Чырвонае сонца выкацiлася з-за грэбня балотных зарасьнiкаў на ўсходзе, весела закукавалi ў Гаравацкай пушчы зязюлькi ды старэчым буйным чубам прыглядаўся ваколiцы, ледзь шэпчачы лiсьцямi, на Гараватцы гiгант Архiп.
- Дзякуй Богу за залаты дзянёк, добра во падсушыць, - памяркоўна, з задавальненьнем сказаў Пракоп, уторкнуўшы ў зямлю касавiла. Ён дбайлiва, жменяй скошанай травы выцер лязо ды выцягнуў зь кiшэнi зьлiзаны па канцах брусок. - Павайстры, сынок. Маладзец ты, роўна пракос дзяржыш.
Падахвочаны юнак паставiў касу. Ягоны брусок - маленькi язычок трывожыў яго. Трэба надта высьцерагацца, каб, замахнуўшыся iм, не чарахнуць рукой па вастрыю касы. Бацька ўчора яе добра выкляпаў, а сакавiтая раса й роўны луг як нельга лепш аблягчалi працу. Бахмачы пачалi зь вялiкiм размахам косамi ўядацца ў траву. Раса сьвяжыла босыя ногi, што пакiдалi на скошаным роўныя сьляды. Зоркамi сьвяцiлiся маленькiя кроплi на сьцяблiнках, а пах сьвежа кошанае травы казытаў ноздры носу.
- Як ты, тата, думаеш, колькi мы можам скасiць?
- Ды во.., - спынiўся бацька, - цяжка сказаць. Хто скарэй i болi скосiць, таму й будзiць.
Ён зiрнуў направа, дзе воддаль, з посьвiстам, касiлi iншыя.
- Старайся, сынок, каб хоць на пару вазоў было. Свайго-ж, ведаеш, што кот наплакаў.
I Янук пачаў нацiскаць што моцы, каб ад бацькi не адставаць. Калi брат Мiкола ў той час, калi сонца ўжо вышэй Архiпа ўзьлезла, прынёс у абвязанай ручнiком глiнянай мiсцы цёплую вараную бульбу з пахучым укропам, пару добрых скварак ды ў асобным збанку кiслае малако, бацька аблiчыў з задавальненьнем, што ладны кавалак лугу зваявалi. Усё-ж не бяз трывогi зiрнуў ён на суседнiх касцоў.
- От каб нам да гэнага лазьняку ўсьпець, - кiўнуў галавой убок, бяручыся за сьнеданьне. - Трэба сьпяшыць, пакуль сонца расу згонiць, бо тады цяжэй будзiць.
Да iх з таго боку ад касцоў нехлямяжа, пераступаючы валы сена пракосаў, зблiжаўся Антось Дзяркач. Ён, вiдаць, таксама нядрэнна нацiскаў, бо пот выступiў палосамi праз крамную кашулю сьпераду. Ад часу вяртаньня "з таго сьвету" ён пагладзеў, вярнулася даўная ўпэўненасьць i навет калiшняя поўная гарэзьлiвая жартаўлiвасьць, так добра ведамая вясковым дзеўкам.
- Здароў, дзядзька Пракоп! - гукнуў здалёк. - Здаровы сыны. Памажы вам, Божа!
- Памажы, Божа, працаваць цi есьцi? - пажартаваў Пракоп. - Здароў, Антось. Можа во прысядзеш пiракусiць?
- Ды не, дзякую. Узяў я з сабой нешта ў торбачку. Пiракушу, як пару пракосаў яшчо праганю. Ды нацiскаць трэба, бо дзень залаты... А як вам косiцца?
- А, нiчога... Янук надта добра памагаiць. На пару вазоў, думаю, справiмся, калi нi наляцiць хто...
Пракоп з пытаньнем зiрнуў на Антося.
- Ну Янук у вас маладзец. Дзяцюк ужо!
Янук аж падрос на вачох у Антося.
- А адкуль-жа маiць наляцець? - спытаў Пракопа Антось.
- Ды хто iх ведаiць... Сам ня чуў нiчога? Можа во быў дзе?
- Дык я-ж во дзiля гэтага, можна сказаць, да вас прышоў...
- А што? - падняў Пракоп галаву, спадзяючыся навiны.
- Быў на днях у Падгайскага Кастуся. Разгаварылiся...
- Ага, нi i як ён?
- Так сабе, дзержыцца. Немiц у яго проста загаспадарыў, гароднiну забiраiць...
- Як гэта забiраiць? Задарма?
- Ды даець яму квiткi й кажыць, што калi цывiльная ўлада прыйдзiць то заплацiць яму тады за ўсё.
