Дзесьцi ў школе ў Лiтоўцах зроўнаважаным крокам, сканцэнтраваная, маршыруе перад дзеткамi Дуня. Значыцца не маршыруе, але паволi ходзiць. Дуня любiць перад вучнямi хадзiць. Хада памагае думаць i ўсiх на воку трымаць. А ейны спакойны голас апавядае дзеткам пра Нёман i Дняпро, Вяльлю й Нарач, i Заходнюю Дзьвiну. Часьць дзяцей мае пiсьмовую лекцыю. Як-бы хацелася Януку, каб нейкi дыван-чарадзей перакiнуў яго зь менскай вязьнiцы ў Дунiну школу, каб хоць на момант зiрнуць на мiлы тварык, пацешыцца васiльковымi вачанятамi, глянуць на пяшчотныя вусны.
У вязьнiцы шмат чаго й каго iдэалiзуецца. Для Янука Дуня Макатунiшка гэта ўжо ня звычайная рагатуха гарэзьнiца, а нейкая зусiм недаступная сьвятоша, ледзь ня ангел. Як казаў у iншым зьмесьце вялiкi паэт: колькi цанiць цябе трэба, адно той спазнае, хто цябе страцiў...
"Няўжо-ж, няўжо я Дуню страцiў?" - думаў Янук.
Горкiя сьлёзы хлынулi раптоўна на бледны й сухi твар. Глыбокi плач пачаў тузацць грудзьмi. Воля сьлёзам. Але яны хутка перасохлi й асталося зьняможанае ўздыханьне.
На калiдоры пачулiся крокi й галасы спынiлiся ля дзьвярэй. У замочыне заскрыгатаў ключ. Людзi вярталiся з працы. Янук мiгам ускочыў з нараў.
31
Дуня Макатунiшка й Нiна Бурачыха (цяпер Дзеркачыха) дрыжэлi ў нары ад холаду й страху. Выскачылi проста з нагрэтай пасьцелi. Добра, што абутак i вопратку схапiлi, якая, дзякуючы Антосевай мудрасьцi, якраз такой нагоды пры ложку чакала. Цяжка было-б сказаць, цi дрыжэлi больш з холаду цi перапалоху. I адна, i другая ня толькi баялiся слова вымавiць, каб, баранi Божа, бандыты наверсе не пачулi, але турбавала кажную зь iх занадта раптоўнае, з паднечаньня, бiцьцё сэрца. А тыя, наверсе спынiлiся й перасталi пад нагамi рыпець масьнiцы.
- Глядзi, Лявон, коўдра адкiнутая, пасьцеля цёплая. Яны, гэтыя фашысцкiя блядзi, недзiка саўсiм нiдалёка.
Голас памяркоўна-разважны, ядавiты, помсты прагны.
"Хто-ж гэта такi? Цi ня Павалiцкi Хвёдар?" - думала Нiна.
- Дык дзе-ж яны могуць быць, калi з хаты не ўцяклi?
Жанчыны, здавалася, зусiм спынiлi дыханьне. Так добра iм ведамы Лявонаў голас гэтта-ж над падлогай, проста над iхнымi галовамi азначаў нямiнучую загiбель, калi бандыты будуць кемлiвымi й спасьцерагуць пад ложкам, закрыты дзьверцамi, прарэз, што вядзе ў склеп. Амiн усяму. Нiна, дрыжачая, зубы сьцiснула: "Антоська, родненькi мой саколiк, дзе ты? Пастку-ж ты на iх змайстраваў. Зьявiся во цяперака, памажы нам. Божа, зьмiлуйся, памажы!"
Упоцемку Дунiна рука аблапiла й моцна сьцiснула ейную далоню i як-бы новай i спорнай сiлай ў Дзеркачыху ўлiлася. Збоку-ж сяброўка... Можа як парадзяць з гэтай пошасьцяй... А можа там, - быць-жа ня можа, каб нiхто не пачуў i ня бачыў iх, як сюды йшлi, - можа як перададуць палiцыi ў Гацях. Быць ня можа, каб ратунак ня прыйшоў.Гэты басяк, пэўне ў лесе зусiм зьдзiчэў. Колькi пазьдзекуецца, пакуль Богу душонку сваю аддасi...
