Не буду спыняцца на героіцы – пра нашую цяперашнюю салідарнасць, эмпатыю, самаахвярнасць і памкнёнасць да чыстага дабра шмат сказана, і самае светлае ў нас цяпер навідавоку.
Самыя ж дзіўныя рэчы – напрыклад, адсутнасць заўважнай перамогі – варта патлумачыць, хаця б для сябе.
Чаму мы пакуль не перамаглі
Думаецца, галоўнай прычынай, па якой палітычная перамога ўсё ніяк не надыдзе, з’яўляецца наша беларуская гатовасць да супрацы са злом (чортам, вадзяніком, акупантам, паліцаем, няважна). Беларус падзяляе ўнутры сябе парадак на двары, дзе ён гаспадар – і парадак на працы, дзе гаспадар нехта іншы. Ён умее адпавядаць адначасова двум супрацьлеглым каштоўнасным сістэмам – і не вар’яцець ад гэтага. Такія, па вызначэнні Максіма Гарэцкага, “дзве душы” беларуса добра бачныя цяпер: на стотысячныя маршы выходзілі, між іншым, не толькі айцішнікі, медыкі і спартоўцы, вы здзівіцеся, але сярод удзельнікаў маршаў былі і чыноўнікі пры пасадах, і супрацоўнікі МУС, і суддзі, і сакратары судоў. У нядзелю яны былі ўдзельнікамі пратэсту супраць гвалту і фальсіфікацый – а ў панядзелак апраналіся і ехалі на працу, дзе па загадзе звыш мусілі і фальсіфікаваць, і ціснуць. Гэтае ўменне быць адначасова і такім, і гэткім, не адчуваючы пры гэтым асаблівага дысанансу – наша з вамі нацыянальная фішка. Мне даводзілася бачыць настаўнікаў, якія адначасова возяць дзяцей на экскурсію ў Курапаты – а на наступны выходны ладзяць экскурсію на лінію Сталіна (і экскурсаводы такія мне трапляліся). Будзе памылкай думаць, што грамадства зараз рэзка паддзеленае на святло і цемру. У большасці з нас і святло, і цемра, выразна вызначаныя цяпер і нават пазначныя сцягамі, паспяхова суіснуюць. Залічваючы увесь марш на свой бок, мы моцна памыляемся. Сёння з намі, заўтра супраць нас, а ў наступную нядзелю зноў з намі – так гэта працуе. Немагчыма падзяліць беларускае грамадства на 97 і 3 адсоткі, бо сума супрацьлеглых частак заўсёды будзе больш за сто.
Па-другое, беларус хоча бачыць змену аднаго парадка – іншым. Думкі аб нават часовай анархіі альбо кароткай, але адсутнасці кіравання для яго малавыносныя. Нават тыя шэсць месяцаў, якія прапануюцца ў якасці пераходнага перыяду, пакуль пройдуць новыя выбары – гэта вялікі тэрмін для чалавека, які ўсё сваё гістарычнае жыццё пакутуе ад нявызначанасці.
Па-трэцяе, беларус наогул блага прызвычаены думаць па-за межамі сваёй сядзібы. Я адказны за парадак на сваіх градах, а на суседніх хаця б і быллё. Абмеркаваць і абгаварыць – чаму ж не, але лезці парадчыць на свой розум – наўрадці.
Мы здзівімся, калі пабачым пасля перамогі, колькі людзей жадалі і чакалі пераменаў. Іх сапраўды 97 адсоткаў. Гэтаксама як мы дзівімся цяпер, адкуль бярэцца цяпер рэжымны маналіт. Бо людзей, што гатовыя пры ўсёй унутранай нязгодзе абслугоўваць хаця б гэты ўмоўны парадак кожны працоўны дзень з 9 да 17 – больш за палову. А пасля 17:00 – на марш.
Наша эвалюцыя
Усе мы адчуваем, што падзеі ў Беларусі не зусім дакладна называць рэвалюцыяй. Пратэст, маніфестацыі, акцыі – назваў прапануецца шмат. Мне падаецца, што мы цяпер перажываем не рэвалюцыйны, а якраз эвалюцыйны зрух – маштабны, спрэсаваны ў гістарычным часе, але моцна і несцярпіма працяглы ў моманце. Гэта вельмі нагадвае так званыя “болі роста” – калі косці падлетка растуць хутчэй за цягліцы, і яму моцна баліць.
Каб перамагчы, беларус мусць, па-першае, усвядоміць сябе. Зразумець сваю спецыфіку, асаблівасці сваіх ўласных і нашых супольных рэакцый на падзеі, каб сыходзіць у сваіх унутраных разважаннях не з эмоцый, а з фактаў (ну, калі можна прызнаць фактам нацыянальны характар). Гэта, дарэчы, ёсць умовай і чалавечага развіцця – перш чым рухацца да мэты ты мусіш зразумець і прыняць сябе такім, якім ты ёсць (і гэта будзе фактам). Таму, я ўпэўненая, найважнейшая справа сёння – культурніцкі рух, асвета, несупыннае спасціжэнне саміх сябе праз сваё чытанне, спеў, імкненне да сваёй гаворкі на сваёй мове.
Па-другое, мы мусім усведаміць і іншых, тых, якія нам цяпер пад уплывам эмоцый падаюцца ворагамі. Гэта ўсё тыя самыя беларусы (часцяком – адны і тыя ж), у якіх у цяперашніх абставінах актуалізаваны спрадвечны наш навык выжывання і прыстасавання. Дарэчы, менавта ён, як бы гэта не было крыўдна ўсведамляць, захоўвае нас жывымі пад любой навалай сотні год – хаваючы ўратавальную дулю ў кішэні ад кожнага прышлага камандзіра, традыцыйны беларус такім чынам застаецца сабой.
Па-трэцяе, мы не павінны звяртацца адзін да аднаго з пустымі словамі, і неважна, ці гэта пустая падтрымка ці пустыя праклёны. Беларус – вялікі прагматык і практык, і заўсёды па-за ідэалогіямі, ад таго, думецца, ў нас не сфармулявана і наўрадці будзе сфармулявана адна на ўсіх нацыянальная ідэя. Каб падтрымаць нейкую палітычную сілу, беларус мусіць мець цалкам зразумелы і выразна акрэслены практычны сэнс. Калі нехта яго не бачыць – яму трэба даць гэтае спакойнае і безэмацыйнае бачанне.