Выбрать главу

- Ня трэба яна табе болi, сабака!

Нiна кiнулася мужу на шыю, узнагароджвала яго цалункамi.

- Антоська, саколiк мой.

Сьлёзы радасьцi паплылi па бледным твары. А Дуня, таксама дрыжачая, стаяла збоку, пазiрала на Дзеркачоў i Максiма, ня ведала, цi браць ёй удзел у гэтай радасьцi, цi што iншае рабiць. Яна пазiрала на двух забiтых на падлозе i яе пачынала яшчэ больш трасьцi. Гэтыя дзьве брыды, каб не Антось i Максiм, маглi-б во так стаяць над яе i Нiнiным трупам. Адно яшчэ перад тым пазьдзеквалiся-бы.

- А што зь iмi? - спытала Дуня.

- Давайце вон гадаў гэтых.

Ужо на двары, калi выцягнулi й палажылi iх непадалёк ад Ромкавага трупа, Антось, пасьвяцiўшы, яшчэ каб быццам упэўнiцца, што ён упаляваў паляўнiчага, сказаў:

- Так вам трэба, сабакi! Але што я гавару? Вы нявартыя сабакi Ромкi, вы гады! Цьфу! Шкада Ромкi...

- Антось, гэта ты? - пачулася зь цемры.

Голас Дзеркачовага бацькi.

- Усе цэлыя? Каго гэта чорт да вас прыгнаў?

Стары, захутаныў кажух, прыблiжаўся. Ад варот iшлi й iншыя людзi.

- Каго чорт прыгнаў, таго й забраў, тата, - адказаў Антось. - Болi ён зьдзеквацца над намi ня будзiць.

33

Iдучы па менскай вулiцы пад канвоем, у лiку пяцёх чалавек з групы, якую пасылалi на рашчышчаньне хламу й руiнаў ля будынку камiсар'яту. Янук ледзь цягнуў слабыя ногi. Яшчэ кружыла ад сьвежага паветра галава й ён моцна высьцерагаўся каб не спаткнуцца на якую няроўнасьць, выбоiну, каб ня ўпасьцi. Тады будзе канец, - гэта ведаў. I так ледзь ня скончыўся. А цяпер вытрымаць! Адзiны ратунак. Сьвежае паветра, можа пры працы якая лiшняя крошка хлеба ў рот трапiць. Усё-ж праца - дабраслоўлены Богам занятак.

З жахам прыгадваў, што магло стацца. Яшчэ адзiн дзень, яшчэ тая жахлiвая камэра, дзе з ложка ўжо ледзь мог падняцца. У галаве шматкаляровыя кругi. Насела на яго кароста. З рук перакiнулася ў рот, амаль залажыла яго. Ня мог таго сьцiплага кавалачка хлеба сажваць i праглынуць. Адно, - i гэта зь вялiкiм болем, - ледзь удавалася тую жыжку, што называлi супам, у рот улiць. I так дзён пяць, сем, - пасьля страцiўся лiк, - без харчоў. Далi сьмярдзючую мазь Вiлькiнсона. Намазаўся. Колькi раз прасiўся да лекара, усё абяцалi. Зьняможаны, згаладалы, ляжаў на ложку, сам у камэры, ня мог устаць. Прыйшоў новы сьвет: канчальная нямогласьць, сiлы таялi. Слабасьць узяла ў свае абдымкi. I была яшчэ воля жыць, але ня было сiлы. Праз заложаны каростай рот цяжка было дыхаць. Усьведамленьне гаварыла, што прыходзiць канец. I дзiва дзiваў! Як лёгка памерцi. Цела ўжо здалося. Трэба адно нiчога не рабiць, зусiм не намагацца, ня перашкаджаць таму няўхiльнаму працэсу, якi прывядзе да сьмерцi. I яшчэ адно: зусiм нiчога ня думаць. Аддаць сябе ў рукi Богу. Ён, пэўне-ж, вызначыў Януку свой шлях, а воля Ягоная - гэта пачатак i канец.

Але ў зусiм аслабленым, схудзелым целе ня спыняў сваей дзейнасьцi ягоны загадчык - заўсёды няўтомны й вытрывалы й заўсёды актыўны мозг. I гэты загадчык цягнуў Янука да жыцьця. Уяўленьнем вёў яго да родных гоняў, туды, дзе буйнее шматгранная прырода, дзе як сымбаль няўмiручасьцi стаiць на сугры Гараваткi гiгант Архiп; у кусты, дзе салаўi вяжуць цудоўнай прыродзе свае хаваласьпевы, дзе сьпяваюць жнейкi, у вабдымкi каханай дзяўчыны, у муры вiленскай гiмназii, у пабожную грамаду перад Вострай Брамай. I блукаў зьняможаны юнак па ўсiх месцах роднае зямлi, дзе спазнаў соладзь i горыч жыцьця, якое вось адно ўзялося, каб расьцьвiсьцi, каб завязацца пасьля нейкай асаблiвай завязьзю.

