Яна папаўнела й паправiлася. Праўда, гэта ня быў той калiшнi прывабна-бесклапотны твар. У вачох з дробнымi зморшчынкамi навокал загнязьдзiлася цьвёрдасьць. Адылi працэс аздараўленьня пачаўся. Яго пазнаць можна было ў выглядзе, рухах i гутарцы.
- Ну як нага?
- Ды што нага... Дзякуй Богу, магла-б з табой ужо й польку топнуць.
Зiрнула на яго вачмi ласкай перапоўненымi. I здалося дзяцюку, што там больш, чымся ласку пабачыў.
- Ну пра гэтае топнуць дык цяперака рана гаварыць. Нi да топаньня цяперака.
Нiна нiчога не адказала. Узялася матыкаваць густое зельле ў чорнай мягкай глебе, якую добра ўчора вымачыў дождж. На абшырным кавалку адно палова была выпалата.
- Трэба во паганяць, ато саўсiм трава заглушыць.
- Алi-ж i насадзiлi яны тут вам, - сказаў Антось.
- Толькi нi нам. Сабе каўхоз залажылi. А нас, Антоська-саколiк, недзiка ў Сiбiр на дзiкiя ягады вязьлi. Ну алi выйшла, што й гэтага iм фiгу... Брунiсьчына Мальвiна ўчорака прыбягала. Дасi, кажа, Нiна, нам гароднiны, нашы-ж дзеўкi гэттака крукам цэлую вясну пацелi. Чуеш? Чаму на сваiм, кажу, твае дзеўкi нi садзiлi? Такая ўласьць, кажыць, была. А што-ж, кажу, цябе ўласьць сiлай сюды цягнула? Дык яна тады мне: - зiмля твая, алi работа наша. Дасi й нам гароднiны. Уцiкай, кажу, сучка, з майго! Бяжы, кажу, да тэй уласьцi, што людзей загадала абiраць i забiваць, нiхай яна табе дасьць, ад яе, кажу, спаганяй. Ды як сыкнула я на яе, дык от лататы дала!
Матыка спынiлася. Жанчына зiрнула глыбака ў Антосевы вочы.
- Алi што гэта я пра сваё бубню? Скажы, Антоська, што рабiцьмеш?
Антось пазiраў на поўныя грудзi пад тонкай летняй блюзкай, на круглыя, як памайстэрску адточаныя й загарэлыя рукi й ногi, ды на зусiм умеру поўныя ды пэўне-ж мяккiя вусны, роўны носiк.
- Жыць буду, от што. Дзевак буду любiць, зямью араць, сеяць, касiць, малацiць. I яшчо што? Ага, буду спаць i есьцi, i чыстым паветрам дыхаць.
- Алi-ж ты жартаўнiк, - усьмiхнулася жанчына, таўхануўшы яго лёганька пад бок. - Цi ты калi сур'ёзна зь кiм гаворыш?
- Але-ж, гавару. Знаеш вунь колькi сур'ёзнага ўнас было падарозе.
- Ну я не пра тое. Таго лепi нi ўспамiнаць. Я пра заўтра. Я пра цябе й мяне, i...
- Нiначка, знаеш што? - Ён зацяўся, а тады яно само вырвалася. - Знаеш, я цябе люблю... Ты... Ты надта-ж пекная й мiлая, i я таксама пра цябе думаў... Але...
- Любiш Антоська? А мой-жа ты саколiк!
Жанчына ўмiг распрамянiлася, налiлася жыцьцём. Антось даўно ня бачыў яе такою. Зварухнулася, быццам каб прытулiцца да яго ў абдымку. Антось спасьцярог гэта выразна, але нейкая насьцярожанасьць стрымала яе. Азiрнулася. Магчыма, што высьцерагалася ў агародзе.
- Нiна, я...
- Што?
Зводзiлi ейныя вочы. Антось нiколi перад такiм выклiкам не стаяў. Адно падай руку, а поцiск ейны сыгнал перадасьць. Гэтта-ж i хата непадалёк, пару крокаў ступiць. Адно ваганьне...
- Я думаю, што цi нi зарана яшчо, знаiш?
- Гэта ты пра майго?
- Ага. Людзi-ж мы, хрысьцiяне, у Бога верым. Цi ня грэх?
Зморшчыны ля вачэй падаўжэлi, а нядаўнюю гарэзьлiвую яснасьць вачэй зацягнуў хмарны цень. Антось завярнуся да весьнiчак.
- Куды ты, Антоська?
Дзяцюк спынiўся, падумаў.
- Схаджу ў Гацi праведаць дзе што робiцца. Сядзець нiчога ня высядзiш.
- Глядзi-ж, Антоська, асьцярожна.
У голасе ейным Дзяркач вычуў апякунчы тон, якраз наводля матчынага.
- Нiначка, цi нi зарана маей апякункай хочаш быць? - Ён падмiргнуў. I тады бачыў як паварушылiся яе вусны i ўздыхнулi тугiя грудзi.
