Дэбютаваў у друку вершамі ў 1972 г. (газета «Гродзенская праўда»). Выдаў кнігі прозы «Стронга» (1984), «Вочы Начніцы» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989), «Прыручэнне птушкі» (1989), зборнік казак «Сонейка, свяці!» (1988). Аўтар мастацкага альбома «Алена Кіш» (1990).
Напісаў для дзяцей п'есы, што ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на Беларускім радыё і тэлебачанні, «Залатое зярнятка» (пастаўлена ў 1983), «Сонейка, свяці!» (надрукавана і пастаўлена ў 1985), «Пякла баба калачы» (з А.Шкілёнкам, пастаўлена ў 1987), «Сакрэты Вогніка» (пастаўлена ў 1987), «Усміхніся, прынцэса...» (надрукавана і пастаўлена ў 1990).
Выступае ў перыядычным друку як літаратурны крытык, а таксама з мастацтвазнаўчымі артыкуламі пра самадзейных і прафесійных мастакоў рэспублікі.
Пераклаў з расейскай і ўкраінскай моў асобныя творы Л.Лявонава, В.Астаф'ева, Ю.Бондарава, М.Віграноўскага.
Ядвігін Ш. (сапр. Лявіцкі Антон), нарадзіўся 04.01.1869 г. у былым маёнтку Добасна (цяпер у складзе вёскі Добасна) Кіраўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і ўпраўляючага маёнткам.
Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, у 1890 г. за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Сядзеў у Бутырскай турме. Вярнуўся на Беларусь, працаваў памочнікам правізара ў Радашковічах, потым у краме-кааперацыі. Па стану здароўя пакінуў працу і пераехаў з сям'ёю ў бацькоўскі фальварак Карпілаўка, што пад Радашковічамі, дзе і правёў большую частку жыцця. У 1909-1910 гг. жыў у Вільні, працаваў некаторы час сакратаром, затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». У 1913 г. - у рэдакцыі газеты «Беларус». З лістапада 1913 г. да студзеня 1915 г. - тэхнічны рэдактар беларускага сельскагаспадарчага часопіса «Саха» і беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» ў Менску.
Памёр 24.02.1922 г. у Вільні.
Літаратурную дзейнасць пачаў у турме: пераклаў на беларускую мову апавяданне Ў.Гаршына «Сігнал» (выдадзена ў Маскве ў 1891). У 1892 г. напісаў камедыю «Злодзей» (пастаноўка забаронена паліцыяй, рукапіс загінуў). Першае апавяданне на беларускай мове «Суд» апублікаваў у 1906 г. (газета «Наша доля»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Бярозка» (Вільня, 1912, 1923), «Васількі» (Вільня, 1914), «Апавяданні» (1940, 1946), падарожнага нарыса «Дзед Завала» (Вільня, 1910), кнігі «Успаміны» (Вільня, 1921), няскончанага рамана «Золата», шэрагу рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў. У 1976 г. выйшлі Выбраныя творы.
Якавенка Васіль, нарадзіўся 05.05.1936 г. у вёсцы Пажыхар Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1956 г. скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці геолаг. Служыў у Савецкай Арміі (1956-1958). Працаваў майстрам, тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1966 г. завочна скончыў БДУ. У 1972-1977 гг. - рэдактар аддзела навукі і мастацтва, аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Полымя». У 1977-1978 гг. - сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З 1990 г. - прэзідэнт Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза «Чарнобыль». Сябра СП СССР з 1977 г.
У друку выступае з 1957 г. (газета «Гомельская праўда»), з мастацка-публіцыстычнымі творамі з 1962 г. (газета «Калгасная праўда»). Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар кніг нарысаў «Земля, открытая нами» (1971), «Пробны камень» (1974), «Пакуль сонца ў зеніце» (1977), «Дайсці да ладу» (1985), падарожнага эсэ «Вясковыя дыспуты» (1987), «Другой зямлі не будзе» (1989).
З М.Місюком напісаў п'есу «Вер таму, хто выпакутаваў» (першапачатковая назва «Персона нон грата», пастаўлена ў 1981).
Якімовіч Алесь, нарадзіўся 17.01.1904 г. у вёсцы Чурылава Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум (1926), у 1930 г. - літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1924 г. працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча». Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк». У першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны выкладаў у адной з сярэдніх школ г. Чыстапаля (Татарыя), быў адказным сакратаром раённай газеты ў Казахстане. З кастрычніка 1942 г. - у Савецкай Арміі, камандзір стралковага ўзвода, затым роты, пад Харкавам быў цяжка паранены (1943). Жыў у Маскве, займаўся рэдактарскай працай (1943-1944). Быў старшым рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1944-1945, 1948-1954), адказным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1945-1948), літкансультантам СП БССР (1955-1960). Сябра СП СССР з 1934 г.