- Нi пацягнiць, дык прыстрэляць. А куды яны паехалi?
- У Гаравацкую пушчу. Няўжо-ж яны на гэтых бандытаў?
На падходах да Докшыцаў, у лясной паласе, што была пад кантроляй "начных уладаў", якiя гэтта панавалi i ўдзень, адбылося злучэньне "цыганоў" Гiль-Радыёнава з бальшавiцкiмi бандамi Жалязьняка. I наступнага дня ранiцай яны заатакавалi Докшыцы. Калi выразiцца дакладней, гэта ня была нiякая атака, а паглынаньне малога й слаба ўмацаванага раённага мястэчка вялiкiмi масамi зьдзiчэлых людзей, што нарэшце набралiся адвагi, каб вырвацца зь лесу. Докшыцкi гарнiзон палiцыi й Немцаў доўга ня вытрымаў цiску навалы й мала каму зь iх пашанцавала выратавацца. У гэны дзень пачынаючы ад старшынi раёну Пархвяновiча й школьнага iнспэктара Ворана, загiнула ўся беларуская адмiнiстрацыя. Зьдзiчэлая "армiя", пасьля лiквiдацыi ўраднiкаў, налётам рабавала ўсiх мясцовых жыхароў. Хто супрацiўляўся, таму прыпiсвалася супрацоўнiцтва з фашыстамi. Тут-жа й кара.
Пасьля захопу Докшыцаў, гэтае "гэройскае" войска накiравалася ў Гацi. Падарозе нагала абчысьцiлi колькi вёсак, моладзь забiралi "на службу", зь якой бальшынi ня было паваротнага шляху. Гэтым разам нешчасьлiвыя сяляне, што крыху абжылiся пад нямецкай акупацыяй, ня ведалi куды хаваць хатнi статак цi якое iншае дабро, куды самiм ад гэтае навалы скрыцца. У лес не ўцячэш: там-жа яны, а ў горад, ведама, ня пойдзеш.
На Гацi напалi ранiцай каля гадзiны дзявятае, ад вёскi Бабiчы, што прылягала да мястэчка з паўдня па дарозе з Докшыц. Гэнае ранiцы Янук Бахмач араў папар. Калi пачулiся стрэлы й шугануў дым зь першага пажару, ён спынiў кабылу, абапёрся на поручнi плуга. Зьдзiўлены, прыглядаўся пажару й чуў страляньне, ня ведаючы як гэта вытлумачыць. Думка прыйшла сама сабой: цi ня тыя зь лесу спрабавалi свае мускулы. А зь iмi, пэўне, i гэтыя "цыганы", што кагадзе Лiтоўцы абчысьцiлi. I адразу-ж згадаў брата Мiколу. Дзесьцi мiж тае масы "цыганоў", напэўна галодны, зьняможаны, брат Мiкола й недалужны конь. Два калекi. Што зрабiў-бы ён, Янук, апынуўшыся разам з гэтай бандай на бальшавiцкiм баку? Цяжка сказаць.
Стралянiна мацнела, цяпер чуваць было й цяжэйшыя выбухi. I тады, зьбянтэжаны гэтай нечаканай вайной, Янук зiрнуў на вёску. Людзi беглi на Гараватку, бо адтуль можна было бачыць некаторыя аб'екты станцыi. Стараючыся адагнаць аваднёў, кабыла заядла махала хвастом, тэпала ў гужох, павярнула налева галаву й быццам зьдзiўлена пазiрала на юнака пры ручках плуга. А Янук назiраў, што рабiлася на лiтоўскiм полi. Некаторыя людзi, перапалохаўшыся, беглi ў вёску, гналi з сабой статак. А стралянiна ўзрастала. Над станцыяй ужо ў многiх мясцох клубiўся чорна-блакiтны дым. Прыпякала сонца й лёгкi вецер нахiлам нёс дым у паўночны бок. Крыху падумаўшы, Янук выпраг кабылу, асядлаў яе, спацелую, i трушком паехаў дахаты. Пры весьнiчках сустрэў яго бацька.
- Сынок, напаi кабылу, завядзi й прывяжы яе каля пунi. Хто ведаiць, што будзiць. Можа трэба й карову забраць з загарадкi, чорт iх ведаiць... Я сам пайду...
На Гараватцы Янук пабачыў шмат людзей. Дуня адразу падыйшла да яго.
- Што ты думаеш, Янучок? Здаецца, вайна?
- А чорт iх ведаiць. Мусiць гэтая басота зь лясоў. а зь iмi, можа, тое цыганскае войска.
- Каторае? Што тут у нас было?
- Якое-ж яшчо...
I, памаўчаўшы, Янук дадаў.
- Недзе-ж тамака зь iмi й наш Мiкола.
- Дык ты думаеш, што гэтыя да бандаў пайшлi?
- Ну а куды-ж? Адна басота. Ваўка як нi кармi, ён у лес глядзiць.
