Важна разумець, што беларусы – з большага аграрная нацыя. Мы сістэмна асвойваем гарады і гарадскую прастору толькі апошнія сто пяцьдзясят год, пры гэтым традыцыйны беларус прыняў для сябе гарадскую культуру пазней за іншых суграмадзян – у дваццатыя гады мінулага стагоддзя насельніцтва Менску напалову было габрэйскім, у маіх Смалявічах да апошняй вайны габрэі складалі 70 адсоткаў ад агульнай колькасці гарадскіх жыхароў, бо беларусу-гаспадару цяжка адарвацца ад зямлі, ад пэўнасці, якую яна дае. Таму нашыя агульныя каштоўнасці шчэ недалёка сышлі ад каштоўнасцяў традыцыйнага аграрнага грамадства: асаблівая вага прыватнай уласнасці, звычка да цяжкой, замкнёнай у каляндарнае кола, працы, разуменне працягласці працэсаў і гатовасці іх трываць (пасадзіш яблыню – але калі яшчэ яна дасць яблыкі, а ты яе даглядай і песці, не атрымліваючы пакуль што прафіту), пэўная патрыярхальнасць. Адсюль жа, як мне падаецца – нашая слабая здольнасць дамаўляцца паміж сабой: у кожнага гаспадара свае погляды на спосабы і метады вядзення гаспадаркі, за кожным стаіць уласная праўда жыцця ў выглядзе бездакорнага аргумента “мой дзед так рабіў”.
Згадаўшы ў папярэднім абзацы адначасова “патрыярхальнасць” і “дзеда”, мушу адзначыць, што роля мужчыны ў сістэме беларускіх каштоўнасцяў якраз ня ёсць прыярытэтнай. Жанчына ў нашай прасторы гістарычна і культурна мае асаблівую ролю і асаблівае значэнне. Абагульняючы, мы можам акрэсліць нацыянальныя асаблівасці фальклорных і літаратурных вобразаў беларускіх жанчын: рашучасць, цягавітасць, упартасць, асаблівая ўсепераможная вітальнасць – бо калі мужчыны ўвесь час на войнах і ніяк не могуць паўплываць на свой лёс, жанчына мусіць кіраваць сваёй прасторай без спадзеваў на кагосьці звонку, але з адказнасцю за ўсё ўнутры. Пагэтаму самыя яркія нашыя нацыянальныя гераіні, уваспетыя ў эпічных творах пачатку літаратуры – пераважна жанчыны, і кожная з іх увасабляе сабой якраз трываласць, рашучасць, моц і непахіснасць.
Абагульнены беларус – чалавек інтравертны, бо жыццё наросхрыст, на скрыжаванні чужых гістарычных працэсаў, вымагае сур’ёзных навыкаў “унутранай эміграцыі”, умення “сысці ў сябе”, закрыцца ў хісткай, але ўласна створанай па сваіх законах псіхалагічнай прасторы. Калектыўнае дзеянне для нас магчымае толькі ў рэжыме “талакі”, яднання супольнасці вакол канкрэтнай задачы, якая абавязкова мусіць мець нейкі канкрэтны, акрэслены ў часе фінал – каб, зрабіўшы агульную справу, з палёгкай разысціся па сваіх умоўных псіхалагічных альбо ўяўных хатніх гаспадарках. Найлепшы спосаб гаспадарыць для нас – сістэма блізкіх, але адасобленых хутароў, найгоршы – калгас.
Этычная сістэма абагульненага беларуса сапраўды вельмі блізкая да Новага Запавету, але, мне падаецца, яна мае значна больш старадаўняе паходжанне (не здзіўлюся, калі высветліцца, што нехта з евангелістаў паходзіў з крывічоў). Беларуская этыка далёкая ад маральных абстракцый і мае цалкам практычны сэнс. Жыць на беларускай зямлі няпроста, таму насцярожанае, але знешне ветлівае стаўленне да блізкага, непрыняцце забойстваў і крадзяжу, чаканне канчатковай справядлівасці не ад чалавека, ад ад сілы звыш, неабходнасць паразумення з суседам, незалежна ад тваіх асабістых перакананняў, эмпатыя, супраца, разуменне чужых межаў і абарона сваіх, асаблівая каштоўнасць хаця б якога “парадку” навокал, пры якім можна мець хаця б часовую ўпэўненасць у будучыні, паслухмянасць перад законам і загадам – у той ці іншай ступені ўласціва кожнаму з нас.
Дарэчы, “парадак” – іншы раз яго называюць беларускім “орднунгам” – сапраўды наша агульнанацыянальная каштоўнасць, праз якую мы можам лічыць сябе роднымі братамі ўмоўных “немцаў”. Які б ён не быў, парадак лепей за анархію, бо беларуская гісторыя для беларуса непрадказальная і заўсёды знаходзіцца ў залежнасці ад іншых гульцоў, а свой маленькі парадак – падмурак упэўненасці.
Бесперспектыўны занятак – падзяляць рысы нашага агульнага характару на добрыя і дрэнныя, вызначаць, што ёсць наша моц, а што – бяда. Кожная з нашых уласцівасцяў амбівалентна, і дае нам як сілу, так і слабасць. Мне падаецца важным адсачыць, як гэтыя рысы ўплываюць на тую абвостраную стуацыю, у якой нам цяпер – чарговы раз – даводзіцца існаваць.