Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Дружбы народаў, «Знак Пашаны», савецкімі і польскімі медалямі.
Народны пісьменнік БССР (1981).
У 1938 г. пачаў друкавацца як паэт і публіцыст (віленскі беларускі часопіс «Шлях моладзі»). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (апавяданні і нарысы), «Вераснёвая рунь» (1949), «У Забалоцці днее» (1951), «Дзеля сапраўднай радасці» (1952), «На Быстранцы» (1955), «Вачыма друга» (нарысы, 1956), «Сэрца камуніста» (нарыс, 1957), «І смех, і бяда» (сатыра і гумар, 1958), «Надпіс на зрубе» (1958), «Вы-браныя апавяданні» (1959), «Мой родны кут» (1959), «Працяг размовы» (апавяданні, замалёўкі, нарысы, 1962), «Жменя сонечных промняў» (мініяцюры, 1965), «Адзін дзень» (1968), «Акраец хлеба» (1977), «Золак, убачаны здалёк» (1979), «Гуртавое» (1980), зборнікаў апавяданняў і мініяцюр «Ты жывеш» (1978), «Сёння і памяць» (1985), «Ад сяўбы да жніва» (1987), «На сцежцы - дзеці» (1988), раманаў «Граніца» (ч. I, часопіс «Полымя», 1949), «Птушкі і гнёзды» (1964). У сааўтарстве з А.Адамовічам і Ў.Калеснікам напісаў дакументальную кнігу «Я з вогненнай вёскі...» (1975, па матывах кнігі пастаўлены «Хатынскі цыкл» дакументальных фільмаў). Выдаў кніжкі прозы для дзяцей «Ліпка і клёнік» (1949), «Зялёная школа» (1951), «Светлае ранне» (1954), «Пачатак сталасці» (1957), «Жыў-быў вожык» (1976), «Сняжок і Волечка» (1983). Выйшлі Зборы твораў у 2-х (1960), 4-х (1967-1968) і 5 тамах (1979-1981).
Я.Брылю належаць таксама кнігі «Роздум і слова» (літаратурна-крытычныя артыкулы, нататкі, 1963) і «Трохі пра вечнае» (артыкулы, творчыя партрэты, лірычны роздум, 1978). Напісаў тэксты да альбомаў «Там, дзе сінее Нарач» (1963) і «Між тых палёў...» (1968).
Вядомы і як перакладчык з расейскай, украінскай і польскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі паасобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, П.Бажова, Г.Траяпольскага, А.Вішні, Л.Смілянскага, А.Даўжэнкі, В.Казачэнкі, М.Канапніцкай, Э.Ажэшкі, Л.Кручкоўскага, Я.Івашкевіча, В.Жукроўскага, Т.Ружэвіча, М.Ю.Канановіча, Я.Гушчы і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952) за аповесць «У Забалоцці днее», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1963) за кнігу «Працяг размовы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982) за аповесць «Золак, убачаны здалёк».
Атрымаў у Польшчы прэміі за пераклады польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі - імя Ў.Петшака (1972) і аўтарскага аб'яднання «ЗАІКС» (1975).
Бубнаў Генадзь, нарадзіўся 09.05.1948 г. у вёсцы Цяляткава Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і калгасніка і настаўніцы.
У 1972 г. скончыў факультэт журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам Галоўнай рэдакцыі прапаганды, а з 1974 г. - старшым рэдактарам літаратурнай рэдакцыі Беларускага радыё. У 1975-1977 гг. - літсупрацоўнік, у 1977-1984 гг. - рэдактар аддзела крытыкі і бібліяграфіі, а з 1984 г. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1981 г.
Дэбютаваў вершамі ў 1963 г. Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў паэзіі «Связующая нить» (1975), «Ржаной полдень» (1978), «Вещий камень» (балады і паэма, 1987), гісторыка-філасофскіх даследаванняў «Левый и правый, или Время умирать и время жить» (часопіс «Нёман», 1989) і «Красный жезл запрета, или Тот покой, который вы ожидаете» (часопіс «Нёман», 1990).
Пераклаў з беларускай мовы на расейскую «Первую книгу» І.Мележа (1981), раманы-эсэ А.Лойкі «Янка Купала» (з І.Бурсавым, Масква, 1982) і «Скорина» (Масква, 1989), аповесць І.Шамякіна «Ветви и корни» (1988), паасобныя творы Р.Барадуліна.
Бугаёў Дзмітры, нарадзіўся 12.01.1929 г. у вёсцы Сычык Крычаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1945-1948 гг. вучыўся ў Магілеўскай педагагічнай навучальні. Працаваў настаўнікам у Крытышынскай сямігадовай школе Іванаўскага раёна і адначасова займаўся на факультэце мовы і літаратуры Магілеўскага педагагічнага інстытута. У 1949 г. перавёўся на стацыянарнае аддзяленне гэтага інстытута і скон-чыў яго ў 1952 г. Пасля вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце (1952-1955), выкладаў беларускую літаратуру ў Мазырскім педагагічным інстытуце (1955-1959), быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1959-1964). З 1964 г. - дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук, прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1961 г.