Голас гучаў бяз перакананьня. Бацька ўважна зiрнуў на сына. На твары такi самы выраз, як некалi на глыбоцкiм рынку, калi да чужога тавару прыцэньваўся. Развага й памяркоўнасьць. Колькi можна даць мiнiмум i максiмум? Ох, як ведў Янук бацькаў твар.
- Ты гэта што, кепiкi зь мяне строiш?
Праз бацькаў голас прабiвалася крыўда. I запраўды, навошта яго зводзiць?
- Нi табе, сынок, мяне за нос вадзiць.
Старога лiса не падманеш. Ён ужо вунь якi багаж гадоў на плечы ўзвалiў, але ўсё яшчэ бадзёрыцца, трывае. Яму, пэўне-ж, крыўдна, што сын задумаў у такi спосаб пажартаваць. I адразу Янука прылавiў.
Зьбянтэжаны вайной, ён яшчэ ня страцiў балянсу. У Януковай памяцi стаiць крыху прыгорбленая фiгура на пляцы перад генэральным камiсарыятам. Ледзь, здаецца, ступаюць ацяжэлыя ногi. Блуднаму сыну сьцiплую падачу прывёз. За дзьвесьце кiлямэтраў. Колька гэта яму каштавала? Сямейнага гнязда ахоўнiк, ён на сьвет выправiўся, каб падлётка прыгарнуць, цi памагчы яму. А цяпер гэты самы сынок зь яго жартаваць асьмелiўся. Крывавыя мазалi ня могуць быць аб'ектамi жартаў, асаблiва з боку жаўтаротага.
I раптам Януку зрабiлася да сьлёз шкада бацькi. Каб мог, каб асьмелiўся, кiнуўся-б яму на шыю, прыгарнуў, пашкадаваў-бы. Але на iхныя суадносiны паў цень гадоў, а жыцьцёвая жорсткасьць языку замiнала. Не за плуг, барану цi касу яму вяртацца. Яшчэ зусiм у пер'е не абросшы, пырхнуў з роднага гнязда i ўжо, вiдаць, не наканавана яму сюды вярнуцца. Вялiкая i iм некантраляваная сiла палонiць яго сэрца, цягне й штурхае да сьветлае мары, да ўзвышанага, да таго перад чым схiляюцца ў пашане людзкiя галовы. Але...
Адсюль, зь берагу роднага гнязда, вiдаць адно iмглiстыя зарысы таго, што дамiнавала над прагай жыцьця, каханьнем раднi... Дзесьцi ўнутры ўтрывалiлася стопрацэнтнае перакананьне, што тыя зарысы стануць некалi перад iм зусiм выразнай формай, што, магчыма, паўстане перад iм у будучынi галава нейкае Мэдузы, якую мо й зьненавiдзiць, але ня зможа супрацьстаяць сiле прыцяжэньня яе.
Цi-ж не Падгайскi... Як гэта ён сказаў? "Страшэньцы", значыцца згубныя... На родную зямлю зноў нахлыне зьненавiджаная бальшавiцкая пошасьць. Падгайскi ўжо адкрыў яму крыху заслоны, назваў цяпер тайную арганiзацыю, якая, - ужо падсьведама адчуваў гэта Бахмач, - прыцягне яго калiсьцi i ў моцныя абдымкi возьме. I прадчуваў, што ня будзе яму iншай дарогi.
Як пра гэта сказаць гаротнаму, нямогламу бацьку, каторага на свой лад моцна паважаў i любiў? Божа, чаму не парупiўся Ты перакiнуць зручных кладак з аднаго ў другое пакаленьне? Можа некалi ў будучынi давядзецца шкадаваць, што цяпер з бацькам ня зблiзiўся, не падыйшоў да яго, не прыгарнуў, не заглянуў зь любоўю ў вочы, не сказаў ласкавага слова. Як-бы было надзвычайна добра, каб цяпер знайшоў зручную фразу, удалы жэст цi паварот, ды сказаў бацьку: - Зiрнуi на мяне, тата. Я твой вывадак, цела ад твайго цела. Выслухай мяне. Я ад цябе, але мой сьвет гэта ня твой, бо я iншы. Дзякую табе за ўсё, што ты для мяне зрабi-ў i прабач, калi цябе пакрыўдзiў. Зразумей, што я мушу йсьцi сваей дарогай.
I шмат, шмат чаго задушэўнага мог-бы сказаць бацьку. Але ведаў юнак, што не асьмелiцца. Заслона мiж iмi так i застанецца. Бацька, пэўне-ж, думкамi часта вяртаецца ў сваю маладосьць, можа прыраўноўвае яе да Януковай i тое параўнаньне, магчыма, не ў Янукову карысьць.
- У цябе, мусiць, ёсьць вошы? - марудна спытаў Пракоп сына, заўважыўшы як той церабiў плечы.
