Выбрать главу

Выйшлі кнігі прозы «Абразкі» (1975), «Прыпыніся на часінку» (1979), «І за гарою пакланюся» (1982), «Радасць і боль» (1984), «З нялёгкіх дарог» (выбранае, 1988).

Яновіч Сакрат, нарадзіўся 04.09.1936 г. у мястэчку Крынкі Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча) у сям'і шаўца.

У 1955 г. скончыў Беластоцкі электратэхнікум. Працаваў брыгадзірам электраманцёраў на баваўняным камбінаце пад Беластокам. З 03.02.1956 г. працаваў у новастворанай рэдакцыі газеты «Ніва» - перакладчыкам, потым журналістам. У 1960 г. скончыў завочнае аддзяленне беларускай філалогіі Настаўніцкага інстытута ў Беластоку. У 1959-1962 гг. загадваў арганізацыйным аддзелам Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пасля звальнення ў 1970 г. з работы ў «Ніве» па палітычных матывах (за так званы беларускі нацыяналізм) застаўся беспрацоўным. Нейкі час рабіў грузчыкам, тэхнікам бяспекі працы. У 1973 г. скончыў завочны факультэт польскай і славянскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. У другой палове 70-х гг. - паўштатны інструктар-метадыст Беластоцкага гарадскога Дома культуры, у першай палове 80-х гг. - тэхнічны рэдактар «Нівы». Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1970 г. З'яўляўся старшынёй Клуба Саюза польскіх пісьменнікаў у Беластоку (1976-1981). Старшыня Беларускага Дэмакратычнага аб'яднання - першай беларускай палітычнай партыі ў пасляваеннай Польшчы (утворана на пачатку 1990 г.).

Узнагароджаны Сярэбраным Крыжам заслугі.

Першае апавяданне апублікавана ў 1956 г. («Ніва», Беласток). Піша на беларускай і польскай мовах. Аўтар зборніка апавяданняў і мініяцюр «Загоны» (Беласток, 1969), «Не пашанцавала» (Беласток, 1978). Наступныя кнігі выйшлі ў перакладзе на польскую мову: «Вялікі горад Беласток» (Варшава, 1973), «Забыцці» («Вроцлаў, 1978), «Сцяна» (Ольштын, 1979), «Самасей» (Варшава, 1981), «Малыя дні» (Варшава, 1981), «Трэцяя пара» (Варшава - Беласток, 1983), «Сярэбраны яздок» (Варшава, 1984), «Беларусь, Беларусь» (Варшава, 1987). У Менску выйшла кніга прозы «Сярэбраны яздок» (1978), у Лондане - білінгуальнае выданне (па беларуску і па-ангельску), «Мініяцюры» (1984). Пераклаў на польскую мову «Вітражы» Я.Брыля (Варшава, 1979), п'есу Я.Шабана «Шрамы» (для Драматычнага тэатра імя Я.Вянгеркі ў Беластоку).

Янчанка Мікола, нарадзіўся 22.06.1931 г. у вёсцы Забалацце Магілеўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і каваля.

Скончыў гістарычны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1956). Настаўнічаў у Брожскай сярэдняй школе на Бабруйшчыне (1956-1961), у Дварэцкай сярэдняй школе (1965-1966), быў выхавацелем у Гарадзецкай школе-інтэрнаце (1961) Рагачоўскага раёна. Працаваў у раённых газетах у Рагачове, Жлобіне, Калінкавічах, Карме. З 1972 г. - адказны сакратар рагачоўскай раённай газеты «Камунар». Сябра СП СССР з 1979 г.

Дэбютаваў у друку вершам у 1958 г. (бабруйская раённая газета «Камуніст»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Разнотравье» (1971), «Кросны» (1980), «Жыцейка-жыта» (1990), кніжак апавяданняў для дзяцей «З людзьмі добра» (1973) і «Зраблю сонейка» (1978), «Жменька жалудоў» (1989), кніжкі-маляванкі «Лета ў серванце» (1981) і зборніка вершаў «Залаты вулей» (1986). На беларускую мову пераклаў кнігу вершаў Д.Кавалёва «Вечназялёная Ветка» (1990).

Ярац Віктар, нарадзіўся 23.10.1948 г. у пасёлку Красны Мост Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1966 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, У 1968 г. перавёўся ў Гомельскі педагагічны інстытут, на базе якога ў 1969 г. быў адкрыты ўніверсітэт (скончыў у 1970). Быў некалькі месяцаў загадчыкам сельгасаддзела рагачоўскай раённай газеты «Камунар». У 1970-1971 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў на Гомельскай студыі тэлебачання. У 1975 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта. Працуе выкладчыкам гэтага ўніверсітэта, з 1978 г. - дацэнт. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1980 г.

Першыя вершы апублікаваў у газеце «Піянер Беларусі» ў школьныя гады. Актыўна пачаў выступаць у друку з 1966 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Уваходзіны» (1976), «Добрыца» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989).

Выступае ў перыядычным друку па праблемах развіцця сучаснай беларускай паэзіі. Напісаў вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў «Беларускія паэты - лаўрэаты Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР» (Гомель, 1983).

Перакладае творы балгарскіх, летувіскіх, расейскіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.

Ярашэвіч Эдуард, нарадзіўся 28.08.1937 г. у горадзе Бабруйску ў сям'і служачага.