Выбрать главу

- А мне, каб хто сказаў, што ты - прадстаўнiк ад свайго там вясковага народу, прыедзеш на кангрэс, таксама не паверыў-бы.

- Значыцца, як бачыш... А як доўга ты тут i колькi вас зь Вiльнi?

- Нас сямёрка зь гiмназii й сэмiнарыi. Прыехалi ў канцы траўня.

Сарока назваў прозьвiшчы iншых.

- У другой палове траўня да нас у Беларускi Нацыянальны Камiтэт прыехалi тры афiцэры з бэкэа, значыцца камiсiя, ну й давай iм ахвотнiкаў у армiю. Я сабе падумаў, чорт ведае што рабiць. Час такi, бяз зброi прападзеш. А калi бальшавiкi прыйдуць, дык усiх на Бэрлiн пагоняць, - гаварыў шпарка Сарока, а Янук аглядаўся цi пакарацеў хвост чаргi ля дзьвярэй тэатру, каб не спазьнiцца на паседжаньне. Але з гэтым чалавекам цiкава было пагаварыць, распытацца пра Вiльню й знаёмых сяброў. Ды той Януку наперад забег:

- Гэта праўда, што ты ў турму папаўся? За што гэта?

- Табе-ж пэўне Загорны апавядаў. Зрабiлi аблаву на спэкулянтаў, i я папаўся. Але я мушу йсьцi...

- А што Загорны цяпер робiць? Мы яго намаўлялi ў бэкэа, дык дзе там...

- Нiчога ён цяпер ня робiць, каля дому ацялюгваецца, дзяўчат мацае... Мусiць спадзяецца, што й на наступны год у Вiльню трапiць.

- А ты што думаеш?

- Сказаць табе адкрыта?

Сарока надта пiльна пазiраў у Януковы вочы й ён зразумеў, што ў такi час i ў такiх абставiнах можна гаварыць праўду, тым больш, што той у войску.

- Кажы, - падахвоцiў Янука Сарока.

- На працягу наступнага месяца цэлая Беларусь можа апынуцца ў руках бальшавiкоў. Дваццаць трэцяга чэрвеня пачалася афэнзыва на цэлым усходнiм фроньце. Немцы ўсюды адступаюць, а бальшавiкi абыходзяць Менск з паўдня й поўначы й можа за якi тыдзень, а навет раней будуць тутака. На захадзе алiянты таксама Немцаў гоняць.

Сарока пазiраў на Бахмача вельмi ўважна i зараз-жа, як ён прыгожа ўмеў гэта рабiць, працяжна й зьдзiўлена сьвiснуў.

- Адкуль у цябе такiя весткi? - спытаў Янука.

- Пазаўчора вечарам слухалi радыё зь Лёндану. Ты толькi нiкому не кажы, каб нi было панiкi. Наша вярхушка ведае, але аглядаецца пераз плячо, тымчасам трымае твар.

- Ну добра, - насядаў цяпер Сарока, - калi так запраўды, дык што нам рабiць? Зь Немцамi ўцякаць? Што ты будзеш рабiць?

- Калi хочаш, табе параю iсьцi зь тымi Беларусамi, што будуць адступаць. Там вайна неўзабаве скончыцца, хаўрусьнiкi перамогуць Немцаў i вы трапiце на захад у Эўропу цi ў якую Амэрыку. А ў будучынi Англiя цi Амэрыка схопяцца ўдужкi з гэтай брыдой маскоўскай, тады нам трэба будзе помач, каб волю здабыць...

Янук гаварыў зь нейкай фiнальнасьцю. Гэта спасьцерагло надта назiральнае Сарокава вока. Ён схапiў Бахмача за руку.

- Чакай. Як гэта ты гаворыш, што вам трэба будзе помач, каб волю здабыць? Дзе ты, цi вы, - колькi вас там, - будзеце?

- Я йду ў лес. Змагацца.

Янукоў адказ на пару часiнаў паралiжаваў Сароку. Хацеў зноў сьвiснуць, але Янук крутнуўся, сказаўшы:

- Мне трэба на залю. Пабачымся пасьля.

- Чакай, не сьпяшы, - клiкнуў той.

Янук адыйшоўся. Ля дзьвярэй было цесна, але хвост куды пакарацеў. Тут-жа юнак з нацыянальнай апаскай на левым рукаве, вiдаць парадкавы, у дзьвярох голасна сказаў:

- Прашу ўсiх як найскарэй заходзiць, бо зараз пачнецца.

