Выбрать главу

"Так, - думаў Янук, - постаць нашага жаўнера, голага й босага, па-каленi ў балоце... доказ надзвычайнай сiлы... Што той бэцээраўскi прэзыдэнт вярзе? Янка Сарока зь Вiльнi. Iншыя, зялёненькiя гадамi, ганаровую варту трымаюць. Зь пятнаццатага чэрвеня, значыцца два тыднi назад пачалi школу. Жаўтаротыя пiскляты... А тут ужо на паляваньне трэба, а гэтыя яшчэ парадкам сабак кармiць не ўзялiся..."

I Янукова думка крута ў другi бок павярнула. Вядома-ж, бяз гэтага кангрэсу, бяз гэтых справазачаў i нарадаў нельга. Яны патрэбныя беларускаму народу ў гэты крытычны ў гiсторыi момант як рыбе вада. Але, усё-ж... Сёе-тое гаворыцца, абы падгладзiць абы там якiя дзiркi заткнуць, паказаць што нешта ёсьць, што вось, маўляў, зiрнеце, якiя мы малайцы, гаспадары. Арганiзаваная афiцэрская школа для юнакоў, такiх, як i сам Янук. Брава! Колькi трэба намаганьняў i сродкаў, а перадусiм часу, каб вышкалiць чалавека на афiцэра? А там ужо чатыры днi назад пачалася поўная афэнзыва. Пала Орша, Магiлёў, клiнамi хваля паўзе пад Бабруйск, Слуцак, Полацак, Барысаў. Цi адзiн раз i цi адзiн мудры чалавек сказаў пра палiтыкаў: сяньня радзяць пра ўчарашняе, а заўтрашнiх праблемаў i ня бачаць. Але. Калi-б вораг ня прыблiжаўся з-за Дняпра, можна было-б iз кпiнамi да сяго-таго, гэтта сказанага, аднесьцiся. Ды няма калi кпiць. Тут трэба, як мага сiлаў, нешта радыкальнае выдумаць. Ня будзеш падчас таго, як пажар трэба тушыць, разважаць пра рэгулямiн пажарнае аховы... А з другога боку, што меў гаварыць Астроўскi? Бэрлiнскiя вяльможы да апошнiх часоў не давалi дазволу на арганiзацыю беларускага войска. Навет i цяпер, калi самiм вораг на горла лезе, адно батальёны дазволiлi, дый тыя пад iх камандай. Можа лепш уважна паслухаць што тут на кангрэсе гаворыцца?

Яшчэ пару разоў засынаў Янук, але суседка, жартуючы, як добрая апякунка, не давала "народнаму прадстаўнiку" праспаць так важных гiстарычных падзеяў. Бачыў Янук зноў Антося Дзеркача, аднойчы зь левага боку ззаду, iншы раз на першым паверсе на бальконе. Цэлы час гацкi палiцыянт пiльна пазiраў ва ўсе бакi. I пераглядаўся зь iншымi, якiя, вiдаць, таксама мелi "спэцыяльнае заданьне".

Пасьля прыняцьця справаздачы Астроўскага, наступiлi прывiтаньнi кангрэсу, насамперш ад фон Готбэрга, на якое прынялi запрапанаваны Астроўскiм адказ з падзякай. Пасьля йшлi па чарзе прывiтаньнi ад Беларускае Карёвае Абароны, жаўнераў парадкавае службы Ўсходняга фронту, ад беларускiх сялянаў, работнiкаў i iнтэлiгенцыi; ад беларускага праваслаўнага духавенства прамаўляў архiяпiскап Фiлафей. Былi й вiтаньнi ад эвангелiкаў-баптыстаў i ад беларускiх рыма-каталiкоў. Найбольш урачыста й прыгожа вiтаў кангрэс Саюз Беларускае Моладзi, калi галоўны шэф-праваднiк Мiхась Ганько, у асысьце кiраўнiчкi жаночага адзьдзелу СБМ д-ра Н. Абрамавай, юнакоў i юначак, з трыбуны запэўнiў дэлегатаў, што "мы, моладзь, прысягаем перад вамi, рэпрэзэнтантамi волi Беларускага Народу, што будзем з гонарам несьцi сьцяг змаганьня за народную волю, што нiколi ня зганьбiм i ня здрадзiм нашага нацыянальнага iдэалу"

Даклад вiцэ-прэзыдэнта БЦР Шкялёнка разглядаў прэтэнзii й нелегальныя пасягненьнi суседзяў, - Польшчы й Расеi ды бальшавiцкае Масквы, - да Беларусi, ды iхныя розныя махiнацыi ў навейшыя часы, каб трымаць беларускi народ у няволi.

