Выбрать главу

- Ну й што ты думаеш, будзiць? Табе-ж лепi тутака вiдаць, бо я сяджу ў вёсцы, як у мяшку завязаны.

- Цяжка, Антось, сказаць што будзiць. Цяперака во, вiдзiш, мы ад сьвету саўсiм адарваныя. Гэта я пра сваiх людзей зь Вiльнi думаю. Трэба будзiць зь iмi зьвязацца. Будуць-жа камiтэты нейкiя цi што, газэты свае будуць. Новыя парадкi пачнуцца. Цяперака-ж, пакуль гэтыя вайсковыя хапуны тутака гаспадаруць дык нiма нiчога нармальнага. Калi тая цывiльная ўлада прыйдзiць дык Немiц будзiць памочнiкаў патрабаваць. Гавару пра нiжэйшую адмiнiстрацыю, такую як воласьцi, паветы ну й школьнiцтва. Немцу-ж ня хопiць сваiх людзей, каб за ўсiм гэтым глядзець, яму-ж ваяваць трэба. Дык вось, братка, калi гаварыць пра цывiльную ўладу дык яна, на маю думку, будзiць двайная, нямецкая й бiларуская... Таму нам цяперака трэба разглядацца й прыглядацца, ды калi настанiць час - нi спаць у шапку!

- Я вiджу, што ты, Кастусь, ужо многа чаго пiрадумаў. Калi так, дык можа скажаш i мне, што рабiць?

- Ты што, сьмяешся? Я ведаю, Антось, што ты добры жартаўнiк. Нi ад учарашняга знаемся. Але як ты гэта хочаш, каб я табе сказаў што рабiць?

Антось памаўчаў, узяў скрылёк памiдоры на вiдэлец.

- Не, Кастусь, жартаў тут нiма. Паслухай. З нашай вёскi Палякi змабiлiзавалi вунь колькi дзяцюкоў у войска. Ну й дзе яны? Толькi адзiн гультай, самы найбольшы недалуга вярнуўся. А дзе рэшта? Я, як сам знаеш, вышмыгнуў iм з рук. Гэта раз. Бальшавiкi мяне арыштавалi па даносу Лявона Шпунта. Блiзу галавой не налажыў у дарозе. А ты чуў, што яны ў Бярэзьвiчах нарабiлi, колькi людзей вымардавалi?

- Ага, чуў. Жахлiва!

- Ну дык во. Вiдзiш, я два разы з пасткi ўцёк. I от, дзякуй Богу, вярнуўся я дамоў, сяджу й думаю: а чаго-ж ад Немца чакаць? Ты думаеш, што ён аставiць мяне й такiх, як я, ды нi зачэпiць? Нiвядома як вайна пойдзiць. Можа ён ужо бальшавiком сьпiну зламаў, а можа й не. Ты кумекаеш што?

- Дык чаму-ж не, чую ад Немцаў. Кажуць, што гоняць па ўсiх франтох. Вiцебск, кажуць, ужо забраны, Кiеў абкружаны, а там на Ленiнград сьпяшаць. Ну але гэта толькi пачатак. Ты гэта самае, Антось, пытаешся, цi такiх як ты зачэпяць, цi не. Але-ж тут ня трэба быць надта мудрым, каб ведаць, што для вайны патрэбна й войска й сiла рабочая. Як нi пападзеш у вадно дык у другое. Пасядзець дома яны табе нi дадуць. Праўда, цяпер, кажу табе, зарана ведаць што й як будзiць, але яно скора праясьнiцца. Трэба быць гатовым. Я нi пра сябе гавару, бо я маю работу, магу iм быць патрэбным. Гавару пра такiх як ты, дзяцюкоў, моладзь...

Памаўчалi.

- Знаеш што, Антось, я пагавару тут з тым i сiм, буду вушы й вочы адкрытымi дзiржаць. Як што цiкавае, дык табе пiрадам. Добра?

- Чаму-ж не? Ты тут збоку, казаў той. Буду на цябе й лiчыць.

- От яшчо адно што цiкавае: Саладуху Немцы забралi й расстралялi, чуў? Трэба быць асьцярожным...

- Так? Не, ня чуў.

- Дык от цяперака чуеш. Ну Саладуха быў камунiст, а мы ня ёсьцiка. Але, знаеш, чаго я нi разумею? Немцы-ж самi ня ведаюць мясцовых камунiстаў, iм-жа нехта даносiць. Ну як ты думаеш?

- Вядома свае пальцам пакажуць.

Аграном усьмiхнуўся.

- Што пакажуць пальцам - гэта праўда. Але свае цi чужыя?

