Выбрать главу

У друку выступае з літаратуразнаўчымі і крытычнымі артыкуламі з 1957 г. Выйшлі кнігі «Шчодрае сэрца пісьменніка» (1963), «Паэзія Максіма Танка» (1964), «Уладзімір Дубоўка» (1965), «Максім Гарэцкі» (1968), «Шматграннасць» (1970), «Зброяй сатыры, зброяй праўды» (1971), «Вернасць прызванню: Творчая індывідуальнасць Івана Мележа» (1977), «Талент і праца» (1979), «Чалавечнасць» (1985), «Васіль Быкаў» (1987), «Арганічнасць таленту» (1989).

Удзельнічаў у стварэнні «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964-1966).

Адзін з аўтараў і рэдактараў вучэбнага дапаможніка для студэнтаў універсітэта «Беларуская савецкая літаратура» (ч. 1 - 1981, ч. 2 - 1982).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984) за кнігу «Талент і праца».

Будзінас Яўген, нарадзіўся 18.02.1944 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і служачых.

У 1946 г. сям'я пераехала ў Вільню. Працоўны шлях пачаў у час вучобы ў дзевятым класе школы рабочай моладзі лабарантам Віленскай радыётэхнічнай навучальні (1960-1961). Вучыўся завочна ў радыётэхнічным інстытуце (спачатку ў Разані, пасля ў Менску, скончыў у 1972 г.). Працаваў слесарам у Разані (1961-1962), манцёрам Менскага гарадскога аўтатрэста (1963-1965), цесляром, затым настаўнікам матэматыкі, расейскай мовы і літаратуры вячэрняй школы ў пасёлку Светлы Цюменскай вобласці (1967-1968). З 1968 г. на журналісцкай працы ў Менску: літсупрацоўнік, загадчык аддзела газеты «Знамя юности», уласны карэспандэнт Агенцтва друку «Навіны» па Беларусі (1972-1975), карэспандэнт часопіса «Рабочая смена» (1975-1976). З 1982 г. - спецыяльны карэспандэнт часопіса «Дружба народов» па Беларускай ССР і Прыбалтыцы. Сябра СП СССР з 1986 г.

Першы нарыс апублікаваў у 1966 г. (часопіс «Неман»). Піша на расейскай мове. Аўтар кніг нарысаў, публіцыстыкі «Один практический шаг» (Масква, 1983), «Дом в сельской местности» (Масква, 1985), «Действующие лица» (1986), «Преждевременный конфликт» (Масква, 1988), рамана-даследавання «Промежуточный человек» (1990).

Буйло Канстанцыя (сапр. Калечыц Канстанцыя), нарадзілася 14.01.1893 г. у горадзе Вільні ў сялянскай сям'і.

У 1914 г. скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні. Настаўнічала на Лідчыне. Загадвала беларускай кнігарняй у Полацку (1915-1916). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкоме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бухгалтарам саўгаса «Данілкава». З 1923 г. жыла ў Маскве. Працавала на заводзе «Аграном» (1929-1934), начальнікам аддзела збыту палітэхлабарсаюза (1934-1940), у 1940-1951 гг. - начальнікам аператыўнага аддзела, затым в. а. намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзабпрам. Сябра СП СССР з 1944 г.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968).

Памерла 04.06.1986 г.

Дэбютавала вершамі ў 1909 г. (газета «Наша ніва»). Першую кнігу «Курганная кветка» (1914, Вільня, факсімільнае выданне ў 1989) адрэдагаваў Я.Купала. Аўтар зборнікаў вершаў «Світанне» (1950), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973). Выйшлі Выбраныя творы (1954), «Выбранае» (1968, 1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1981). Напісала кніжкі вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984).

Аўтар п'ес «Кветка папараці» (1914) і «Сягонняшнія і даўнейшыя» (1914, пастаўлена ў 1921).

Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку. Асабліва шырокую вядомасць займела песня «Люблю», якая стала народнай.

Букчын Сямён (таксама Букчын Самуіл), нарадзіўся 18.08.1941 г. у сяле Валаконаўка Валаконаўскага раёна Курскай вобласці (Расея) у сям'і ваеннаслужачага і настаўніцы.

З 1949 г. жыве ў Менску. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 11 (1959) два гады працаваў фрэзероўшчыкам на Менскім электратэхнічным заводзе. У 1961 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі (1964-1967). Вучобу ва ўніверсітэце працягваў завочна (скончыў у 1967). Быў на рэдактарскай працы на Беларускім тэлебачанні, у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, у 1969-1985 гг. - адказны сакратар часопіса «Весці АН БССР». З 1985 г. - старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1983 г.

Узнагароджаны медалём.

Друкуецца з 1959 г. Піша на расейскай мове. Пачынаў як журналіст у газеце «Зорька». З 1966 г. выступае як крытык, літаратуразнавец, празаік. Аўтар кніг «Дорогой Антон Павлович...: Очерки о корреспондентах А.П.Чехова» (1973), «Судьба фельетониста: Жизнь и творчество Власа Дорошевича» (1975), «К мечам рванулись наши руки: Документальные повести» (1978, 2-е выданне, 1985), «Как жить, Лев Николаевич?..: Очерки о белорусских корреспондентах Льва Толстого» (1979), «Последний год Дениса Фонвизина» (1981), «Народ издревле нам родной: Русские писатели и Белоруссия» (1984).