- Цiкава, якая зь цябе настаўнiца, - сказаў, падумаўшы, Янук. Хацеў-бы я ў цябе на лекцыi пасядзець.
- Хочаш пераканацца, якая зь мяне настаўнiца? - з выклiкам у вачох спытала Дуня.
- Чаму-ж не...
- Сядайце, Янук Бахмач! - загадала Макатунiшка. - Цяпер я ваша настаўнiца, а вы, Янук Бахмач, мой вучань. Толькi ўмовiмся, што вы будзеце зусiм шчыра й бязь нiякiх жартаў на мае пытаньнi адказваць. Чаму пытаньнi? Калi вы прыгадваеце, - а вы, пэўна-ж, прыгадваеце, Янук Бахмач, бо вашы здольнасьцi мне надзвычайна добра ведамыя, - спадар Васько ў Глыбокiм вучыў нас з дыдактыкi, што пытаньне часта цяжэй сфармуляваць, чым адказаць на яго. Цi-ж ня так?
- Так, спадарычня настаўнiца, - ужо сеўшы, зь вельным сур'ёзным выглядам i скрухай у голасе адказаў Янук.
- Вось так, - пацьвердзiла, усьмiхнуўшыся, Дуня. - А калi так, дык выглядае, што настаўнiка, цi настаўнiцу можна ацанiць паводля iх уменьня ставiць пытаньнi.
- Але.
- Такiм чынам, Янук Бахмач, я буду ставiць вам пытаньнi, а вы на iх будзеце адказваць.
- А на якую тэму?
- На тэму вам наддзвычайна добра ведамую, Янук Бахмач. Цантральнай фiгурай ёсьць вы самi, а тэмай - ваша падарожжа цi прыгоды; дэфiнiцыю можаце даць якую хочаце, - па сьвеце ад таго часу як з родных Лiтоўцаў у сьвет вас панясло. Згода?
- Згода, спадарычня настаўнiца.
Дуня змоўкла, уважна пазiрала на свайго "вучня", мусiць мяркуючы зь якога боку гульню слоўную пачаць.
- У сваiх адказах вы, Янук Бахмач, будзеце ашчаднымi ў словах, акдазвайце ляканiчна. А пачнем мы з таго, як вы трапiлi ў менскую вязьнiцу. Дык вось, пытаньне: якiм чынам вы, Янук Бахмач, паэт i журналiст, вучань вiленскай гiмназii, настаўнiк пачатковай школы, чалавек, каторы, як у нас кажуць, iз добрай мазгаўнiцай на плячох, ды ў вязьнiцу трапiлi?
- Я-ж не хацеў, спадарычня настаўнiца, яй-Богу не...
- Я не пра гэта пытаюся! - адрэзала настаўнiца, памахаўшы пальцам. Якi гэта дурань у вязьнiцу хоча. Я пытаюся як вы трапiлi?
- Вельмi проста: на менскай чыгуначнай станцыi заграблi тры вагоны спэкулянтаў...
- Вы-ж ня спэкулянт, Янук Бахмач, дык чаму й вас заграблi?
- А яны нiкога там ня пыталiся. Ланцугом, iз зброяй у руках абкружылi вагоны й пагналi.
- Я мяркую, Янук Бахмач, што вы нiчога iз сваей цёмнай прошласьцi ня скрываеце. А калi яно сталася дакладна так, як кажаце, дык чаму тады ўцёк ваш сябра Лявон Загорны?
- Зусiм проста: ён у дзьвярох цяплушкi стаяў, а мяне ў самую сярэдзiну ўцiснулi. Калi пачаўся гармiдар, значыцца Латышы наскочылi, дык ён iм з рук вышмыгнуў, а я ня ўсьпеў.
- Ага. Няхай сабе. I як-жа вам у вязьнiцы паводзiлася?
Янук на мiомант забыўся пра пытаньне, бо быў дзяўчынай захоплены. грабны, гнуткi стан, i пад сiнiм свэтрам поўныя грудзi. Роўны, плаўны крок i адно ў меру цьвёрды, аўтарытэтны голас. Тут i поза, i стрыманасьць, i поўная кантроля сытуацыi. Так, з Дунi можа быць добрая настаўнiца, ня горшая за калiшнюю Раманоўскую.
- Вы, Янук Бахмач, не адказваеце. Паўтараю пытаньне яшчэ раз: як вам у вязьнiцы паводзiлася?
- Пра гэта я мог-бы цэлую кнiжку напiсаць. Як тут, спадарыня настаўнiца, адным словам адказаць? Цi не зашмат жадаеце?
