Выбрать главу

- На вялiкi жаль, нашыя ворагi нiяк не хацелi разлучыцца iз сваiмi плянамi панаваньня над нашым народам; зладзеi й гвалтаўнiкi не маглi дараваць таго, што вось вышмыгнула зь iх рук ахвяра й намагаецца стаць на свае ногi, гаспадарыць у сваiм доме. Таму, пасьля мабiлiзацыi новых сiлаў, яны зноў напалi на маладую беларускую дзяржаву i, як вам ведама, гэтым разам на помач новапаўсталаму ў Расеi жыда-бальшавiзму, што захапiў уладу, прыйшоў i выкiдыш Вярсальскага трактату - шляхоцкая панская Польшча. Трактатам у Рызе яны разрэзалi на дзьве часткi жывое цела Беларусi й кiнулi наш край у новую няволю. Каб поўнасьцю ашукаць наш народ i падпрэгчы яго сабе на помач, маскоўскiя жыда-бальшавiкi ўтварылi Беларускую савецкую рэспублiку, а Палякi ў сваей часьцi акупаванай Беларусi лiкiвiдавалi наша школьнiцтва, арганiзацыi, праводзiлi агульны й пасьлядоўны плян асымiляцыi. Жыда-бальшавiкi забралi ад нашых сялян зямлю, загналi iх у калгасны прыгон, адабралi ад людзей права ўласнасьцi, ад работнiкаў адабралi права страйкаў. Яны вынiшчалi ў Сiбiры мiлiёны нашых сялянаў i iнтэлiгенцыi, найлепшых сыноў i дачок нашых. Толькi дзякуючы Другой сусьветнай вайне мы здабылi магчымасьць жыць без апекi ворагаў. Вялiкая нямецкая армiя, пад правадырствам фюрэра Адольфа Гiтлера, выгнала з нашай зямлi жыда-бальшавiцкую хэўру й дала нам магчымасьць будаваць сваё беларускае жыцьцё!

У гэтым месцы Астроўскi крыху затрымаўся. Вялыя воплескi зараз-жа й ацiхлi. Яны выразна выявiлi тое, што думалi сабраныя грамадзяне пра гэтага апошняга "вызвольнiка". Прэзыдэнт БЦР прадаўжаў:

- Мы, Беларусы, удзячныя правадыру вялiкага нямецкага народу Адольфу Гiтлеру за тое, што вызвалiў нас ад нянавiснай жыда-бальшавiцкай няволi, даў нам магчымасьць свабодна жыць...

"Астроўскi, пэўне-ж, так павiнен гаварыць, - думаў Янук, прыпёршыся да дзьвярэй апушчанай сьвятынi. - Якая тут свабода? Цi-ж ён ня бачыць, што за свабоду гэтыя галаварэзы прынесьлi? Цi-ж каму ня вiдаць, як карнiкi вынiшчаюць вёскi, жывымi паляць жанчын, дзяцей i старых, а моладзь вывозяць на рабскую працу ў Нямеччыне? Гэта свабода? Так, Астроўскi, пэўне-ж, гэта бачыць, але што ён можа зрабiць... Нашто ён? Яго ня пытаюцца, яму загадваюць. Калi можа сваей працай ён i ягоныя памочнiкi палегчаць цяжкую долю беларускага народу, выратуюць каго ад глуму бальшавiцкiх бандзюгаў, эсэсаўцаў i Латышоў або польскiх бандытаў, дык тое й трэба. Хто бяз зброi, той прападзе..."

- Афiцэры й падафiцэры Беларускай Самааховы! - прадаўжаў прэзыдэнт БЦР. - Я вiншую вас з заканчэньнем ваенных курсаў i з прысягай якую вы злажылi на вернасьць беларускаму народу й нашаму нямецкаму хаўрусьнiку. Сягоньня й вы перажылi гiстарычны дзень. Будзьце-ж верныя гэтай прысязе, высака трымайце ў сваiх сэрцах бел-чырвона-белы сьцяг i йдзiце баранiць беларускiя вёскi ад маскоўскiх жыда-бальшавiцкiх бандаў. У вашых руках цяпер бясьпека нашага сялянства. Вышкалiўшы кадры на месцах, вы станецеся фундамантам новай беларускай армiii, у вашых руках будучыня беларускага народу. Маскоўская жыда-бальшавiцкая хэўра рукамi сваей партызанкi намагаецца вярнуць на нашай зямлi ненавiсную калгасную ўладу, зноў паняволiць наш народ. Бiце бандытаў, каб i сьледу iх у Беларусi не засталося. Ганiце маскоўскую хэўру з нашых лясоў. На вас спадзяваецца беларускi народ i я веру, што вы яго спадзяваньнi апраўдаеце!

