Сталася нешта надзвычайнае. Пачуўся выразны сьвiст, якраз на той лад, якiм некалi адно Косьцiк Сабакевiч мог свайго гадунца клiкаць. Сабакаў голас перамянiўся. Ромка ўсё яшчэ брахаў, але голасам няпэўным, быццам ня мог пастанавiць, цi той, што сьвiшча, прыяцель цi вораг... Нiна села ў пасьцелi, заклапочаная, затрывожаная. Хто гэта такi той, што мог так высьвiстываць да Ромкi як калiсьцi Косьцiк i якi чорт яго тут познай ноччу ганяе?
Няўцямнасьць i зьбянтэжаньне. А за iмi перапалох. А калi гэта вораг, то як баранiцца? Пакуль Нiна змагла сабрацца з думкамi, з двара пачуўся моцны, прыдушаны сабакаў енк i голас яго пачаў слабець, быццам яго хто раптоўна ножам пад сэрца саджануў. Нiна з усей сiлы зварухнула Дуню:
- Дунiчка, чуеш?
- А што? - адказала, ужо зусiм прачнуўшыся, дзяўчына.
- Ромка... Нехта Ромку забiў. Скарэй хаваемся!
Паўтараць ня трэба было. У Нiнiным устрывожаным голасе ўвесь зьмест. Раней Дзеркачыха навучыла Дуню што рабiць у выпадку небясьпекi. А той цi тыя, што забiлi сабаку, ужо грукалi ў дзьверы ў сянёх. Быццам узгарэўшыся, жанчыны накiнулi на сябе вопратку, надзелi абутак, адсунулi пасьцелю й адкрылi дзьверцы ў нару пад падлогай. Нiна ведала, што дфзьверы ў сянёх ня толькi на моцнай засаўцы, але яшчэ й замку. Калi хто запраўды пачне сiлай у хату ламацца, то павiнен разьбiваць дзьверы. Усё-ж улезьцi ў нару ня было так проста. А галоўнае, улезшы, трэба было пасунуць ложак, каб закрыць у падлозе квадратовае вечка, дзьверы ў тайнае сховiшча.
- Адкрывайце, блядзi фашысцкiя!
Голас з-за дзьвярэй хоць глухi, але загадны. Моцны грукат страсануў хатай. Выглядала, што бiлi ботамi, аж завесы скрыгаталi. Нiна памагла Дунi ўсунуцца ў адтулiну а сама, гарачкава, улезшы за дзяўчынай, намагалася насамперш, - i гэта патрабавала немалой сiлы, падсунуць ложак, каб закрыў тайны ход ды пасьля, ужо больш асьцярожна закрыла дзiрку квадратовай покрыўкай.
Неўзабаве пасьля гэтага пасыпалiся зь нейкага вакна бiтае шкло й трэск рамаў. Вiдаць, што бандыты, сьцямiўшы як цяжка выламаць дзьверы, наважылi ўлезьцi ў хату праз вакно. I цяпер, вiдаць, стаялi пры цёплай пасьцелi ды разважалi пра тое, куды iм спад носу ўцяклi "фашысцкiя блядзi". Зноў пачалi рыпець масьнiцы.
- Давай пашукаем, яны-ж недзiка тут ёсьць.
- Чуеш, Дуня? Гэта-ж голас Павалiцкага Хвёдара, - шапнула Нiна. - А мы-ж i ня ведалi дзе басяк падзеўся. Дык от, знаеш цяперака што за госьцi тамака да нас праз вакно ўлезьлi. Божачка мой, прышлi Антоську сюды, ратуй нас..
- Нiна, цiха ты, ато пачуюць.
Дуня зусiм апанавала першы ўструс перапалоху й цяпер, стоячы ўпрытык да Нiны ў вузкай нары, адчувалася зусiм нiякавата. Калi раней думала пра сваю будучыню, - а было гэта даволi часта, - дык уяўляла сябе ў розных сытуацыях, адно не ў такой як цяпер. Ад гэтых, пэўне-ж цяпер вельмi зьдзiчэлых дзьвюх дзяцюкоў, адзьдзяляла яе й Нiну ўсяго некалькi мэтраў. Тыя, прагныя зьдзеку й нажывы, спасьцярогшы цёплую яшчэ пасьцелю, дзесьцi аглядалi ўсе куты, каб вымяркаваць куды iм спад носу ўцякла такая вялiкая ўзнагарода за нейкiя баявыя заслугi. Перад Дуняй, у найчарнейшых колерах, зьяўлялася жахлiвая рэальнасьць. А што будзе, калi бандыты iх знойдуць? Вельмi непраўдападобна. Нiна пазнаёмiла яе раней з нарой i дакладна вытлумачыла, як i што ў выпадку небясьпекi рабiць, ды дзе выхад з гары на двор. А быў ён воддаль ад хаты, на дрывотнi, заалены зьверху хламам, каб ня бачыла непажаданае вока.