На такое загадкавае пытаньне Антось ня ведаў як адказаць. Ён упарта глядзеў Падгайскаму ў вочы. Абое маўчалi.

- Чорт iх знаiць якiя чужыя...

- А вось давай, Антось, разам падумаем. Цi мала ў нас тут чужых, каторым многiя з нашых людзей нявыгадныя? Пра камунiстаў я цяпер нi гавару, бо яны ў норы пазалазiлi, або зьбянтэжаныя, ня ведаюць што рабiць... Але вазьмi паляч'ё. Ты думаў пра iх?

- Ды не. А што такое яны робяць? Яны-ж цэлы час крычалi, што Немцы найбольшыя iхныя ўрагi. Я думаю, што яны цяперака Немца баяцца, каб ня выдушыў iх.

- Наiўнасьць, наiўнасьць, Антось. Крычаць на немцаў яны маглi. Але нi забывайся, што паляч'ё ня будзiць спаць, а нешта рабiць возьмiцца. Ну й цяпер уявi, што Немiц дасьць нам, Бiларусам, як i належыцца, - бо гэта-ж наша зiмля, - дасьць, значыцца, нам школы й адмiнiстрацыю. I што Палякi будуць рабiць, падумай. Вып'ем яшчо?

- Давай яшчо па аднэй. Бог тройцу, казаў той, любiць.

Падгайскi налiваў гарэлку, а Антось задумаўся. Аграном назваў яго наiўным. А ён-жа думаў, што меў ненайгоршую галаву на плячох.

- Ну, знаеш Кастусь, з гэтымi Палякамi ты мяне ў тупiк паставiў. Чакай, абажджы... Няўжо-ж ты думаiш, што яны маглi-б разам зь Немцам пайсьцi, каб нас iзноў душыць? Страшна падумаць...

- Яно-ж сабе страшна, але падумаць трэба. Бо калi мы нi падумаем, Антось, дык хто будзiць за нас думаць? Праўда? Я табе зараз раскажу чаму я так мяркую, што можа здарыцца. Але раней прыпомню табе вось што: ты ведаеш, што я звычайна негаваркi, язык за зубамi ўмею дзiржаць. Праўда?

- А як-жа...

- Але я знаю дзе й калi язык трэба за зубамi дзiржаць. Пiрад табой магу быць адкрытым i таму я так усьцешыўся, што ты да мяне прыйшоў. Трэба пагаварыць i падумаць разам. Але цi ты знаеш, што я агульна пра жыцьцё думаю, чаму я такi а ня iншы?

- Ды не, нi саўсiм.

- Я заўсягды стараюся бяду прадбачыць. Гляджу на самыя чорныя колеры, рыхтуюся да найгоршага. От што мне памагаiць. Усё гэта, вiдзiш, што я меў, пакуль гэтыя нячысьцiкi, бальшавiкi, прыйшлi ды забралi, я здабыў цяжкай працай i навукай. А гэта таму, што на нiкога нi спадзяваўся. От, Антось... Каб нi расьцягваць, скажу табе проста, што трэба прадугледзiць самае горшае й цяпер, дый асаблiва цяпер. Я прыслухоўваюся што Палякi мiж сабой сюсюкаюць i пшэкаюць... Знаеш, ацiраюцца тутака каля мяне... Ну, ведаеш, свой, местачковы ну й гэтак далей. Вось-жа й чую сёе-тое. Скажу табе проста: ужо Палякi думаюць як прыспасобiцца, каб неяк уладу ў свае рукi пры Немцах узяць. Вядома, яны асьцярожна, бо ваенная ўлада яшчэ тут. Але паночкi ўжо адзiн аднаму на вуха, як, маўляў, уладзiцца, каб цэлымi быць дый сякую-такую ўладу мець. А ты падумай, ну, прашу цябе, падумай, што добрага для нас, калi паляч'ё тутака над намi верх возьмiць, га?

- Вядома што будзiць...

- Во, во, вядома, а як-жа. I ты знаеш, што трэба толька, каб мiж iх адзiн цi другi адважны ды з галавой найшоўся, сказаў, павёў, як яны ўсе на падтрымку яму. Што-ж, нi праўда?

- Праўда, мы iх знаем.

- От, Антось, чаго я баюся. Нашыя людзi, ведаеш, спакойныя, асьцярожныя, даўно пры ўладзе ня былi. Пакуль яны куды, дык гэтыя ўжо пазалазяць. Ну, скажам, Немiц будзiць палiцыю арганiзоўваць, на дапамогу сабе. Ну й пазалазяць туды Палякi... Значыцца яны будуць мець у сваiх руках стрэльбы. Ну й вядома, нi над Немцам-жа яны будуць начальнiкамi, а над намi...