- Ну што, Ромак, пойдзем разам?
Сабака падскочыў з радасьцi, тузануў ланцуг. А Антось забаўна, як даўно не рабiў, засьвiстаў, выходзячы з двору.
7
Антось iшоў галоўнай вулiцай Гацяў. Не сьпяшыў, разглядаўся. Сонца хiлiлася з паўдня, добра прыгравала. Насустрач iшлi дзьве жанчыны, па выгляду вопраткi местачковыя. Вясковыя цяпер не хадзiлi на рынак з таварамi, бо ўжо колькi разоў здарылася, што "Немiц усё адбраў". Нiхто ня ведаў чужое мовы, а самi нямецкiя жаўнеры, звычайна двойкамi й тройкамi, валачылiся па вёсках, гралапанiлi "матка, яйка, матка, шпэк", iншыя-ж курэй, гусей i качак лавiлi.
Насустрач Антосю вельмi хутка праiмчалiся два вайсковыя грузавiкi з жаўнерамi ў кузавах, паднялi за сабой вялiкi хвост пылу. Поўным жыцьцём кiпела станцыя, чмыхалi паравозы, гучэла незразумелая мова. Ля будынку вакзалу стаялi польныя кухнi, бражджэлi жаўнерскiя кацялкi. А воддаль, направа ад вулiцы, у прысадах бярозак, рабiнаў, бэзу й засенi садоў маўчалi ў летняй дрымоце местачковыя хаты. Зь нiзкай, што на лiпе, бусьлянкi зьляцеў на луг вялiкi птах.
Антось прачытаў чорнымi лiтарамi на вялiкай белай дошцы:
О Р Т С К О М М А Н Д А Т У Р
Вартавы iз стрэльбай на плячы i ў шлёме стаяў побач ходнiку, каторы бег ад адлеглага ад вулiцы шырокага, нiзкога, калiсьцi сiнiм колерам маляванага будынку, у якiм гнязьдзiўся "пастарунак палiцыi панствовай". Антось перайшоў на другi бок вулiцы, каб, па старой прывычцы, мiнуць "асiнае гняздо". Мiнуў чыгуначную майстроўню поўную стуку молатаў, скрыгату напiльнiкаў, скрыпу колаў, смуроду мазуты й гару дыму. Гэтта, вiдаць, хапала працы, але хто там працаваў, Немцы цi мясцовыя, Антосю не давялося чуць.
Павярнуўшы вулiцай направа, дзяцюк прадаўжаў iсьцi абсаджанай лiпамi брукаванай дарогай. Па бакох яе, у зеленi садовых дрэваў, плянава выраўнялiся два шэрагi чырвоначарапiчных мураваных дамоў. Некалi тут жылi сыцейшыя панкi-ўраднiкi, такiя, якiм сялянкi насiлi на продаж пад дзьверы яйкi, масла й сыры, бо панюськi iхныя лянiлiся на рынак хадзiць.
Пры адным доме Дзяркач убачыў зялёна-шэрую вайсковую аўтамашыну i чалавека ў мундзiры за рулём. Яшчэ за хвiлiнаў пяць дзяцюк апынуўся ў шырокай адчыненай браме. Зь левага боку наўскасяк усьмiхаўся на сонцы вялiкi добра дагледжаны сад. У куце, мiж рослага малiньнiку роiлiся пры вульлях пчолы. Парнiк аранжэрэi дыхаў шыракаадчыненымi сэкцыямi шклянога даху. Спрэчку вялi вераб'i.
Антось пастаяў, разгледзеўся. Аўтавыя шыны дугой вярнулi ў правы бок, дзе воддаль мiж кветак, язьмiну, бэзу й рабiнаў прысеў нiзкаваты, чырвонай бляхай крыты, мураваны дом. Там жыў гаспадар саду, парнiкаў, аграмаднага гароду з рознымi сэкцыямi гароднiны й садовых прышчэпаў, прыпадкова ведамы нашаму чытачу аграном, дзядзька Януковага сябры Лявона Загорнага Кастусь Падгайскi.
Гэтага цiкавага й даволi адукаванага чалавека пазнаў Антось даўно, яшчэ ў раньнiх дваццатых гадох, калi разам адбывалi "чынную" службу. Асьцярожны, памяркоўны, вызначаўся ён надзвычайнай працавiтасьцю й ашчаднасьцю. Скончыўшы сельскагаспадарчую школу, даўжэйшы час практыкаваўся на працы ў iншых, а яшчэ далёка ад часу "вызваленьня" з усходу купiў нядрэнна дагледжаную, зь вялiкiм кавалкам гароднае зямлi, гаспадарку на краю Гацяў. Гэтта ён запраўды паказаў сваю напорную працавiтасьць. За колькi год узорная гаспадарка пачала даваць шчодры прыбытак. Падгайскi змог з большага сплацiць даўгi й агулам палажыў трывалкiя асновы на будучыню. Позная жанiцьба не прынясла яму ўцехi. За два гады астаўся бязьдзетным удаўцом.