- А што гэта будзiць, як гэтыя Гацi забяруць i да нас прыйдуць?
Гэткае голасна сказаў солтыс Паўлоўскi. Нiхто яму не адказаў. Ведалi, што калi раней бальшавiцкiя банды вёску рабаваць прыходзiлi, солтысу неяк заўсёды шанцавала скрыцца. Нiхто ня ведаў, як гэта яму ўдавалася. А справа зусiм простая. Пад хатай Паўлоўскi меў досыць абшырны склеп, зь якога праз спэцыяльны выхад, раней дароблены, - нешта падобнае, як у Антося Дзеркача, ён мог выпаўзьцi, нiкiм незаўважаны, на двор i перачакаць. Аднойчы "ваякi" зь "вялiкай айчыннай" спрабавалi даведацца ў жонкi, дзе мясцовы начальнiк, бiлi яе, але старая ня выявiла мужавай тайнiцы.
Солтысава пытаньне нарадзiла шмат у каго трывогу. I запраўды, калi Гацi заберуць, чаму-ж iм у Лiтоўцы, гэтта зусiм пад бокам, не заглянуць? Хто-ж iх спынiць? Тымчасам рэха бою ўзмацнялася. Маўклiвыя сяляне прыглядалiся дымам пажараў. Аксенiнага Арсеня падсадзiлi на Архiпа. Добры назiральнiк, ён зьверху крычаў:
- Школа гарыць, вялiкая школа гарыць!
I яшчэ крышку пачакаўшы, калi чорны дым густымi клубамi паказаўся непадалёк, з правага боку.
- Мусiць паравознае дэпо, яй-Богу яно!
Калi гарэла тая вялiкая школа, у якую некалi хадзiў Янук, што стаяла зарз пры Бабiчох, дык калi полымя ўзялося ўжо за чыгуначную майстроўню, дык, вiдаць, напасьнiкi пасоўвалiся наперад.
- А што, калi яны й да станцыi дабяруцца?
- Дык тады лiчы, што мястэчка ў iхных руках.
Чыгуначная станцыя ляжала ў цэнтры мястэчка. Перш, чым дайсьцi да яе, трэба было здабыць галоўную пазыцыю - палiцыйную станцыю i тут-жа побач баракi нямецкае жандармэрыi. Апроч таго, як заўсёды, праездам на чыгунцы было нейкае войска. Цяпер чуваць былi частыя чэргi з аўтаматычнае зброi i гулкiя выбухi.
- Гэта, вiдаць, гарматы, - сказаў Уладзiмер Пятух.
- Не, мiнамёты, - адказаў Антось Дзяркач.
- А як пазнаеш?
- Калi ня чуў, цi ня вiдзiў, дык i нi пазнаеш.
У паветры пачуўся сьвiст куляў. Хто мог сюды страляць? Цi хто зь лесу, або з дарогi? Людзi ўстрывожылiся. Нiкога нiдзе ня вiдаць. Калi-б гацкаму гарнiзону мела надыйсьцi помач, дык хiба з другога боку, адтуль з Глыбокага. I запраўды, ужо далёка за поўдзень з Глыбокага пасьпяшылi панцырныя машыны. Дзякуючы iм ды сьвежаму войску цэнтр акцыi ў Гацях пачаў паступова аддаляцца ў той бок, адкуль пачаўся, значыцца ў раён Бабiчоў. Над вечар бой скончыўся, людзi ўзялiся гасiць пажары.
Назаўтра ранiцай некаторыя лiтоўскiя, у iх лiку Янук i Антось, пасьпяшылi ў мястэчка. Па вулiцах ляжалi пабiтыя конi, трупы людзей. Антось i Янук iшлi памалу, разглядалiся. Воддаль пабачылi групу людзей, што пад наглядам Немцаў сьцягвалi хлам. У паветры яшчэ стаяў смурод гару, паленага мяса.
- Глядзi, каб нас да такой работы нi забралi, - перасьцярог Антося Янук.
- Ты праўду кажаш, - згадзiўся Антось. - Давай лепi ля гародаў пойдзiм.
- А куды гэта?
- Да Падгайскага.
Здавалася, што Антось добра ведаў усе сьцежкi паўз агароды. Наўмысна пайшлi з паўночнага боку, бо калi-б стаялi вайсковыя нагляды, дык хiба-ж з паўдня. Адсюль вiдаць былi абгарэлыя сьцены чыгуначнае майстроўнi, а за ёй у вадлегласьцi тарчэлi два комiны й сьцены калiшняе школы. У тым раёне згарэла некалькi хатаў. Найбольшы рух адбываўся на чыгунцы, патрэбнай для забясьпечаньня галоўнага ўсходняга фронту. Спаленыя вагоны сьцягвалi на бочныя шляхi. Гоман, стук лязгат. Перад сьветафорамi нецярплiва пыхцелi цягнiкi.