- Цывiльная? Калi гэта?
- Дык яны-ж нi кажуць. От фронт пасунiцца на ўсход, дык тады цывiльныя прыйдуць... Ну, алi пра гэта доўга гаварыць, можа пагаворым як свабадней будзiць, можа па захадзе сонца.
- Чаму-ж не, зайдзiся, Антось. Надта ўсё гэта цiкава, што табе Падгайскi мог сказаць. Яму там да Немца блiжэй, лепi вiдаць.
- Добра, можа зайдуся. Алi цяпер, дзядзька Пракоп, хачу пiраказаць вам што мне Кастусь казаў. Шапнi, кажа, там нашым на вуха, каб якую скаромiну, муку, яйкi, птушку, ну ўсякае дабро пахавалi, бо Немiц на вёскi налёты робiць, мужыкоў абiраiць. Дык от, кажыць мне аграном, нiхай прыхiнуць што якоя могуць. Гэдак i сказаў, а ўсё болi самi дадумацца можаце. Аказваецца, што як наляцiць войска, дык пазабiраiць конi з вазамi, награбiць усякага дабра й сабе валачэць...
- Ну а што зробiш, як прыедуць? Усяго нi пахаваеш. Тыя чэрцi паабчышчалi, каб iх зiмля нi насiла, а цяперака гэтыя бяруцца...
- Знаю, знаю, але зразумей, што нямецкiя налёты, гэтыя хапу-лапу робяцца ваеннымi, дык i бяда таму, каго абчысьцяць. Бо як прыйдзiць цывiльная ўлада дык тады й падаткi будуць.
Мужчыны змоўклi. З захаду на чыгункай пачуўся гул, ён рос i прыблiжаўся, неўзабаве ў сьвятле раньняга сонца зазьзяла вялiкая сярэбраная група бамбавiкоў. Касцы паднялi ўверх галовы.
- Зноў лятуць кляваць! - усклiкнуў Антось.
- От сiла! А дзе-ж бальшавiцкiя падзелiся? - пытаўся Янук.
- Добра, што нячыстая сiла ў штаны напусьцiла. Так iм i трэба! - злосна сказаў Антось.
- Ах, Божа ты мой! - уздыхнуў Бахмач, устаючы ад сьнеданьня. - Нiвядома яшчо, што гэтыя во пакажуць, чым вайна скончыцца. Нiхто дабра нам нi прыносiў...
- Добра, дзядзька Пракоп, пагаварыць пагаворым, - усхапiўся Антось, але я мушу назад да касы...
- А бацька нi памагаiць?
- Занямог нешта.
Антось зрабiў крок, другi й спынiўся. - I з табой, Янук, хачу такжа пагаварыць, - сказаў.
- Са мной? Пра што? - зьдзiвiўся Янук.
- Ды... посьля... Цяперака нiма часу. Увiдзiмся.
I пасьля гэтых слоў Дзяркач раптоўна рушыў да сваей, уваткнутай воддаль у скошаны луг касы. Непадалёк яе крочыў, грацыёзна падымаючы доўгiя ногi, быццам каб не замачыцца, прыгожы рослы бусел. Ён нешта злавiў у дзюбу, падняў галаву, праглынуў i пазiраў на Антося, якi шпарка прыблiжаўся. З павольным узмахам крыльляў падняўся, зрабiў вялiкi круг i прызямлiўся ля хмызьняку над канавай. Пастаяў, глянуў навокал ды ўзяўся прадаўжаць сваё паляваньне.
Мiкола ўзяў пасуду.
- Чуў, Мiкола, што Антось казаў? Сёе-тое трэба будзiць схаваць, прыхiнуць, - казаў Пракоп сыну.
- Ага, трэба.
- Ды чорт яго знаiць што й куды, - задумаўся Пракоп. - Ну ладна, iдзi дамоў i там, за гаспадаркай глядзi.
Янук узяўся за касу й задумаўся: пра што хацеў пагаварыць зь iм Антось Дзяркач? Часам здавалася яму, што цяперашнi Дзяркач i ранейшы - гэта два апрычоных чалавекi. Колiшнi жартаваў, сваволiў, часта над такiмi падлёткамi, як Янук, зьдзекваўся, сур'ёзна да iх не гаварыў, ад сябе гнаў. Ад часу вяртаньня з бальшавiцкае вязьнiцы Антось выразна спаважнеў, стаўся больш памяркоўным, задуманым, на слова ашчадным. I цi тая гаворка, якую прыабяцаў, мела што супольнага зь вiзытай да Кастуся Падгайскага, пра якую во толькi што бацьку згадываў? А калi так, то чаму якраз меў зь iм, Януком, пра яе гаварыць?