А была перад iм шэрая, патрэсканая, цёмная сьцяна й слабасьць. Калi намагаўся ўставаць, напружваў апошнiя сiлы. Галава важыла некалькi тонаў. Цьмянае сьвятло й чырвоныя, сiнiя, жоўтыя, шэрыя, зялёныя кругi ў галаве. Ох Госпадзе, колькi людзей спазнала, якая цяжкая можа быць галава! Яшчэ дзень, яшчэ вось няшмат часу так паляжаць, капiтуляваць, нiчога не рабiць... Сiлы таялi, быццам воск. Дзесьцi коцiшся ўнiз па пахiлай, а можа й стоць падаеш. I ведаеш, што ўжо ня будзе супыну аж пакуль ахутае цябе поўная й вечная цемра. А пасьля труп твой выкiнуць у нейкую агульную ямiну.

Ратунак прыйшоў зусiм неспадзявана. А iм сталася Янукова чарга ў лазьню. Ледзь давалачыўся. Нехта памог. Нехта вытлумачыў, што кароста баiцца чысьцiнi, што пасьля мазi Вiлькiнсона трэба добра выпарыцца, вымачыцца. I зiрнi: вунь за пару дзён пасьля лазьнi кароста пачала раптоўна зьнiкаць, шырэй адчынiўся рот. Аздараўленьне аслабленага цела йшло паволi, але кульмiнацыйны крок зроблены, працэс дужаньня пачаўся.

Неякi тыдзень пасьля тэй лазьнi Янука паведамiлi, што суд пакараў яго на чатыры месяцы вязьнiцы за нелегальны праезд чыгункай. Гэткае паведамленьне пачуў у канцылярыi вязьнiцы. Сухi ўраднiцкi язык сказаў яму пра суд, але адмовiўся паiнфармаваць Янука дзе й калi той суд адбыўся й чаму яго, Янука, на суд не паклiкалi. Калi загадалi вяртацца ў камэру, Бахмач паслухмяна паплёўся за вартавым. Чатыры месяцы! I за што? За праезд чыгункай. Усё-ж адкрылася нейкая шчылiна, прадушына, вiдаць быў наперадзе нейкi рубеж. Ужо падарозе ў камэру Янук аблiчыў, што калi нiчога ня стане ўпоперак дарогi, то павiнен апынуцца на волi 24-га сакавiка.

I назаўтра пасьля таго прыгавору выслалi Янука на працу. Вёў iх мясцовы, у цёмна-зялёным шынялi, iз доўгай савецкай стрэльбай, менскi Беларус. Iшлi на правым баку вулiцы й вартавы часта аглядаўся, мусiць, каб групу ягоную ня пераехала якая вайсковая машына. Прайшоўшы некалькi кварталаў, спынялiся ля новабудаванага, у вадным крыле незакончанага высокага будынку з чырвонай цэглы. Навокал - хлам i руiны. Ранiцай, калi добра цяў мароз, раскладалi вогнiшча. Навокал будынку, прынамсi з фронту яго, стаяў высокi драцяны плот. Вартавы вязьняў не падганяў, адно спанукаў каб выглядалi вельмi занятымi, калi працавалi пры тачках з кiркамi й лапатамi. Ведама-ж, пасьля жыжкi, прысалоджанай цукарынай i маленькага кавалка цьвёрдага, як цэгла, хлеба на сьнеданьне, многа не напрацуеш.

- Давайце, рабяты! На хлеб мусiце зарабiць! - усьмiхаўся вартавы.

"Рабяты" разумелi колькi й як мусяць яны на той нiкчэмны хлеб працаваць. I гэтак, стоячы ля вогнiшча, пакуль узяцца за кiрку, тачку цi лапату, Янук адразу пачаў разглядацца. Па суседзтве ўзвышаўся цiкавы будынак. Сьпераду, паўколам, стаялi высокiя, круглыя слупы, а корпус ягоны, вялiзных разьмераў, быў, вiдаць, адно часткова пашкоджаны. Што ў тым будынку месьцiлася падчас савецкае акупацыi, Янук ня ведаў. Адно цяпер там, як выглядала, важная была ўстанова. Будынак быў абгароджаны плотам, а ў браме стаяў вайсковы вартавы. На машце лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. I вось ранiцай, дзесьцi каля гадзiны восьмай, пераз слверык нацянькi, да гэтага будынку йшлi цывiльныя й вайскоўцы.