Выбрать главу

- А людцы мае, чаго-ж стаiцё? - гаманiла Аксеня. - Вазьмiце-ж во пасадзiце iх, дайце iм есьцi цi пiць, можа хочуць...

Антось, якому ўжо цi мала хто трос руку ды якога засыпалi пытаньнямi, адазваўся:

- Дайце пiць. Можа хто квас маiць цi што...

Вялы й слабы голас падчыркнуў запраўдную смагу.

- А ягодка-ж мая, а родненькая, - закудахтала Кмiтава Аўдоля, - гэта-ж во як з таго сьвету вярнулiся.

Антось Дзяркач асунуўся на траву. Яму далi збан з квасам i дзяцюк прагна прылiп да яго вуснамi. Жанчыны памаглi Нiне з возу зьлезьцi i Бурачыха, ступiўшы на зямлю перавязанай нiжэй калена нагой, застагнала.

- Ей во нагу трэба было-б абчысьцiць i перавязаць, каб, баранi Божа, заразы цi чаго... Падстрэлiлi, сукiны сыны, - паясьнiў Антось. - Дзе тут можа Зянькевiч ёсьць? Хлопцы, ты Янук i Стась, падкiньце каню травы якой й напаiце яго. Гэта каўхозны конь, нiбарака, каб ня ён, дык Нiну кiдаць трэба было-б...

Антось зноў прылiп вуснамi да збана, а тады перадаў яго Аксенi, якая старалася напаiць Бурачыху. Янук узяў каня за аброць, адвёў крыху набок.

- Давай, Стась, вунь да гэных, ад iх нахапаем сена.

Яны мiгам падбеглi да шэрагу вазоў, пры якiх ня было лпюдзей наскублi два добрыя ахапкi сена. Худы калгасны конь узяўся жваць неахвотна, быццам не сваймi зубамi.

- Знаiш, ён, мусiць, пiць хочыць, - скказаў Стась.

- Ага. Алi-ж дзе тутака яго напоiш? Нiхай пачакаiць. Хадзi, паслухаем што там Антось расказваiць.

Хлопцы вярнулiся да гурту людзей, што раскладалiся зь ядой на траве побач Антося й Нiны. Зянькевiч аглядаў Нiнiну лытку. З маленькай пляшкi мачаў у сьпiрт вату й абмываў закарэлую рану.

- Гэтта, дзякуй Богу, выглядаiць добра, - гаварыў лекар. - Будзiш жыць i замуж яшчо выйдзеш, - намагаўся жартаваць.

Лекаравы словы ня выклiкалi ўсьмешкi на Нiнiным твары.

- Гэта што сталася?

- Кажу-ж, прастрэлiлi, сукiны сыны, - тлумачыў Дзяркач. - Немiц цягнiк разбамбiў, многа людзей пабiў, а ў наш вагон у сьцяну папаў, дык мы выламалiся ды наўцёкi. А канвойнiкi, гады, страляць пачалi, каб iх самае горшае пекла нi мiнула...

- I дзе гэта было?

- Ды вунь за Дзьвiной. Зь Бярэзьвiч пагналi нас на Лужкi й Дзiсну, а па дарозе тых, што нядужыя, не маглi йсьцi, як сабак стралялi. Гэтак во ейнага Паўлюка прыкакошылi, нячыстая сiла... Божа ты мой, што за сьвет настаў! Пасьля нас у цiлятнiкi, як быдла, напхалi. Недзiка на той бок Полацку, за Дзьвiной, Немiц наляцеў, разбамбiў, многа пагарэла, а каторыя разьбеглiся.

Лекар Зянькевiч перавязаў Нiнiну нагу, злажыў свае рэчы ў скураную сумку i ўстаў. - Ну от будзеш упарадку, - сказаў задаволены, Нiне. Падзякуй Богу, што куля ў лытцы не засела, а збоку прайшла.

- Дзякуй Богу й дзякуй табе, доктар, - адказала падбадзёраная ьанчына.

- Зайдуся да вас пасьлязаўтра, гляну, пiравяжу. Але, здаецца, усё ўпарадку. Гэта што, вы з Антосем цэлы час разам?

- Ага, дзякуй Богу. Каб ня ён, прапала-б я. Мяне спад агня выцягнуў, даглядаў. А майго-ж Паўлюка, вiдзiця як, недзiка пры дарозе, як скацiну, забiлi й навiт нi пахавалi. Божа мой, i за што гэта так?