- Пра вашу здольнасьць пiсаць, Янук Бахмач, нам сёе-тое ведама, усьмiхнулася Макатунiшка. - I кнiжкi пiсаць у вадказ на гэтае пытаньне ня трэба. Адкажыце коратка.
- Паводзiлася дрэнна.
- Вось гэта я й хацела пачуць. I што вы ў вязьнiцы найбольш цанiлi?
- Хлеб, волю й чыстае паветра.
- Ага, значыцца ўсё тое, чаго не хапала. Хлеб... Цi гэтым вы даеце мне зразумець, што цяпер вы хатнi, вясковы, разовы хлеб цэнiце больш чымся некалi перад вязьнiцай?
- Так, спадарычня настаўнiца, запраўды так. Смак хатняга хлеба пазнаеш добра адно тады як добра па сьвеце пагаруеш.
- А што вам, Янук Бахмач, найбольш у вязьнiцы дакучала?
Янук падумаў.
- Вошы, - адказаў.
Дуня спынiлася перад iм, доўга глядзела яму ў вочы й здалося хлопцу, што па сур'ёзным дзявочым твары сьлiзнуў прамень усьмешкi ды з пашкадаваньнем пазiралi на яго вочы-васiлькi.
- I яшчэ што?
- Ну многа чаго, - сказаў абыякава.
Дуня адыйшлася, спынiлася пры вакне й маўчала. Зноў вызiрнула недзе з-за хмары сонца i арэолам асьвяцiла ейныя пышныя валосы.
- Я ня ведаю, Янук Бахмач, - пачаў салодзенькi, крыху грымасьлiва-дакорлiвы голас, - чаму вы гаворыце толькi пра фiзычныя нявыгады. А што-ж пра вашы духовыя перажываньнi? Паэт! Вы-ж павiнны былi глыбока й шмат перажываць i думкi вам дакучалi пэўна ня менш чым недахоп хлеба й чыстага паветра. Пра гэта я хацела пачуць.
Янук зьбянтэжыўся. Як яна зручна падлавiла яго. Сказаць ёй, цi не? Цяпер добры час, але цi мэтазгодна?
Янук устаў.
- Вiншую. Маладзец. I добра мяне падлавiла. Калi так дзяцей вучыш, дык настаўнiца зь цябе добрая.
- Дзякую, Янук Бахмач, - сур'ёзна ранейшым настаўнiцкiм тонам прадаўжала Дуня. - Усё-ж... Зможаце, цi будзеце ласкавы мне адказаць на маё апошняе пытаньне?
- Чаму-ж не. Праўда, гэта ня так проста...
- Ну як можаце.
- Духова я найбольш перажываў i многа, надта шмат перадумаў. А аб'ектамi думак найчасьцей былi двое.
Дуня спынiлася воддаль, запытальна падняла бровы й ўважна пазiрала яму ў вочы. Доўга трывала маўчаньне.
- Мае дзьве любвi, - сказаў цiха й скромна Янук.
- О? Якiя-ж гэта? - зацiкавiлася Дуня.
- Мая бацькаўшчына й мая дзяўчына, - упэўнена сказаў Бахмач.
- Я магла дагадацца, - цiха сказала Дуня.
- I гэтыя дзьве любовi не даюць мне супакою днямi й начамi.
- Аж гэтак? Чаму?
- Адну трэба баранiць... Чую, што на помач клiча. А за другую таксама, выглядае, трэба заступацца, калi ўжо ня позна.
Цяпер Янук пiльна сачыў Макатунiшку. Была зусiм спакойная.
- Думаю, што бацькаўшчына клiча цябе на помач, каб яе баранiць. Патрыятызм твой ведаю. Ну а дзяўчына? Хто яна такая? Якая-небудзь паненка зь Вiльнi? Яна што, думаеш, здрадзiла?
Макатунiшка гаварыла, адвярнуўшыся тварам да вакна й Янук ня мог разгледзець ейнага аблiччча. Усё-ж зьдзiвiўся як умела кантраляваць свой голас. Не магла-ж не зразумець яго.
- Ды не, якая там вiленская паненка... Свой вясковы васiлёк, ды дайшло да мяне, што нейакая там аблiзаная авечка да яе дабiралася, дык баяўся, каб ня выскубла.
Дуня крута павярнулася. Румяны твар. Упёк.
- Ты атрымаў маё пiсьмо, што бацьку твайго прасiла перадаць.
- Так, атрымаў. Дзякую. Усё-ж...
- Я ведаю, што ты ўчора ўжо вярнуўся, - пачала баржджэй гаварыць Дуня. - Мне казалi. I я ня дзiўлюся, што ўжо маглi наплясьцi на мяне... Нейкi там Уладзiк цi iншы пляткар. А ты што, iм верыш?