Бурсаў Іван, нарадзіўся 19.12.1927 г. у горадзе Клімавічы Магілеўскай вобласці ў сям'і ваеннаслужачага.
Працоўны шлях пачаў у 1945 г. счэпшчыкам вагонаў на Чэлябінскім металургічным заводзе. Працаваў на Менскім трактарным заводзе (1953-1957). У 1962 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Працаваў рэдактарам аддзела прозы часопіса «Неман» (1962-1964). З 1965 г. жыве ў Маскве. Сябра СП СССР з 1964 г.
У друку выступае з 1953 г. Піша на расейскай мове. У Маскве выдаў зборнікі вершаў «Близкие звезды» (1960), «Лобжанка-речка» (1967), «Горсть» (1970), «Праздник света» (1976), «Грамота лет» (1977), «Песочные часы» (1981), «Круг» (вершы, паэма, 1986); у Менску выдаў «Косая сажень» (1964), «Среда» (1972), «Грамота лет» (1977), «Помня о любви» (1980), «Уста» (вершы, паэмы, 1984), «Колесо обозрения» (вершы, паэмы, 1988). Для дзяцей выйшлі кніжкі прозы, вершаў і казак «Едет лес» (1961), «Как Дед Мороз для зайчат построил мост» (1963), «Как звери к зиме готовятся» (1966), «Матрешкины сказки» (1968), «Сказки с присказками» (1968), «Веселые небылички» (1970), «Ванька-Встанька» (1973), «Страна Голубого Солнца» (1973), «Вы слыхали?» (1975), «Сказки, полные чудес» (1979), «Девяносто пять ежей» (1982), «Сорок сорок» (1988).
Перакладае з беларускай і ўкраінскай моў на расейскую. У яго перакладах асобнымі выданнямі выйшлі зборнікі паэзіі Р.Барадуліна «Целиноград» (1961), «Раскидач» (1969), «Кошки в лукошке» (1985), Г.Бураўкіна «Голоса расстояний» (1964), У.Караткевіча «Вечерние паруса» (1969), В.Зуёнка «Основа» (1972), «Молчание травы» (паэма, 1987), А.Астрэйкі «Приключения деда Михеда» (1974), Е.Лось «Песня твоей сестры» (1977), К.Цвіркі «Закон воды» (1978), Д.Бічэль-Загнетавай «Где ходят босиком» (1987) і інш.
Бур'ян Барыс, нарадзіўся 07.01.1924 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і чыгуначніка.
Да вайны працаваў артыстам у тэатрах Разані і Кінешмы. Скончыў тэатральную студыю пры Разанскім тэатры (1941). Са жніўня 1941 г. служыў у Савецкай Арміі - у войсках сувязі, удзельнічаў у баях на 4-м Украінскім фронце. З 1946 г. - карэспандэнт БелТА, у 1947-1951 гг. - стыльрэдактар газеты «Сталинская молодежь». Потым быў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні, на Менскай кінастудыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў. У 1952-1953 і з 1963 гг. супрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», у 1953-1962 гг. часопіса «Советская Отчизна» («Неман»). У 1967-1985 гг. - загадчык аддзела тэатра, музыкі і кіно ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1950 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і «Знак Пашаны», медалямі.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1947 г. з тэатральных рэцэнзій. Піша на расейскай і беларускай мовах. Выдаў тэатразнаўчы нарыс «На высоком взлете» (з І.Ліснеўскім, 1962), брашуру «Каму апладзіруіе зала» (1972), зборнікі эсэ і артыкулаў «На театральных перекрестках» (з І.Ліснеўскім, 1967), «З сёмага рада партэра» (1978), «Судьба чужая - как своя» (1982), «І толькі надпіс...» (1987). Выступае і як літаратурны крытык.
Аўтар аповесцей «Первый снег» (1957), «У синей бухты» (1959), «Твоя повесть» (1959), «Вальс Грибоедова» (1960), «Радужный перезвон» (1964), «Грозовые отголоски» (выбранае, 1984).
Напісаў п'есы «Зорка Венера» (з М.Алтуховым, 1961, пастаўлена ў 1967) і «Твой высокі поўдзень» (пастаўлена ў 1968). Стварыў шэраг сцэнарыяў для радыё, тэлебачання і дакументальнага кінематографа.
З беларускай мовы на расейскую пераклаў асобныя творы К.Чорнага, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Якімовіча, А.Васілевіч, У.Шахаўца, І.Грамовіча, Т.Хадкевіча, Я.Курто і інш.
Бусько Мікола, нарадзіўся 30.09.1940 г. у вёсцы Пагарэлка Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Турэцкай сярэдняй школы Карэліцкага раёна служыў у Савецкай Арміі (1959-1962). Скончыў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці (1962) і выяўленчы факультэт Маскоўскага завочнага народнага ўніверсітэта мастацтваў (1967). Працаваў рабочым на лесагандлёвай базе (1963-1965), затым афарміцелем у Доме афіцэраў (1965-1967), на мясакамбінаце (1967-1976), з 1976 г. - афарміцель аўтобуснага парка ў Баранавічах. Сябра СП СССР з 1989 г.
Першыя вершы апублікаваў у 1970 г. у раённым друку. Аўтар кнігі паэзіі «У Нёмна на плячах» (1986).
Бутрамееў Уладзімір, нарадзіўся 20.03.1953 г. у вёсцы Расна Горацкага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.
У 1974 г. скончыў геаграфічны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута. Працаваў у школах Горацкага і Чэрыкаўскага раёнаў настаўнікам і загадчыкам навучальнай часткі. У 1980 г. пераехаў у пасёлак Альберцін на Слонімшчыне. Працаваў на Слонімскай папяровай фабрыцы, настаўнікам у вячэрняй школе, у Слонімскім прафесійна-аматарскім тэатры. У 1986 г. скончыў Вышэйшыя двухгадовыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве, атрымаў спецыяльнасць кінадраматурга. У 1989 г. залічаны на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Сябра СП СССР з 1987 г.