Выбрать главу

— А я веру ў перамогу фюрэра! — бытта паставіў ён кропку на мае наскокі ды зірнуў з выклікам.

З мінуту, задраўшы галаву, я на яго дзівіўся — ты гэта кажаш сур'ёзна ці мяне разыгрываеш?

— Гэ?!— вырвалася ў мяне нешта дурнаватае.— Сказануў!..

Буднік разгневана бліснуў вачыма:

— А ты ўсё чапляешся за старое?

— Як гэта «чапляешся»?!

— Дурань яловы! Прыглядзіся — новая сітуацыя склалася на свеце! Гітлер — аграмадная сіла! Гэта — выключны феномен, звышчалавек, які дапаможа нам у барацьбе за самастойнасць!

— О-го!..

— Што «о-го»? Той-сёй на вёсцы не хоча разумець, але ж ты — вучоны хлопец!

— Вярзеш ты, Мікалай!.. Хіба ты глухі і сляпы? Паслухай, што ўсюды...

— Нас абсалютна не павінна цікавіць, што гавораць нейкія слабакі! У нас з табой хутка будуць грошы і ўлада, а дзе ўсё гэта — там і ідэя, прызнанне і слава! Der Mann muss hindus ins feidliche Leben muss wirken und streben das Glück zu erjägen» [3] Галоўны вораг наш цяпер — бальшавізм! Фюрэр ужо надламаў бальшавікам хрыбет, засталося іх толькі дабіць! Вось пасля зімы ўстановяцца дарогі, нямецкая армія пойдзе ў наступленне на ўсім фронце, і будзе ім капец! Неабходна фюрэру дапамагчы наладзіць цывільную ўладу на Беласточ-чыне, і за гэта трэ брацца нам, адукаваным. Ты, кажуць хлопцы, усё дома таўчэшся. Чаго выседжваеш? Нам, белару-сам, тэрмінова неабходна стварыць сваю эліту, падрыхтаваць кіруючыя кадры нацыі, а потым — і сваю армію пад эгідай вермахта!

— Фі-іў!! — зноў я не мог утрымацца ад кпіны, хоць ужо і зразумеў, што выказваць перад здраднікам сваю шчырасць цяпер для мяне небяспечна.

— Ты не смейся, ідыёт! Да твайго ведама, у Навагрудку Рагуля ўжо ўзначаліў батальён самааховы і з літоўскімі часцямі прыступіў да акцыі супроць партызан! Памятаеш нябось Барыса Рагулю з-пад Любчы? А-а, ён на пару гадоў старэйшы, ты яго ўжо не застаў... Палякі хацелі Барыса купіць, нават далі падхарунжага, але ён — фігу вам! — буду чакаць лепшага часу! Малайчына, дачакаўся і цяпер парадак у сябе наводзіць! А мы з табой чым пахваліцца можам на Беласточчыне? Беларусы — раса, шанаваная нават фюрэрам! Пра нас яшчэ ў «Майн Кампф» ён напісаў, што мы — не якія-небудзь задрыпы-палячкі ці маскалі-азіяты! Настаў, Аляксей, доўгачаканы час — выключны феномен, і нам, беларускім фашыстам, трэ горда ўзняць свой бела-чырвона-белы сцяг з «Пагоняй».

Усё гэта Буднік абрушваў на мяне як з кулямёта, а я ўжо крыху паспеў ачомацца ад першага шоку. Успомнілася Вільня ды тое, што ў беларускай гімназіі большасць вучняў былі заядлыя нацыяналісты — дзеці дробных памешчыкаў, кулакоў і сімпатыі іх былі на баку фюрэра. Многія з тых гімназісцікаў цяпер загаварылі дакладна такой самай мовай на старонках прадажных беларускіх газетак — беластоцкай, слонімскай, мінскай...

Так-то яно так, але ж Буднік — з падпольшчыкаў-камсамольцаў, сталінскі стыпендыят, сядзеў на Лукішках, а такія людзі ў сваіх поглядах трывалыя, што ён пляце?!.

Зрэшты, і Барыс Рагуля — з асяроддзя падпольшчыкаў, а вось падаўся к фашыстам на службу ды яшчэ як шчыра, кажуць, яе нясе!..

— I немцы сцяг гэты сунуць табе ў рукі? — ужо не так ўпэўнена і задзірыста ўставіў я былому свайму куміру шпільку зноў ды задам пасунуўся ў бок прыступак, каб у крытычны момант сігануць з вагона.

Буднік аж разлютаваў:

— Яны — вышэйшая, самая дасканалая раса, таму маюць права камандаваць над народамі і ў тым ліку — над нашым! Хто не прызнае гэтай абсалютнай ісціны, не парве з мінулым, не стане на баку арыйцаў, як я, як Барыс Рагуля, той падпіша на сябе прыгавор ды сам сабе выкапае магілу, а ў лепшым выпадку ўсё жыццё будзе карміць камароў, асушваючы балота ці карчуючы лес, зарубі сабе, хлопча, гэта на носе!

— Зарубім, ага...

Буднік пагрозы маёй і не заўважаў. На яго як бы найшло якоесьці ап'яненне:

— Альзо, нам трэ напружыць цяпер усе сілы і дапамагчы Гітлеру! Настаў даўно чаканы час і нашай нацыі! Будзе ў нас Менск сталіца! Яшчэ да вайны каля Рэчыцы бальшавікі знайшлі нафту, пад Карэлічамі — жалеза, а лясоў у нас колькі! А як родзіць лён!.. Мы станем значнай дзяржавай дзякуючы фюрэру!

Не памятаю, развітаўся тады Буднік са мной ці не.

Патаптаўся я адзін у тамбуры ды ўбачыў, што мой поезд стаіць на прыпынку Кур'яны — шэсць кіламетраў ад Беластока. Тут усюды аэрадромы дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі, начных знішчальнікаў, санітарных самалётаў. Аэрадромная ахова расстрэльвала на месцы кожнага незнаёмага без папярэджвання. Але ж і ў Беласток ехаць небяспечна: адукаваны гад, які ведае добра мовы, можа гадзінамі на памяць цытаваць кавалкі са старажытнай і сучаснай класікі,— запраста здасць мяне там у СД ды пачне шантажом дабівацца маёй вярбоўкі ў сваю шайку.

вернуться

3

Чалавек павінен смела нырнуць у вір жыцця – біцца, цярпець, каб заваяваць сабе шчасце! (Шылер.)