"Словы, словы, мора словаў, - думаў Бахмач. - Колькi тут таго "фундаманту" новай беларускай армii... Але пачатак павiнен быць..."

Iзь зьмешаннымi пачуцьцямi йшоў Янук з Пляцу Волi. Зайшоўся ў рэдакцыю "Беларускай Газэты", дзе пастукаў у зачыненыя дзьверы. Сьвята. Шкада. Ад апошняга разу, калi ў iх быў i атрымаў колькi марак, больш нiчога не атрымлiваў. А цяпер яму, слабому й худому, нейкiя грошы вось як памаглi-бы. Вечарам, пасьля доўгага чаканьня, Бахмач ад'ехаў цягнiком зь Менску.

35

Стук у дзьверы хаты Падгайскага ня выклiкаў нiякага водгуку й Бахмач пачаў разважаць цi пайсьцi дадому нацянькi праз пушчу, цi лепш гасьцiнцам. Зьлез зь цягнiка вельмi галодны й наважыў забегчыся да агранома, каб есьцi папрасiць. Балазе, ноччу, перамагаючы розныя нявыгады, нядрэнна выспаўся, навет пра бурклiвы страўнiк забыўся. Праўда дакучалi вошы, i iх, у вязьнiцы нажытых, трэба будзе пазбыцца адразу, дахаты вярнуўшыся. Крышку ў цягнiку скразьняк дзесьцi iз шчылiны прабраў. Каб, ня дай Божа, якая трасца-хвароба на хрыбет ня ўзьлезла!

Вылезшы зь цягнiка, доўга прыглядаўся, як жаўнеры, быццам мурашкi шнуравалi ля мясцовай кухнi. У носе казытаў запах нейкай эрзац-кафэ, маргарыны, чорнага хлеба, мармаляды. З лакомасьцю пазiраў у той, на хуткую руку да будынку вакзалу дабудаваны драўляны трысьцен, куды войска на "фрыштык" сьпяшыла. Там недзе, - прыгадаў Янук, - Марыя Iванаўна, калi нiчога нязвычайнага зь ёю не здарылася, пры працы пыхцела. Пiсала Дуня яму яшчэ ў Вiльню, што "гэны абiбок у партызаны пайшоў, каб яго трасца!" Гэта яна пра Януковага сваяка Ўладзiмера. Якая гаручка яго, дурня, туды панесла? Кажуць, што яблыка далёка ад яблынi не адкоцiцца. Ваўка ў лес цягне. Узгадаваны ў савецкiм духу юнак так i астаўся лёяльны атруце, яму змалку ўложанай. Што зробiш... Што з Марыяй Iванаўнай? Як гэта гаротнiца, сама-самюсенькая цяпер церпiць? А можа яе немцы за сына пакаралi? Варта было-б да яе зайсьцiся. А цi мае яна што есьцi? Можа й ёсьць якiя нямецкiя, прывалочаныя з кухнi, аб'едкi... Не, Янук, цяпер уздужэлы сьвежым паветрам, адразу цэлага барана зьеў-бы. Няпераможная маладосьць свайго дамагаецца. Лепш да Марыi Iванаўны ня йсьцi. Калi ўсё ў парадку дык яна напэўна на працы. А калi не... Лепш пайсьцi да Падгайскага. Гэта надзвычайны чалавек, ён, пэўне-ж, дома а харчоў у яго заўсёды ўволю.

Але чаму-ж ён дзьвярэй не адчыняе? Рашчараваны хлапец раптам прыгадаў, што чалавек можа быць дзесьцi працай заняты. Дзень удаўся, як золата: адлiжны, пагодны. Глядзi, неўзабаве жаўранкi над польнымi праталiнамi зазьвiняць. Цудоўная вясна наперадзе. I ў такi час у агранома працы столькi, што не пакладай рук.

Знайшоў яго Янук у цяплярнi мiж кучаў кампосту, ускапанай зямлi. З памочнiцамi. Дзьве жанчыны, якiх Янук ня ведаў, корпалiся пры нарыхтоўцы глебы. У гэным сэктары цяплярнi, дзе ня было зусiм зеленi, аграном, вiдаць, манiўся сеяць нейкую расаду. Янук увайшоў праз шырака рашчыненыя дзьверы, разглядаўся. Ягоную ўвагу зьвярнулi пышныя кветкi ў вазонiцах на сонцы. Каму аграном цяпер прадаваў гэтыя вазоны? Падгайскi, абапёршыся на вiлы, якiмi перакопваў чорную глебу, спынiў працу. На твары ягоным зьявiлася няўцямнасьць.