39

Першае паседжаньне кангрэсу скончылася пад полудзень. На дварэ, як быццам на якiм усенародным фэсьце, людзi стаялi групамi перад тэатрам, хадзiлi па маленькаму парку, некаторыя раскладалi на траве харчы, каб паабедаць, а iншыя шлi ў сталоўку Беларускае Самапомачы. Усё гэта адбывалася пад ласкавым, пяшчотным чэрвеньскiм сонцам. Адно недалёка ад тэатру галоўная вулiца 25-га Сакавiка стагнала пад цяжарам вайсковых грузавых аўтамашынаў, што пылiлi па вакольнай зеленi й руiнах.

Янук хадзiў мiж людзей, прыслухоўваўся гутаркам дэлегатаў, што распытвалiся адзiн аднаго пра навiны ды блiзкiх i знаёмых, а некаторыя разважалi пра палiтыку й навiны з фронту. Падобна, як на кiрмашы, адно тут ня было коней пры калясках з падвязанымi да колаў, каб тарчалi ўверх, аглоблямi.

- Ага, во дзе ты, народны прадстаўнiк, - усьмiхнуўся над вухам, злавiўшы ззаду за руку, Антось Дзяркач. - Знаёмся, братка.

Янук адвярнуўся. Ля Антося стаяў чалавек у шэрым, гадоў больш трыццацi, з шырокiм тварам, белабрысы, з лагоднай усьмешкай i пiльнымi вачмi.

- Наш мясцовы сябра, Кастуся Падгайскага даўны супрацоўнiк, Аўген Князь. А гэта во народны прадстаўнiк дык ён той самы ведамы паэт Янук Бахмач, каторага ты, Аўген, пэўне, чытаў.

- Чытаў, чаму-ж не. Крыльлi ён толькi што растапырыў, але надзеi дае, усьмiхнуўся Князь. - Прыемна пазнаёмiцца.

- Для мяне вялiкая прыемнасьць, - сьцiпла сказаў Янук.

Яны прывiталiся рукамi.

- Дык ведаеце што, давайце да мяне. Тут недалёка, але часу няма чаго трацiць, бо каля другой назад трэба. Iдзём, - запрасiў Князь.

Зайшоўшы да Князя на кватэру, Янук дзiвiўся, як можна ў руiнах знайсьцi такi куток, фактычна з двух пакояў, абсталяваць яго. У пакоях было ўсё неабходнае, але мелася ўражаньне што кут неабжыты, што чалавек мог усё сваё дабро ў пару валiзак запакаваць дый на новы пункт перабiрацца. У кухнi пры плiце стаяла жанчына, а нос казытала нешта прыемнае.

- Матка! - гукнуў Князь, увайшоўшы. - Вiтай гасьцей.

- Госьцi ў хату, Бог у хату.

Ласкавы голас. Адразу Януку прыемна зрабiлася.

- Сядайце тут ля стала, - запрасiў Князь. - Я зараз-жа з вамi.

Ён пайшоў да жанчыны, а лiтоўскiя прыселi на простай рудой лаве ля стала, пры якiм з другога боку стаяла драўлянае простае крэсла. У куце, завешаным саматканым дываном, стаяў ложак. Пры сьцяне разьмясьцiлася шырокая, крытая патрэсканай i выседжанай скурай канапа. Стол, вiдаць зроблены на хуткую руку, памаляваны пакостам.

- Добры дзень, госьцiкi, - з усьмешкай на твары жанчына, гадоў звыш пяцiдзесяцi, з тварам, якi, вiдаць, бачыў шмат нядолi, апранутая ў сьветлую блюзку ў лiловыя красачкi, зялёную саматканую спаднiцу, старыя чаравiкi, ужо зь сiвымi пасмамi валасоў, узялася чыстым кужэльным настольнiкам засьцiлаць стол. - Я тут, калi пазволiце, стол накрыю. Самi-ж, можа, згаладалiся?

- А як-жа, цётачка, - сказаў Антось. - Нешта ў вас добра пахне.

- Булёну наварыла са скваркамi. Даўно елi?

- Я ўжо забыўся калi.

Князь прадставiў гасьцей. Неўзабаве на стале зьявiўся пахучы булён у глiняных мiсках. Князь прынёс на талерках нарэзанае скрылькамi сала, чорны хлеб, салёныя гуркi, шыткаваную капусту. Побач усяго гэтага зьявiлася напалову напоўненая лiтроўка зь сiвой вадкасьцю й тры малыя чаркi.