Выбрать главу

Што рабіць?

Глянуў я на зялёны масіў вакол будынкаў і падумаў — няўжо не праслізну кустамі? Выскачыў на перон ды падаўся ў нізкі ельнічак.

Адчуваў я сябе тады як пабіты сабака.

10.

Неўзабаве мяне арыштавалі, чаму я спачатку і не здзівіўся.

Аднак у камендатуры да мяне дайшло, што я немцам у лапы трапіў не з-за Будніка, бо неўзабаве туды прывезлі і Валодзьку, нашага бацьку ды шмат землякоў. Нейкі час патрымалі нас у Гарадку на допыце, адтуль паперлі ў беластоцкую турму.

I пацягнуліся турэмныя дні — доўгія, трывожныя. На допыт болей не выклікалі. Нават дазволілі атрым-ліваць перадачы. Фашысты збіраліся з намі нешта зрабіць, але што — толкам ніхто нічога не ведаў. Мы, вязні, насцярожана чакалі сваёй долі ды лавілі навіны, якія прыносілі калідорныя.

Немцы схапілі на вакзале англійскага разведчыка, кінулі ў адзіночную камеру. Праз паўгадзіны заглянулі да яго афіцэры, а ён — вісіць на падаконніку.

Прывезлі нямецкага салдата-дэзерціра, і ён таксама павесіўся.

На турэмным двары чамусьці з'явіліся цыганкі з дзецьмі...

Але з часам і такія навіны перасталі кранаць. Нашыя мужчыны пакрысе прыладжваліся да абставін, адсыпаліся, успаміналі выпадкі з жыцця, апавядалі адзін аднаму, як жаніліся, служылі ў войску. Людзі ігралі ў самаробныя шашкі і шахматы, спявалі «Волгу-Волгу», «Лучыну», «Валачаеўскія дні» — зладжана, на тры, чатыры галасы, як ніколі перад гэтым, мабыць, не спявалі...

Не легкадумныя яны былі.

Людзі добра ведалі, што іх чакае. Спеў і гульні выклікала ў вязняў унутраная трывога: так механізм самазахавання нервовай сістэмы чалавека знімаў напружанне, страх — інакш можна было звар'яцець.

Большасць вязняў прывезлі здалёк. Перадачы атрымлівалі адно мясцовыя жыхары, астатнія ж жылі на турэмнай баландзе. Голад не цётка. Чаго толькі людзі не выдумвалі, каб раздабыць хоць якую-небудзь ежу.

Адзін выламаў з падаконніка кавалак бляхі, змайстраваў брытву і галіў за невялікую плату — за сухарык. Такім ганарарам цырульнік дзяліўся яшчэ з калідорным — той пускаў яго на промысел у суседнія камеры.

Другі апавядаў байкі, чытаў на памяць вершы і потым збіраў падатак — па гарошыне ад слухача (у сялян для перадач карыстаўся поспехам гатаваны гарох — яго можна было і пад'есці, а фашысты на такі харч не квапіліся, аддавалі)...

У адной з камер сядзеў чалавек, які іграў у шахматы на хлеб. Усе былі ўпэўненыя, што ён — бацька артысткі Белай, настаўнік па прафесіі. Перад самай вайной бытта прыехаў у Беласток да дачкі ў госці, і яго засталі тут немцы.

Аднойчы настаўнік прыслаў і мне прапанову сыграць з ім на паўбуханкі. Без усялякай ахвоты я прыняў выклік. Калідор-ны ўпусціў у нашу камеру шахматыста.

— Ну, ты, задрыпаны Алёхін,— пракрычаў мне крымінальнік,— прымай Капабланку!

I жалезныя дзверы за калідорным з грукатам зачыніліся.

Мой госць быў высокі, хударлявы, старанна паголены мужчына гадоў за сорак. Пад ахайным карычневым пінжаком ён нават умудрыўся захаваць пацёртую, але надзіва чыстую кашулю і гальштук.

— Міхаіл Арсеньевіч! — адрэкамендаваўся чалавек з манерамі старога рускага інтэлігента.

Бытта падумаўшы, што сказаў мала, з такой жа годнасцю праз хвіліну дабавіў:

— Варанцоў!

Чэсна кажучы, мне гэта палесціла. Толькі я пастараўся нічым сябе не выдаць, падхапіў яго тон і гэтак жа назваў сваё імя, імя па бацьку ды прозвішча. Мы паціснулі рукі і з пашанай адзін да аднаго расставілі самаробныя фігуры. Зрабілі першыя, другія, трэція хады.

Пасля шматтыднёвай бяздзейнасці я зауважыў у сябе незвычайную яснасць думкі. Ні да таго, ні пасля з такой выразнасцю я не адчуваў так партнёра і размяшчэння фігур на дошцы — прадбачыў іх камбінацыі на шмат хадоў наперад. Звычайна гуляў я ў шахматы азартна, адключаўся ад усяго, што вакол тварылася. Цяпер жа абсалютная перавага над праціўнікам не давала загарэцца ва мне іскры, не нараджала пад'ёму — я быў спакойны ды ўпэўнены. З лёгкасцю адбіў атаку праціўніка, навязаў яму сваю волю ды пачаў забіраць у яго фігуры адну за адной.

I гэта той хвалёны ігрок?!.

Партыя і далей працягвалася з маёй перавагай. Гуляў я хоць і энергічна, але гэтак жа спакойна. Я бачыў сябе як бы збоку і лёгка адгадваў намер партнёра, нават здзекаваўся з яго ў душы ды любаваўся сабой. Ва мне яшчэ заставаўся нейкі запас на пабочныя разважанні. Гуляў я і думаў:

«Мяркуючы па размове — карэнны рускі чалавек. Настаўнік. Цікава, працаваў у школе ці тэхнікуме? Вельмі салідны, магчыма, нават — у педінстытуце. Які ў яго вуглаваты і шэры твар. Што ж, голад робіць усім аднолькавыя фізіяноміі, толькі паводзяць сябе галодныя па-рознаму: адзін церпіць, іншы клянчыць, крадзе, а гэты застаўся сам сабой. Прыдумаў жа спосаб, як хлеб зарабляць! Старога гарту інтэлігент. Такі і ў студэнтаў, напэўна, карыстаўся аўтарытэтам...»