Літаратурнай працай займаецца з 1951 г. Першую кніжку апавяданняў і гумарэсак «Лішні мінус» выдаў у 1959 г. Затым выйшлі зборнікі аповесцей і апавяданняў «Старыя знаёмыя» (1963), «Брантазаўр» (1973), «Компас паказвае на захад» (1976), «Землякі» (1979), «Херувім з чорнымі крыламі» (апавяданні і гумарэскі, 1984), «Курам не да смеху» (апавяданні і гумарэскі, 1985), «Чырвоная каліна стаяла...» (1985). Аўтар кніг для дзяцей «Навічок» (1966), «Алёнчын сакрэт» (1969), «Антонаў ясень» (1981).
Арабей Лідзія, нарадзілася 27.06.1925 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.
У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Шчучыне Гарадзенскай вобласці (1942-1944). Пасля вызвалення (1944) - супрацоўнік рэдакцыі шчучынскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». З 1945 г. жыве ў Менску. Працавала ў часопісе «Вожык», у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», настаўнічала. У 1951 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1954 г. - аспірантуру пры Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР. Была старшым рэдактарам выдавецтва «Беларусь» (1955-1967), літсупрацоўнікам часопіса «Полымя» (1967-1974). Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1958 г.
Літаратурную працу пачала ў 1945 г. Выступае як празаік, крытык, літаратуразнавец. У 1956 г. выдала даследаванне «Цётка (Алаіза Пашкевіч)», у 1959 г. - крытыка-біяграфічны нарыс «Хвядос Шынклер». Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ларыса» (1964), «Ваўчкі» (1972), «Сярод ночы» (1968), «На другой зіме вайны» (1968), «Мне трэба ехаць» (1974), «Паласа дажджу» (1984), «Пошукі кахання» (1987), дакументальных аповесцей пра Цётку «На струнах буры» (1967) і «Стану песняй» (1977), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1970) і «Сузор'е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), кнігі сатыры і гумару «Кватэра № З» (1961). Выдала зборнікі апавяданняў для дзяцей «Калібры» (1960), «Ісці ў разведку» (1989) і аповесць «Сіні бор» (1972). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1985).
Пераклала раман эстонскага пісьменніка А.Хінта «Бераг вятроў» (з А.Раманоўскай, 1960).
Арабейка Іван, нарадзіўся 26.03.1942 г. у вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1964 г. скончыў хіміка-тэхналагічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Тры гады працаваў на шклозаводзе «Нёман». З 1968 г. у Берасці - майстар змены на заводах зборнага жалезабетону (1968-1969), газавай апаратуры (1971-1973), выкладчык інжынерна-будаўнічага інстытута (1969-1970), галоўны інжынер спецкамбіната камунальна-бытавога абслугоўвання (1973-1975). З 1975 г. - старшы эксперт Берасцейскага аддзялення Гандлёва-прамысловай палаты БССР. Сябра СП СССР з 1979 г.
Першы верш надрукаваў у 1963 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Услед за сонцам» (1972), «Асенні ранак» (1978).
Арлоў Уладзімір, нарадзіўся 25.08.1953 г. у горадзе Полацку ў сям'і служачых.
Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975). Выкладаў гісторыю ў школе ў Наваполацку (1975-1976). З 1976 г. працаваў у рэдакцыі гарадской наваполацкай газеты «Хімік» - карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара. З 1988 г. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1986 г.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
У друку выступае з 1976 г. Першыя творы змясціў у самвыдатаўскіх альманахах «Блакітны ліхтар» і «Мілавіца». Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), навукова-папулярнай кнігі «Асветніца з роду Ўсяслава» (1989).
Пераклаў з расейскай мовы гісторыка-этнаграфічны нарыс М.Улашчыка «Была такая вёска» (1989).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1986) за кнігу «Добры дзень, мая Шыпшына».
Арол М. (сапр. Пяцельскі Сцяпан), нарадзіўся каля 1890 г. у мястэчку Гарадок Беластоцкага павета Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння царкоўна-настаўніцкай школы ў Ялоўцы (Беласточчына, 1909) вучыў дзяцей у Ялоўцы, Гарадку, пазней у Струзе (цяпер Мастоўскі раён, 1910-1912) і Парэччы на Гарадзеншчыне. У 1913-1914 гг. жыў на Ковеншчыне. На пачатку першай сусветнай вайны мабілізаваны ў армію. Прымаў удзел у баявых дзеяннях. У верасні 1917 г. знаходзіўся са сваёй часцю на Ўкраіне.
Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.
Памёр у канцы 1917 г. ці ў пачатку 1918 г. ад тыфу.
З першым вершам выступіў у друку ў 1909 г. (газета «Наша ніва»). Паэтычныя і публіцыстычныя творы пісьменнік публікаваў у «Беларускім календары «Нашай нівы», часопісе «Лучынка» і іншых беларускіх выданнях. Падрыхтаваў кніжку паэзіі «Лірнік» і ў 1913 г. паслаў у Віленскае выдавецкае таварыства, але выхаду яе перашкодзіла першая сусветная вайна. Асобныя творы змешчаны ў кнігах «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» (Вільня, 1927), «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967), у «Беларускім календары» (Беласток, 1979).