Пратэстуе запертая ў клетку птушка. У яе, як вядома, птушыны, значыцца нiякi розум. Яна б'ецца крыльлямi аб сьцены, цi вокны, часта на сьмерць забiваецца. Чалавек накшы. Ён разважае. I пратэст яго можа быць больш ёмкi, калi розум падказвае, што цябе вязьняць бязь нiякае прычыны.
Сьцьвердзiўшы сваю нявiннасьць, Янук узяўся пiсаць просьбы вязьнiчным уладам, каб яго звольнiлi, што ён, вiдаць, трапiў сюды праз памылку. Пiсаў, калi паперы мог ад вартавых атрымаць, панямецку, муштраваў свае мазгi, рацыянальна тлумачыў выпадак, дзякуючы якому тут апынуўся. Лiсты цi просьбы гэтыя аддаваў вязьнiчным сторажам, якiя звычайна абяцалi перадаць iх начальству вязьнiцы. Цi перадавалi, цi не, невядома, але Янук нiколi нiякiх адказаў на iх не атрымлiваў. I тады паўтараўся цэлы працэс. Янук пачынаў пiсаць новую просьбу. Яму адно сказалi, што каб сядзеў да суду, а калi суд адбудзецца то яму скажаць за што ён сядзiць i колькi тэрмiну зьняволеньня мае. Адылi нiхто не сказаў яму як мае адбывацца суд. Гэта значыцца вязьнi махалi рукамi й гаварылi, што нiколi нiкога на суд ня выклiкаюць, што калi й запраўды такi ёсьць, дык ён, мусiць, тайны. Януку раiлi сядзець спакойна й чакаць свае долi, якая-б яна ня была-б.
I Янук сядзеў, бiў вошы, якiх тут, вiдаць, завялiся мiлiёны. Прасядзеўшы ўжо амаль месяц, хлапец вельмi зьдзiвiўся, што не атрымаў нiякiх вестак ад свае раднi й сябраў звонку. Цi-ж нельга было якiм чынам якую вестку пераслаць? А гэты новы вязьнiчны сьвет быў настолькi для яго таёмны, што каб даведацца дзе й што робiцца ды як робiцца, ня ведаў-бы каго пра гэта спытацца. Вартавыя зь вязьнямi не гаварылi, на нiякiя пытаньнi не адказвалi. Да каго зьвернешся?
Памяталася, калi адно яго пасадзiлi, Янук адразу заявiў, што гэта, пэўне, нейкая памылка, што вось тут адразу, ледзь не ў наступную хвiлiну, разгледзяць яго справу й абавязкова выпусьцяць. Прысутныя ў камэры, - было гэта вечарам упацёмку; навокал цябе маса твараў, цела й смуроду, - голасна разрагаталiся.
- Ты что, западнiчок, верно? - пачуўся голас зь верхняе нары.
- Як гэта?
- Ну да ты iз западнай?
- Ага.
- Вiдно ты зелененькiй... Сколько цебе лет?
- Васемнаццаць. А чаму?
- Да, вiдно. От сматры, сейчас раскроецца дзьвер i цебя выпусьцят. Га-га-га.
Дружны голасны рогат.
Лепш было-б, каб той Мiшкiн цi Кабылкiн пакiнулi цябе ў супакоi. Яны прафэсыянальныя зладзеi, а можа й забойцы. Паслухай iхную гутарку, калi пачнуць мiлую мiнуўшчыну згадваць. Цi ня "ўсесаюзнага стажу" гэтыя зладзеi? Як вэтэраны войнаў, успамiнамi свайго запраўднага цi ўяўнага гэройства зьняможаныя душонкi лашчаць, гэта яны апавядаюць пра свае "подзьвiгi": калi й як ды каго абакралi, якiя, маўляў, зь iх спэцы, хто й каму ды калi горла перарэзаў. Пасьля перабiраюць ведамых прастытутак, якая зь iх i як... Аж млосна пабочнаму слухачу ад такiх апавяданьняў становiцца. Некаторыя "барышнi" й цяпер iм "падачкi" валакуць. Такiя людзi, як гэтыя два, у вязьнiцы быццам у гатэлi жывуць. У iх i добры хлеб, i сала, i масла, i табакi ўволю, i гарэлка навет. Ёсьць у iх сувязi iз такiмi кабылкiнымi й мiшкiнымi ў iншых камэрах. Вартавы, мясцовы менскi Беларус, што шэсьць чалавек на працу кажны дзень iз стрэльбай водзiць, не баiцца, што Мiшкiн уцячэ. У iх паразуменьне. Вартавому-ж неяк жыць трэба. У яго, магчыма, ёсьць дзесьцi жонка й дзецi, цi яшчэ хто, каторых кармiць i апранаць трэба. А Мiшкiна добра ягоная зладзейская сетка забясьпечвае. Там нешта й вартавому перападзе.
