Склаў, падрыхтаваў тэксты і напісаў уступныя артыкулы да выданняў: «Писатели чеховской поры: Избранные произведения писателей 1880-1890-х годов: В 2 томах» (1982), «Сказки и легенды» В.Дарашэвіча (1983); «Друзьям, отечеству, народу: Поэзия декабристов» (1986), «Песнь о Беларуси: Стихи русских советских поэтов» (1988).
Булыка Галіна, нарадзілася 06.12.1960 г. у вёсцы Осава Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.
У 1966 г. сям'я пераехала ў Менск. Скончыла хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1983). Працавала стажорам-даследчыкам у Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі АН БССР, выхавацелем у рабочым інтэрнаце Менскага матацыклетнага і веласіпеднага завода, інжынерам-наладчыкам Упраўлення пусканаладачных работ трэста «Аўтарэмбудмантаж» Мінаўтапрома СССР. У 1989 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Сябра СП СССР з 1987 г.
З вершамі ўпершыню выступіла ў друку ў 1975 г. (часопіс «Бярозка»). Аўтар падборкі вершаў «Дзень нараджэння снежня» ў калектыўным зборніку «Сцяжына» (1983), зборніка паэзіі «Сінтэз» (1986).
Бураўкін Генадзь, нарадзіўся 28.08.1936 г. у вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.
У 1959 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў стыльрэдактарам часопіса «Коммунист Белоруссии», старшым рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела літаратуры, намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1968-1972 гг. - карэспандэнт «Правды» па Беларускай ССР, у 1972-1978 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». З 1978 г. - старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. З 1990 г. - пастаянны прадстаўнік Беларускай ССР пры ААН. У складзе дэлегацыі БССР у 1976 г. удзельнічаў у рабоце XXXI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1980-1990). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1961 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалямі.
Першыя вершы надрукаваў у 1952 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Выбраныя вершы» (1969), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Вершы пяці кніг» (1976), «Варта вернасці» (1978), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), а таксама кніжак для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), «Сінія арэлі» (1987). У 1986 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Напісаў кнігу прозы «Тры старонкі з легенды» (1971).
Адзін з аўтараў (з У.Халіпам, Ф.Коневым) сцэнарыя двухсерыйнага фільма «Полымя» (1974), аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Апаленая памяць» (1975) і «Падарожжа па Беларусі» (1976).
Перакладае з расейскай, украінскай, малдаўскай, балгарскай і іншых моў. Пераклаў на беларускую мову камедыю А.Хмеліка «Пузыркі» (пастаўлена ў 1966). У яго перакладзе асобным выданнем выйшла кніжка паэзіі Б.Алейніка «Заклінанне агню» (1979).
Многія вершы пакладзены беларускімі кампазітарамі на музыку.
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972) за высокі мастацкі ўзровень вершаў і адлюстраванне ў іх моладзевай тэматыкі і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу вершаў «Варта вернасці».
Бурносаў Васіль, нарадзіўся 18.08.1914 г. у вёсцы Зелянькова Круглянскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1933-1934 гг. працаваў брыгадзірам, затым старшынёй калгаса «Новы свет» Бялыніцкага раёна. Быў токарам на аўтарамонтным заводзе ў Магілеве. Скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Менску (1939). Працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны - на Заходнім фронце, быў цяжка паранены. З 1942 г. - інструктар ЦК ВЛКСМ, з 1943 г. - намеснік рэдактара газеты «Чырвоная змена». Быў карэспандэнтам «Правды» па БССР (1944-1947). Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, рэдакцыях часопіса «Полымя», «Коммунист Белоруссии», газеты «Літаратура і мастацтва», у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, галоўным рэдактарам выдавецтва БДУ, старшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1951 г.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Памёр 19.07.1984 г.
Літаратурна-крытычнай працай займаўся з 1947 г. Апублікаваў шэраг артыкулаў аб партыйнасці і народнасці літаратуры, сацыялістычным рэалізме, аб творчасці Л.Талстога, М.Гогаля, А.Кальцова, М.Горкага, У.Маякоўскага, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова, А.Куляшова і іншых беларускіх пісьменнікаў.