Выступае ў друку з мастацкімі творамі з 1949 г. (бабруйская газета «Камуніст»). Выдаў зборнікі паэзіі «Чужая планета» (1980) і «Блізкія далі» (1983). Перакладае сучасную французскую і франкамоўную паэзію.
Аўтар навуковых прац па філасофіі, этыцы і эстэтыцы. Асобнымі выданнямі выйшлі «Філасофія антымарксізму і дыялектыка» (1981), «Антыгуманістычныя тэндэнцыі ў сучасным буржуазным мастацтве» (1983) і інш.
Яўсеева Святлана, нарадзілася 04.09.1932 г. у горадзе Ташкенце (Узбекістан) у сям'і ваеннаслужачага.
Скончыла літаратурны факультэт Ташкенцкага педагагічнага інстытута (1957) і Літаратурны інстытут у Маскве (1962). У Менску жыве з 1962 г. Сябра СП СССР з 1964 г.
Першыя творы надрукавала ў 1955 г. Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў паэзіі «Женщина под яблоней» (Масква, 1962, пад такой самай назвай выйшла кніга выбраных вершаў у Менску, 1982), «Новолуние» (1965), «Зову!» (1974), «Евразия» (1979), «Последнее прощание» (1983), «Ищу человека» (вершы, паэмы, 1988).
Пераклала на расейскую мову кніжку вершаў для дзяцей «Черничка» А.Вольскага (1967), кнігу паэзіі Н.Тулупавай «Я соловья искала» (Масква, 1987), асобныя творы Я.Купалы, М.Танка, А.Вялюгіна, А.Вярцінскага і інш. Займаецца перакладамі на расейскую мову армянскіх, асецінскіх, балкарскіх, кіргізскіх, французскіх і іншых паэтаў.
Яўсееў Рыгор (таксама Яўсееў Ягор), нарадзіўся 10.09.1942 г. у вёсцы Барок Бялыніцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Малабялевіцкай сярэдняй школы (1960) рабіў у калгасе. Служыў у Савецкай Арміі (1961-1963). Працаваў у бялыніцкай раённай газеце «Зара камунізму» (1964-1971). Скончыў завочнае аддзяленне філфака Магілеўскага педінстытута (1969), Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ (1973). Працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя» (1973-1975), у Дзяржкамвыдзе БССР (1975-1977). З 1977 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1983 г.
Дэбютаваў гумарыстычнымі вершамі і байкамі ў 1960 г. Аўтар зборнікаў гумару, сатыры «Верабей пад воблакамі» (1976), «Гатовая рэпка» (1976), «Вялікая лыжка» (1977), «Мох на бярвенні» (1979), «Шаравая бліскавіца» (1986). Выйшлі для дзяцей кніжкі-маляванкі «Нашы хлопцы-рыбакі» (1976), «Дзядзькавы памочнікі» (1981). Выдаў слоўнік гаворак Бялыніцкага раёна «Маці казала так...» (1978).
Перакладае на беларускую мову вершы расейскіх, украінскіх, малдаўскіх, французскіх, чэшскіх паэтаў.
Яфімаў Фёдар, нарадзіўся 05.05.1933 г. у вёсцы Наватроіцкае Цярноўскага раёна Варонежскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.
Скончыў Варонежскую сувораўскую (1951) і Чэрапавецкую пяхотную (1953) навучальні. Камандаваў узводам. У 1957-1958 гг. вучыўся на Цэнтральных курсах палітсаставу. Служыў у Савецкай Арміі да 1963 г. З 1959 г. жыве ў Менску. У 1966-1967 гг. загадваў аддзелам нарыса і публіцыстыкі часопіса «Неман». У 1967 г. скончыў завочна Літаратурны інстытут у Маскве. Сябра СП СССР з 1962 г.
У друку з вершамі выступае з 1951 г., у Беларусі - з 1959 г. Піша на расейскай мове. Аўтар кніг вершаў «Армия» (1962), «Утренний автобус» (1964), «Дням настоящим» (паэма, вершы, 1972), «Светлые зимние ночи» (1982).
Перакладае творы беларускіх паэтаў на расейскую мову. Асобнымі выданнямі выйшлі кнігі А.Русака «Пролетели ветры» (Масква, 1969), А.Лойкі «Расколдованное Полесье» (Масква, 1976), а таксама кніга курдскага паэта Г.Чарказяна «Цвет доброты» (1986).
Як крытык піша па-беларуску.