Каб даведацца нешта пра вязьнiцу цi якiя верхнiя спрунжыны начальства, або суды, - разважаў Янук, - дык трэба было-б Мiшкiна цi Кабылкiна пытацца. Але як ты да iх у давер улезеш, калi для iх ты - "шпана", ды каб яшчэ якая мясцовая, дык не, "западная". Чорт знае, што за шпана гэта, - нi рыба, нi мяса. Янук хутка спанатрыў, што мiж гэнымi зладзеямi "усесаюзнага значэньня" i iншай "шпаной" утварылася нябачная, але зусiм рэальная сьцяна. У зладзеяў свае, Януку няведамыя нормы. I мова iх iншая, чым Янукова, i iз звычайных людзкiх адносiнаў яны кепiкi робяць.
Вязьнiчны сьвет цiкавы, адно яго разглядаць умець трэба. Апроч антыграмадзкага элемэнту, колькi-ж прыпадковых людзей сюды трапляе! Вунь гэны дзядзька ў лапцёх i палатняным армяку - сеянiн-калгасьнiк спад Заслаўя. Укiнулi яго кагадзе i да адказу напханую камэру, а ён, ня гледзячы на свой паважны век, расплакаўся..
- Пайшоў я гэта ў лес, каб якога сучча наламаць, - казаў дрыжачым голасам, празь сьлёзы. - Чым-жа хату нагрэеш? А тутака, чорт вас ведае адкуль, каб вы галовы паскручвалi, палiцаi й Немцы наляцелi. Ну й да мяне: ты парцiзан! Вы жартуеце, мусiць, кажу я iм. - Якi зь мяне парцiзан, я во прыйшоў сукоў якiх насеч, бо ў хаце мерзьнем. У мяне во толькi, кажу, тапор, прыйшоў якую сухастоiну сьсеч цi што. А яны, каб iх трасца, слухаць ня хочуць, мяне каленкам у зад дый пагналi. От вам i партызана знайшлi. Гы-гы-гы.
Вёска беларуская, простая й няхiтрая, у менскую вязьнiчную камэру заглянула. Пабачыўшы такую, нiчым няпрыкрытую, наiўную шчырасьць, вязьнi змоўклi.
- Так есьлi ты працiзан, так прызнавайся, сукiн сын, такую тваю! раўнуў Мiшкiн.
Гэты дысананс у агульным настроi, калi людзi ў адзiн момант спалучылiся пачуцьцём перад нейкай, хвалюючай iх зьявай, выклiкаў дзёркую рэакцыю з кута:
- Змоўк-бы ты, басяк нензенскi! Цi ня вiдзiш, што дзядзьку нiзашто ў турму ўпяклi?
Мiшкiн злосна зiрнуў у кут, але нiчога не сказаў.
Nigdy, przenigdy
nie zgniebia nas!
Голас бадзёрыўся. Цiкава, цi гэтаму сьпеваку хто калi звонку памагае. Калi ён спэкулянт, дык яго напэўна забясьпечваюць сябры, а калi якi палiтычны, дык можа забярэ калi яго той зялёны грузавiк, што кажную ранiцу ў вязьнiчны двор прыяжджае, набiрае палiтычных вязьняў i пад зброяй вязе некуды, адкуль iм павароту няма.