А тыя наверсе стаялi, разважалi нешта, Каб iх чорт узяў! У гэны дзень, пасьля раньняга зьмярканьня, Дуня доўга працавала над школьнымi сшыткамi, пры мiзэрным сьвеце лямпы. Зусiм бяз практыкi навучаньня адна на чатыры клясы ў школе вёскi, дзе некаторыя старэйшыя вучнi й цяпер яе "Макатунiшкай жабоцькай" называлi ды не хацелi слухаць, Дуня цягнула, як магла. Патрабавалася надзвычайнае адвагi й вытрываласьцi. Ня гледзячы на кусьлiвыя языкi некаторых вяскоўцаў, Дуня ўцягнулася, дысцыплiнай i пасьлядоўнай працай пачала здабываць зусiм заслужаны аўтарытэт. А працы ўсё прыбывала.
I ў той зiмовы вечар, школьнае скончыўшы, Дуня разгаманiлася зь Нiнай. Разважалi насамперш пра сваiх дзяцюкоў. Бядуючы па сваiм Янучку, якi, быццам у ваду, недзе ў Менску ў вязьнiцы прапаў. Дуня аж сьлязу пусьцiла. А Нiна наадварот, - сама бадзёрылася й Макатунiшцы памагала.
- Цi помнiш, Дунiчка, як ты да нас першы раз жыць прыйшла? Казала-ж я табе тады, што ўсё на добры лад пойдзiць. Так i было. Нi бядуй i па сваiм саколiку, бо надта-ж малады ён i тую цюрму пiражывець ды да цябе вернiцца.
I прыгадала Дуня час, як да Нiны перабралася.
- Хадзi, Дунiчка, да мяне, - сказала добразычлiвая Антосева жонка, калi аднойчы Дуню на дарозе са школы спаткала. - Як-жа табе там быць, як-жа ты на лекцыi прыгатаўляiшся? Цi-ж я нi знаю, як цесна ў вас? Дык хадзi, во ў мяне лепi табе будзiць, дый мне куды вiсялей... Знаеш, як мой Антоська ў палiцыю пайшоў, сама-ж я. Кажыць мне, што мяне ў Гацi забярэць, ну але пакуль тое будзiць, дык мне маркотна самой...
I Дуню ня трэба было доўга спанукаць. Сама ведала, што з маткай, сёстрамi ды дзяцьмi ўдома ёй ня месца. А пры школе жыць ня было дзе. Дык гэтта Нiна, - няхай Бог ёй здароўя прыспорыць, - як на выручку выбегла. Ужылiся скора. Дуня абяцала Нiне за харчы плацiць, але тая замахала рукамi.
- Знаеш, даражэнькая, жывi во й нi бядуй. Есьцi ў нас уволю, дзякуй Богу, назапасiлi й гароднiны й садовiны, дый мяса не зьвялося, а ад каровы малака хапаiць. Дык во жывi, а там неяк палiчымся. Што там гаварыць пра тыя твае маркi, што за iх купiш цяперака...
Дуня накш на свой заробак глядзела. Праўда, за яго надта не разгуляешся, але-ж на бяду магло хапiць. Ясна, Дуня крыху й ганарылася, што вось яна першы раз у жыцьцi магла нейкiм сталым i навет наводля мясцовых мерак салiдным заробкам пахвалiцца. I таму Нiнiна заўвага, што "за тыя твае маркi" нiчога амаль ня купiш, крыху ўквялiла яе.
Спалi на падвойным ложку. А ў той вечар, калi Дуня супакоiлася ў першым салодкiм сьне роўным дыханьнем, Нiна, быццам прадчуваючы нешта, не магла заснуць i прыслухоўвалася як гаманiў нешта ля вокнаў вецер; мяркавала, цi не ўскапышыцца ён, цi не распрастае свае шырокiя крыльлi ды цi не пачне iзь сьнегам у коньнiкаў забаўляцца. I думала, ужо ў паўдрымоце, яшчэ пра Антося, гадаючы цi дзе ноччу на варце стаiць, цi можа зь ягоным удзелам якi выезд на бандытаў плянуецца. Апошнiмi часамi гэтыя пасьмялелi, цi не таму, што свае з усходу блiжэй падбiраюцца. На чыгунцы было ўжо колькi мiнных узрываў, хоць безь вялiкiх стратаў для едучага войска.
I ў гэткай дрымоце, дзе рэальнасьць трацiць свае выразныя рысы, каб замянiцца першым, моцным i надта-ж салодкiм сном, раптоўнае й наглае браханьне Ромкi вярнула яе да поўнае прытомнасьцi. Сабака, залямантаваўшы на ўсю шырыню горла, кiдаўся на прывязi, шалёна зьвiнеў ланцуг. Хто-ж гэта там, такой познай ноччу ганяе?