрэвіч Уладзімір, нарадзіўся 22.07.1916 г. у вёсцы Дуброва Смалявіцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

Скончыў Менскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум (1934), будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1941). Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1939-1941). У 4932-1947 гг. працаваў дыктарам Беларускага радыё (у гады Вялікай Айчыннай вайны - радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», Масква). У пасляваенныя гады загадваў аддзелам літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё (1948-1951), быў галоўным рэдактарам мастацкага радыёвяшчання (1952-1954). Працаваў уласным карэспандэнтам «Литературной газеты» па Беларускай ССР (1954-1959), адказным сакратаром часопіса «Маладосць» (1959-1970), дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы (1970-1972), палітычным аглядальнікам Беларускага тэлебачання (1972-1974), рэдактарам аддзела, сябрам рэдкалегіі часопіса «Коммунист Белоруссии» (1974-1979), літкансультантам СП БССР (1979-1985). З 1985 г. - адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР. Сябра СП СССР з 1953 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1976).

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1942 г. з публіцыстычных і літаратуразнаўчых выступленняў на радыё. Друкуецца з 1949 г. Выйшлі кнігі літаратурнай крытыкі «Слова і вобраз» (1961), «Шматгалоссе жыцця» (1965), «Погляд» (1974), «Абрысы» (выбранае, 1976), «Янка Купала: Нарыс жыцця і творчасці» (1983), «Выбранае» (1987), брашура «Янка Купала - наш сучаснік» (1972).

Выдаў кніжкі апавяданняў для дзяцей «Тараскавы турботы» (1966), «Дзе начуе сонца» (1970), «Дожджык на колах» (1977), «Нястрашны страх» (1986), публіцыстычныя нарысы: «Першая неабходнасць» (1963), «Мінск. Учора, сёння, заўтра» (1982), «Синьоока сестра Украины» (Кіеў, 1985). У яго літаратурным запісе выйшла дакументальная аповесць М.Новікава «Пять шагов жизни» (1970).

На Беларускім радыё распачаў у 1963 г. штомесячную перадачу для школьнікаў - радыёклуб «Жывое слова», нязменным старшынёй якога з'яўляецца.

Юхнавец Янка, нарадзіўся 03.11.1921 г. у вёсцы Забродак Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

З прыходам на Беларусь немцаў быў арыштаваны СД, летам 1944 г. вывезены ў Германію. Атрымаў юрыдычную адукацыю ў Вольным універсітэце ў Мюнхене па спецыяльнасці заходнеэўрапейскае права (1949). З 1949 г. жыве ў ЗША.

Вершы і прозу пачаў пісаць у эміграцыі (першыя творы надрукаваны ў эмігранцкіх часопісах «Шыпшына» і «Сакавік», 1948). Аўтар зборнікаў паэзіі «Шорах моўкнасці» (Нью-Ёрк, 1955), «Новая Элэгія (Баварыя, 1964), «Калюмбы» (Нью-Ёрк, 1967), кнігі выбранай паэзіі «Творы» (Нью-Ёрк, 1989-1990).

Я

Ягоўдзік Уладзімір (таксама Ягаўдзік Уладзімір), нарадзіўся 14.02.1956 г. у вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах, у 1978 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1978-1982 гг. працаваў карэспандэнтам Берасцейскай абласной газеты «Заря», рэдактарам Берасцейскай абласной студыі тэлебачання. З 1982 г. жыве ў Менску. У 1982-1990 гг. - супрацоўнік штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 1990 г. - рэдактар газеты «Дзеці і мы». Сябра СП СССР з 1985 г.