- Ды ёсьць, каб на iх гаручка.
- Дык от бярыцеся, натапiце лазьню. Ты, Мiкола, памажы. Усю вашывую адзежу ськiнь, ды выкiнь дзесьцi на дрывотню. Трэба будзе спалiць. У лазьню возьмеш усё чыстае, там папарышся й пахвошчысься, каб усё турэмнае паскуства прэч. Дык бярыцеся за работу, а гаварыць яшчо будзем посьля.
Выхвастаўшыся добра распараным бярозавым венiкам i добра папарыўшыся, у той вечар Янук адчуваў сябе лёгкiм i сьвежым, як нованароджаным, быццам у хмарах плаваў. I гэтаму спрыяў яшчо арамат чаю за агульным сталом, дзе ў гутарцы,у прысутнасьцi Алеся, Кацярыны й Надзi да познай ночы сядзелi.
I Ўладзiк доктараў зусiм накшым паказаўся. Ад часу, як Палякi падмялi моладзь сваей мабiлiзацыяй у армiю напярэдаднi вайны, у вёсцы падрасла новая чарга моладзi i Ўладзiк, бяз сумлеву, мог-бы ўжо, - ня дай, Божа, таго! стануць у гурце навабранцаў на iншую вайну, для карысьцi iншага ворага. Фiзычна ён узбуйнеў, насёрбаўся вясковай мудрасьцi й ня зьнiкла яшчэ ранейшая фанабэрыстасьць. Мо наадварот. Дзяўчат у вёсцы было даволi й можна было, на выбар, добра каля каторай пагрэцца. У такой сытуацыi мог сабе такi дзяцюк, як Уладзiк, пазволiць на некаторую пераборлiвасьць цi навет капрызы. Калiсьцi, прыгадваў Янук, гэты самы Зянькевiчаў дзяцюк не зьвяртаў на яго часта ўвагi, а цяпер iшоў напярэймы яму, хоць язык доктаравага сына найчасьцей перамельваў вясковыя плёткi.
- Ну а як-жа Дуня Макатунiшка? Яна бегае зь кiм? - спытаўся Янук такiм тонам быццам-бы дзяўчына яго мала цiкавiла.
- Так з нашымi, каб зь кiм, дык не. Алi-ж цiраз прыяжджаў да яе гэты, як яго, Аблiзаны Авечка. Зь iм яна. Яна-ж цяперака вучоная. дык знаеш, сваiм да яе нi падступiцца, - закасаў Уладзiк вусьнiну.
- Як гэта нi падступiцца? Ганаровая, цi што? Танцаваць ня пойдзiць калi папросiш, цi як?
- Як табе сказаць... Ну от вазьмi мяне. Каб я спрабаваў пасесьцi да Дунi, дык пра што маю зь ёй гаварыць? Яна-ж учыцелька, начытаная, а я такi сабе просты мужык. Дык яна да такiх, як я, анi ня хiнецца. А вiчарынаў цяперака ня робiм. Немiц кажыць, што ночы няможна, а ўдзень як зробiш? Ну а цяперака вялiкодны пост яшчо...
- А гэты самы Аблiзаны Авечка доўга ў яе праседжваў?
- Ды чаму-ж не...
- А ў каго яна цяперака жывець?
- У Клавы.
Амаль тое самае, хаця iншымi словамi, расказаў пра Дуню Януку Мiкола.
- Алi-ж яна цябе чакаiць. Многа раз прыбягала да нас, пыталася пра цябе.
- А казала, што мяне чакаiць?
- Ага.
На наступны дзень Янук адважыўся адведаць Макатунiшку, але ня ў Клавы. Калi пра што шчыра пагаварыць, - а было-ж пара што, - дык лепш бязь сьветак непаклiканых. Зазiрнуў у школу зараз пасьля таго,як вучнi дамоў пайшлi. Адчыняючы дзьверы чуў, як борздым тэмпам бiла ў грудзёх сэрца, але зараз-жа апанаваўся, паспакайнеў. Тут працавала тая, што яго даўно чакала. Ня ўсьпеў навет добра разгледзiцца, адно на франтаваой сьцяне спасьцярог у рамках гэрб пагонi й заўважыў, што побач ня было партрэту Гiтлера. Тут-жа яго зрок спынiўся на дзяўчыне, што пры стале нешта запiсвала ў школьны дзёньнiк заняткаў. Яго каханая. Тая, якой сьветлы вобраз так некалi песьцiў ягонае ўяўленьне ў Вiльнi, цi ў менскай вязьнiцы. Хвалiстыя буйныя валосы, задуманы падпёрты левай рукой твар. Узор канцэнтрацыi. Янук зьдзеў шапку, спынiўся. Дзяўчына зiрнула на яго, на ейным твары зьявiлася няўцямнасьць i яна, замiж прывiтаньня, пырснула голасным сьмехам.