Нiна пачала хлiпаць, але сухiмi асталiся змораныя вочы. Жанчыны пасьпяшылi iз спагадай. Навокал сяляне параскладалi харчы, узялiся есьцi. Угашчалi Антося й Нiну, зьявiлася навет самагонка. Радасьць зь вяртаньня Антося й Нiны была стрыманая. Думкi забягалi наперад, да няпэўнага й цьмянага заўтра.

6

Залiзваньне ранаў узяло часу. Антось Дзяркач трымаўся дому, бацьком ня скардзiўся, хоць часамi дакучалi болi ў сярэдзiне. Дражнiла яго пераборлiвая ласкавасьць мацi. Жанчына, што выплакала вочы падчас бяссоных ночаў, даглядала цяпер сына, як дзiця кволае. Яна яму то скварку, то яечка, то кавалак мяса лiшнi.

- Пiрастань, матка, давай во бацьку, а я ўжо й так ачуняў, адмаўляўсдя Антось.

- Еш, сынок, нi глядзi, трэба табе якнайскарэй на ногi стануць. Жарцiкi во, як быццам з таго сьвету вярнуўся. Веры нi дала, нi пазнала, гэтак во, нячыстая сiла, заходалi.

З гэткiмi словамi падсоўвала яшчэ больш емiны. Антось пра кашмары ў беразьвецкай турме неахвотна гаварыў. Сам пагоднага характару, не хацеў азмрочваць бацьком настрою.

- Пазьдзеквалiся, кажаш? - пытаўся бацька. - Моцна бiлi?

- Ага, тата, бiлi, крэпка бiлi.

- За што гэта?

- Ат, тата, пiрастанем. Нi люблю ўспамiнаць.

- Ну што-ж... Ня хочаш, за язык нi пацягну.

Антось маўчаў i думаў. Наглядзеўся зьверства, наслухаўся ад людзей. Крыху ачарсьцьвеў. Дый навошта раны вярэдзiць?

- Дзе Лявон Шпунт? Ня чуў? - спытаў бацьку.

- Чорт яго знаiць, ня вiдзiў. Алi во калi гэта, цi нi пазаўчорака Васiль Якубаў казаў, што каля дому яго вiдзiў. На сяло нi паказваецца. А навошта ён табе?

- Як ты думаеш? - зiрнуў сын уважна бацьку ў вочы.

- Ты скажы.

Доўгае маўчаньне.

- Хачу распытацца, як на мяне й на другiх даносы рабiў. А калi нi захочыць расказаць то я на яго загагулiну знайду, язык разьвяжу.

У Антосевых вачох загарэўся благi агонь.

- Глядзi сам, сынок. Але нашто табе? Нiхай-бы яго Немiц прыбраў. Табе можа лепi цiха сядзець...

Антось доўга думаў. Раптоўна падняў вочы й зiрнуў бацьку проста ў твар

- Цягалi адныя й другiя, ледзь вырваўся. А гэтыя што, думаеш? Немiц, ён нас так i нi зачэпiць? Вайной? Кiнь ты, бацька. I нi агледзiшся, як нейкая трасца гоп! i на сьпiну. Ня вiдзiш, што робiцца, нi кумекаеш?

- Дык што-ж рабiць будзiш?

Антось памарудзiў з адказам.

- Нi знаю, тата, можа скора што праясьнiцца. Алi знаю, што пасядзець нi дадуць.

Дзяцюк скрыпнуў дзьвярмi й выйшаў на двор. Ля Бураковай хаты радасна цяўкаў Ромка. Антось спасьцярог жаночую хустку ля тыну. Нiна пастаяла ля сабакi, мусiць нешта есьцi дала ды накiравалася ў вагарод. Антось рушыў у тым кiрунку. Ад супольнага падарожжа "з таго сьвету" часта пра яе думаў. Жанчыну трымаў на воку й раней, - дарэчы, як i ўсе дзяцюкi ў вёсцы, - але з натуры быў больш прывык ля старэйшых дзевак ацiрацца, замужнiх мiнаў, хоць, як мяркаваў, у Нiны й раней нядрэнныя вiдокi меў.

- Ай, Антоська, мой саколiк, а я толькi во пра цябе думала, распрамянiлася Нiна, пабачыўшы яго. Стаяла з матыкай мiж радоў морквы.

- Якi я табе саколiк? А што ты пра мяне думала? - усьмiхнуўся Антось.

- Як гэта што? Ты-ж мой збавiцель. Пра каго-ж, калi нi пра цябе мела думаць?