Янука знайшлi на лiсьце, праверылi мандат i неўзабаве адвялi яго на месца, што выпала якраз пасярэдзiне, блiжэй заду. Заля й бальконы ўжо запоўнiлiся. Янук разгледзеўся навокал. Сцэна была ўдэкараваная вялiкiмi нацыянальнымi сьцягамi, пасярод стаяў доўгi стол, а непадалёк, наперад ад яго - мiкрафон.

Направа ад Янука сядзелi дзьве маладыя дзяўчыны. Мяркаваў што яны дваццаткi яшчэ ня пераскочылi. Чарнявая, што сядзела побач, зь цiкавасьцю зiрнула на хлопца. Апранутая ў танны паўсуконны шэры касьцюмчык, яна мела твар, якi часта называюць даверлiвым. Распрамянiлася ўсьмешкай i сказала:

- Калi мы ўжо суседзi, то давайце будзем знаёмiцца. Я называюся Ганна Зорка, а гэта мая сяброўка Нiна Пушчанская.

Другая, бялявая, таксама ўсьмiхнулася. Дзяўчаты выцягнулi на прывiтаньне рукi.

- А я Янук Бахмач. Вельмi прыемна такiх суседак мець. Адкуль будзеце?

- Iз Слуцка. А вы?

- Я з Гацяў.

- Дзе гэта такiя Гацi?

- То проста на поўнач ад Менску, ля Глыбокага. Шмат добрага чуў пра ваш Слуцак. Настаўнiцы будзеце?

- Ага. А як вы адгадалi?

У гэны момант заля зашумела й пачулася: - Астроўскi!

Людзi ўставалi й плёскалi рукамi. Налева ад Янука стаяў мажны вусаты дзядзька гадоў пяцiдзесяцi, з аўтарытэтным тварам, магчыма якiсьцi войт цi солтыс.

I прыгадалася Януку:

... шумнае веча,

а ў тэатры гудзе бы ў вульлi,

пазьяжджалiся зблiзку й з далечы

пасланцы беларускай зямлi.

Дык вось як яно выглядае, некалi юнаком зусiм накш уяўленае народнае веча. Аб'ектам воплескаў аказаўся сярэдняга росту чарнявы чалавек у акулярах з рагавой аправай. Яго ўжо бачыў Янук у дзень незалежнасьцi на Пляцы Волi. Астроўскi й некалькi iншых, вiдаць важных асобаў з БЦР знаходзiлiся з правага боку сцэны ў лёжы, прыгожа прыбранай сьпераду зеленьню, кветкамi й шматлiкiмi бел-чырвона-белымi сьцяжкамi. Дастойнiкам з БЦР людзi плёскалi ў рукi, стоячы. I гэтак хвiлiну, дзьве, цi тры. Янук пазiраў то на iх, то на сцэну, дзе перад даўгiм прэзыдыяльным сталом, iз графiнам вады й шклянкамi пры iм, ды нейкiмi паперамi. стаяла пакрытая нацыянальным сьцягам трыбуна, пры ёй мiкрафон i лямпа.

Гукi аркестры напоўнiлi залю. Дэлегаты сядалi, воплескi зацiхалi, а прэзыдэнт БЦР зьнiк зь лёжы й павольным крокам узыходзiў на сцэну. Спынiўся перад трыбунай, спакойна аглядзеў сабраных.

Аркестра сьцiхла.

- Грамадзяне! - пачуўся выразны, нiзкi голас. - Другi Ўсебеларускi Народны Кангрэс абвяшчаю адчыненым. Вiтаю вас, дэлегаткi й дэлегаты, як прадстаўнiкоў беларускага народу, якiя сабралiся тут, у сталiцы Беларусi, для вырашэньня важных праблемаў будучынi нашага народу й бацькаўшчыны. Жадаю вам адначасна ад iмя Беларускай Цантральнай Рады посьпеху ў вашай працы.

Янук зрокам шукаў Антося Дзеркача. I неўзабаве знайшоў яго ў правым куце, ззаду, пры дзьвярох. Нешта гаварыў з чалавекам у цывiльным, якога Янук нiколi не бачыў. Той неўзабаве адыйшоў, а Дзяркач стаяў пры дзьвярох. Ягоныя вочы пiльна бегалi па сабраных. Янук спасьцярог на Антосевым твары ўсьмешку, калi той пабачыў яго й памахаў рукою. Коратка, як проблiск праменя. Антось зноў пiльна назiраў за прысутнымi ў залi. Янук пабачыў, што й ля iншых дзьвярэй стаялi людзi ў цывiльным. Цi гэта былi звычайныя парадкавыя, як у тэатры, цi мелi падобнае, як Антось, "спэцыяльнае заданьне", Бахмач ня ведаў. Няцяжка было дагадацца якое заданьне мог мець Дзяркач.