Выбрать главу

Бялевіч Антон, нарадзіўся 27.05.1914 г. у вёсцы Дуброўка Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Магілеўскім палітасветным інстытуце (1933-1935). Працаваў загадчыкам аддзела пухавіцкай раённай газеты «За калгасы», нарысістам у газеце «Чырвоная змена», у 1939-1945 гг. - у газеце «Звязда». У час Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічаў у беларускім перыядычным друку, удзельнічаў у партызанскім руху на Віцебшчыне, закідваўся ў тыл ворага. У 1945-1947 гг. - загадчык аддзела паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва», у 1947-1950 гг. - нарысіст газеты «Савецкі селянін». Сябра СП СССР з 1943 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 11.04.1978 г.

Першы верш апублікаваны ў 1938 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). У 1945 г. у Маскве выйшаў першы зборнік паэзіі «Человек из дубравы» ў перакладзе на расейскую мову, у Менску - вершаваная казка «Мароз-партызан». Аўтар кніжак паэзіі «На бацькоўскіх сцежках» (1946), «Свята» (1947), «Чалавек-сонца» (1947), «Паэмы» (1948), «Светач» (1950), «Дарогай шчасця» (1952), «Жывая рака» (1955), «Хлеб і нахлебнікі» (1957), «За салаўінымі гаямі» (1959), «Вясёлка над полем» (1961), «Залатыя ключы» (1963), «Высокі поўдзень» (1964), «Рэха навальніц» (1965), «Партрэт бацькаўшчыны» (1967), «Вінтоўка і плуг» (1968), «Любоў мая» (1971), «Гарынь» (1972), «А ў бары, бары» (1974), «З Дуброўкі краіна відна» (1974), «Сонцам заручоныя» (1975), «Сонечны гадзіннік» (1978), «Сосны ў жыце» (1980), «Мой шчодры бор» (1985). Выдаў зборнік вершаваных фельетонаў «Маштабны Міканор» (1963). Напісаў для дзяцей кніжкі паэзіі «Ідзі, мой сын» (1953), «Тарасікава дарожка» (1962), «Дабрадзейны асілак» (1973), «Партызанскі рыбачок», (1976), аповесць «Малюнкі маленства» (1977).

Аўтар дакументальнай аповесці «Мінай Шмыроў» (1970), кніг нарысаў «Майстры сацыялістычнага земляробства» (1939), «Сонечным шляхам» (1950), «Добрыя людзі» (1957), «Людзі робяць вясну» (1959), «З добрай доляй заручоныя» (1960), «Хатынь: боль і гнеў» (1971), «Споведзь сэрца» (1978), кнігі літаратурных партрэтаў «Чарадзеі» (1970). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1968-1969).

Пераклаў на беларускую мову паэму А.Твардоўскага «За даллю - даль» (1962), паасобныя вершы А.Пракоф'ева, М.Бажана, А.Малышкі, І.Няходы і інш.

Бярозкін Рыгор, нарадзіўся 03.07.1918 г. у горадзе Магілеве ў сям'і служачага.

Вучыўся на рабфаку, на літаратурным факультэце Менскага педагагічнага інстытута (1936-1938). У 1938 г. працаваў загадчыкам аддзела крытыкі ў рэдакцыі часопіса «Полымя рэвалюцыі», затым - літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР (1938-1939), загадчыкам аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва» (1939-1941). Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, у красавіку 1941 г., быў рэпрэсіраваны. 26 чэрвеня, калі фашысцкія войскі набліжаліся да Менска, калону зняволеных вывелі з турмы на расстрэл. Р.Бярозкіну выпала застацца жывым. Ён накіраваўся ў Магілеў і ў ваенкамаце падаў заяву ў Чырвоную Армію. Прымаў удзел у баях пад Сталінградам, на Курскай дузе, пад Кіевам і ў Карпатах, на Сандамірскім плацдарме і ў вызваленні Прагі. Быў паранены. У ліпені 1949 г. рэпрэсіраваны другі раз. Зняволенне адбываў у лагерах Казахстана і Сібіры, працуючы на будаўніцтве шахт і электрастанцый. Быў вызвалены ў лістападзе 1955 г., рэабілітаваны ў ліпені 1956 г. У 1956-1967 гг. загадваў аддзелам крытыкі і паэзіі ў часопісе «Неман» (да 1960 «Советская Отчизна»). У 1967-1969 гг. - загадчык аддзела літаратуры рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», у 1970-1975 гг. - літсупрацоўнік бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Члён СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 01.12.1981 г.

Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1935 г. Першы зборнік артыкулаў «Паэзія праўды» выдаў у 1958 г. Затым выйшлі кнігі «Аркадий Кулешов: Критико-биографический очерк» (Масква, 1960), «Спадарожніца часу: Артыкулы аб паэзіі» (1961), «Свет Купалы: Думкі і назіранні» (1965; дапоўнены і перапрацаваны варыянт - «Мир Купалы», Масква, 1973), «Пімен Панчанка: Крытыка-біяграфічны нарыс» (1968), «Человек на заре: Рассказ о Максиме Богдановиче - белорусском поэте» (Масква, 1970, у перакладзе на беларускую мову выйшла ў 1981), «Постаці» (1971), «Кніга пра паэзію: Выбранае» (1974), «Звенні: Творчая індывідуальнасць і ўзаемадзеянне літаратур» (1976), «Аркадзь Куляшоў: Нарыс жыцця і творчасці» (1978), «Свет Купалы. Звенні: Выбранае» (1981), «Паэзія - маё жыццё» (1989).

Бяспалы Змітро, нарадзіўся 28.08.1934 г. у вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1956 г. скончыў Рэчыцкі землеўпарадчы тэхнікум. Працаваў землеўпарадчыкам у Гарадзенскай вобласці. Служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі (1958) паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1963). Адначасова працаваў у часопісе «Вожык» - супрацоўнікам, намеснікам рэдактара аддзела фельетонаў. З 1972 г. - адказны сакратар інфармацыйна-метадычнага бюлетэня «Родная прырода», а з 1977 г. - пасля рэарганізацыі бюлетэня ў часопіс - яго галоўны рэдактар. Сябра СП СССР з 1974 г.