Выбрать главу

Аўген Князь падаў Дзеркачу руку.

- Дзякую, - адказаў Антось.

- Значыцца да гэтага часу, - прадаўжаў Князь, - я ў вельмi агульных словах сказаў пра нашых хаўрусьнiкаў; тых, што маем i тых, што мець можам i будзем. Я выразiў надзею, што будзе вайна мiж захаднiм вольным сьветам i Масквою. Гэтага мы можам быць пэўныя. Цяпер пытаньне, магчыма, не апошняй важнасьцi: калi яно будзе? Сам Бог ведае. Усё-ж мы перш за ўсё людзi й калi плянуем вялiкую дарогу, дык прыблiзна аблiчаем час калi скончым вандроўку. I тут наш чыста людзкi элемэнт падказвае наступнае пытаньне: а што, калi гэтай вайны, якую мусiм выкарыстаць скора ня будзе? Што, калi яна будзе за трыццаць цi сорак гадоў? Што маем рабiць? Складаць зброю? Колькi мы можам, палягаючы галоўна на свае сiлы, вытрымаць у няроўным змаганьнi? А што яно будзе няроўнае, хiба-ж ясна. На гэта ўсё цяжка адказаць. Цяпер у нас iншага выхаду няма, а час пакажа што маем рабiць, прынамсi тыя з нас, што выжывуць... Я гавару да вас, як бачыце, зусiм шчыра, бо ведаю што вы ня лыкам шытыя... Скажу пра нашу цяперашнюю сытуацыю. Сiлы ў нас немалыя, арганiзацыя працуе, мэтады й сродкi ворага знаем навылёт. Сувязi з суседзямi маем. Сiлы нашы растуць i яшчэ павялiчацца ў змаганьнi...

Янук глядзеў на белабрысага чалавека, слухаў яго цiхiя словы, зьмест якiх здаваўся зусiм нярэальным. Гэты-ж чалавек гаварыў пра будучыню, якая вось неўзабаве мае распачацца. У гэтым, хутка адрамантаваным менскiм памешканьнi Янук сустрэў прадказьнiка свайго лёсу. Так, накш быць не магло. Ужо ўсё было пастаноўлена лёсам. Толькi як будзе з Дуняй? Цi яна возьме зброю й пойдзе зь iм у лес? Жончына месца з мужам. Гэта ясна. Але трэба ей усё вытлумачыць. Янук зноў прыслухаўся да Князя.

- ...ён добра ведае. Таму абавязкова спытайцеся Кастуся пра ўсе практычныя рэчы. Думаю, што ты, Антось, маеш больш набiтую руку ў змаганьнi iз зброяй, дык арганiзуй лясьнiкоў. Я так называю нашых змагароў зь лясоў, якiх будзе шмат зьвёнаў. Я наўмысна ня ўжываю абрыдзелых маскоўскiх тэрмiнаў. Кастусь вам падкажа сувязь зь iншымi зьвёнамi. Мы наўмысна трымаем людзей у вузкiх колах знаёмства з бээнпэ, каб забясьпечыцца на выпадак здрады... А здраднiкi, бязумоўна, будуць.

- Групу людзей я маю, - сказаў Дзяркач.

- Вось пра гэта я якраз i думаў, - прадаўжаў Князь. - Варта, ды проста неабходна вам будзе прызвычаiцца да новых абставiнаў. Галоўнае - сувязь. Усюды, дзе магчыма, мусiце мець свае вочы й вушы. А ў першую чаргу, пакуль маскоўская мятла падмяце нашых мужчын на гарматнае мяса, трэба ўцягнуць да сябе найбольш людзей. Усё-ж галоўнае - мерка. Бяручы на ўвагу галоўнае й першае нашае заданьне, - паралiжаваньне бальшавiцкага гаспадарча-адмiнiстрацыйнага апарату, - трэба, каб зьвёны былi рухлiвымi, маглi скора перакiдацца ў патрэбныя месцы. Не гавару аб спэцыяльных адзiнках, якiя будуць лiквiдаваць прыслужнiкаў акупацыйнага апарату. Цiвуноў трэба будзе лiквiдаваць на iхных пастох, а дзе ўдасца, там забiраць у палон i няхай iх судзiць народ. Трэба будзе пазьбягаць сутычак зь вялiкiмi карнымi адзьдзеламi працiўнiка. Галоўнае, - паралiжаваць iхную сувязь ды лiквiдаваць людзей, на якiх яны будуць абапiраць сваю прыгонную ўладу. Як бачыце, поле дзейнасьцi надзвычайна шырокае. Мяркую, што маеце пытаньнi?

- Што рабiць, - пытаўся Янук, - калi яны, прыкладна, даведаюцца што я й мая Дуня будзем у лясьнiкох? Пачнуцца рэпрэсii згодна iхнага прынцыпу масавае адказнасьцi. Калi яны забяруць у арышт майго бацьку бацьку й брата й скажуць, што калi я ня здамся то вышлюць iх на Сiбiр цi расстраляюць. Тады што рабiць?

Князь адказаў не адразу. Ён доўга i ўважна паглядзеў Януку ў вочы.

- Прынцып агульнай адказнасьцi, якi Сталiн заўсёды ўжываў, астаецца ў iх у сiле. Цяжкая сытуацыя. Мы пра гэта многа думалi. Прыйшлi да выснаву, што яны нiколi ня трымаюць свайго слова. Значыцца, калi-б тваiх родных забралi ды абяцалi, што iх выпусьцяць, як ты зброю зложаш, у такой сытуацыi, - i гэта напэўна, - здаваць зброi i йсьцi да iх ня трэба, бо яны нiколi свайго слова не датрымаюць. Ты, Янук, хлапец кемлiвы, гэта разумееш.

- Дык што рабiць?

- На гэта пытаньне, Янук, сам знойдзеш адказ.

Бахмач стараўся ўявiць сабе пэўную сытуацыю й жахнуўся. Цi ён ня можа стацца забойцам бацькi й брата? Цi Дуня ня можа спрычынiцца да няшчасьця свае маткi й сястры? Так, Янук ведаў адказ. Iншага выхаду ня было.

- На гэтым, - сказаў Князь, - буду й канчаць. Яшчэ маю да вас пытаньне: ты, Антось, маеш зброю?

- Маю, - усьмiхнуўся Дзяркач.

- А ты, Янук?

Януку падабалася гэна "ты". Чалавек гэты, як-бы ён нi называўся, Князь магло быць кансьпiратыўнай мянушкай, - вельмi яму спадабаўся. Вiдаць, што добра ведаў сваю справу й калi ў цантральным камiтэце Беларускай Незалежнiцкай Партыi iншыя сябры падобныя на яго, дык беларуская справа ў добрых руках. Прынамсi так думаў Бахмач.