I цiкава, што думкi Дунiны, - як выразна прыгадвала пасьля, - замiж таго, каб канцэнтравацца на вялiкай небясьпецы, спанукалi яе ў зусiм iншы бок, да свайго каханага, што недзе, калi ён жывы яшчэ, сядзеў у нейкiм катушку страшнай вязьнiцы. Прыгадала, як нядаўна наведала сям'ю Бахмача. Янукоў бацька й кульгавы Мiкола сустрэлi яе ветлiва, запрасiлi сесьцi пры стале.
- Ну й што ты, Дунечка, чула пра Янука? - спытаў стары зьняможаны Бахмач.
- Нiчога я, дзядзя, ня чула. Прыйшла да вас, думала можа што ад вас даведаюся.
Пракоп нiчога не адказаў. Ён хадзiў па хаце. Дуня мяркавала, што бацька выдатна ведаў пра яе зносiны зь ягоным сынам, а сьветчаньнем гэтага была можа й пашана ў ягоным ласкальным "Дунечка", замiж раней iм ужыванага "Макатунiшка". I вiдаць, - зiрнi вунь на ягоны заклапочаны й балючы твар, ён вось-вось захоча шырэй выказацца. Чалавек гэты шмат перацярпеў i перажыў, а ў вёсцы шанавалi яго як iнтэлiгэнта першае рангi: разважнага, памяркоўнага, з добрым i вялiкiм сэрцам, глыбока ў Бога веруючага, наскрозь практычнымi жыцьцёвымi мудрасьцямi прасякнутага, якраз такога, каторы ў бядзе на помач iншым сьпяшыў.
- Каб во мяне паслухаў, дык дома, а можа навiт блiзка недзiка з табой разам дзетак вучыў-бы. Ато...
Стары зрэзыгнавана махнуў рукой, а твар перасмыкнуўся балючай крыўдай.
- Якi чорт пагнаў яго ў тую Вiльню? Гэта-ж, каб нi вайна, дык чаму-ж... Бег вучыцца, патрыятызмам загарэўся, а цяперака недзя ў цюрме здыхаiць...
Зьняможаны голас абарваўся. Пракоп падыйшоў да крука ў сьцяне, на якой вiсела барада пянькi, зь якой плёў лапцi для працы на сенажацi цi на балоце, узяўся круцiць пяньку. Рукi ягоныя хадзiлi няпэўна й Дуня мяркавала, шыо Бахмачовы думкi не пры пяньцы былi.
- Што-ж, думаў я, думаў ды сабраўся паехаць аж у Менск сына пашукаць. Хоць i злосьць у мяне на яго, але-ж сэрца нi камiнь. Знаеш, кроў свая. Дык паехаў у Глыбокае да камiсара, каб бялет на дарогу як выпрасiць. А гэтыя-ж ураднiкi, каб iх гаручка, мяне да камiсара саўсiм ня пусьцiлi. Нагiргаталi нешта, а тады пераводчыца кажыць, каб на другi тыдзень у ваўторак прыйшоў. Дый толькi шапнула, што калi хачу бялет, то каб з пустымi рукамi нi прыхадзiў. А пiраводчыца тая, мусiць, з пшэкаў, бо папольску гаварыла. Ну што-ж, думаю, нiхай сабе, i iм-жа жыць трэба, а сына трэба за ўсякуюэ цану знайсьцi. Дык во й паеду ў ваўторак, як сказалi, дый нешта вазьму, каб у лапы iм...
- Дык вы, дзядзя, аж у Менск задумалi ехаць?
- Ага, а як-жа...
- А вы цi ведаеце, дзе Янук?
- Хадзiў-жа я да гэтага самага ягонага прыяцеля Загорнага, ну ты яго знаеш. Праўда таго ня вiдзiў, бо Янук-жа яго аж у Вiльню зацягнуў, але бацькi пiраказвалi што iхны сын гаварыў. Дык ён, значыцца Янук у нейкай там зялёнай вязьнiцы сядзiць. I яшчэ цiкавае, што мне сказалi Загорныя дык гэта тое, што iхны сын, зараз-жа як наш Янук трапiў у цюрму, дык Лявон Загорны пайшоў прасiць помачы ў камандзiра бiларускай самааховы, нейкага там палкоўнiка цi што... Ну ён самы вышэйшы начальнiк над бiларускiм войскам...