Выбрать главу

«Ага, калі ён з педінстытута, тады павінен абавязкова ведаць Буднікавага сябра — Антона Лабовіча...»

А яшчэ мяне свідравала свядомасць: перада мной жа бацька Белай.

«Цікава, як бывае ў жыцці: нядаўна з дачкой сустракаўся, спатканне тое я планаваў, і раптам з мільёнаў людскіх шляхоў два з іх — яе бацькі і мой — як спецыяльна вось зараз перасекліся самі. Ці гэта тое, што людзі называюць лёсам?»

Партыя падыходзіла к канцу. На мяне глядзелі дзесяткі вачэй, і толькі таму, а не па ўнутранаму жаданню дасягнуць перамогі, я ўпэўнена вёў яе к выйгрышу. Вось тут і спахапіўся.

«Нягоднік, што ж гэта я раблю?! Матч гэты для мяне — забава, рысоўка перад землякамі, а для чалавека — пытанне жыцця і смерці. Прайграю нават цэлую буханку — маці прышле другую, а яму дачка нават гароху не перадасць, бо гаспадаркі артыстка не мае, ад немцаў атрымаеш — фігу. Трэ паддацца!» — вырашыў я без шкадавання. За абаіх я ўжо гатовы быў жыццё ахвяраваць.

Надарылася якраз магчымасць падставіць пад бой каралеву. Трэба было мне гэта адразу і зрабіць, але я чамусьці раней вінавата падняў галаву ды зірнуў чалавеку ў вочы.

Адным словам, не ўмеў я хаваць свае намеры. Настаўнік адразу мяне разгадаў і прыгваздзіў позіркам.

I вось я, нешчаслівы, без ахвоты ды здавальнення скончыў партыю. Суседзі прыйшлі ў захапленне, бытта выйгралі яны самі. А настаўнік гэтак жа карэктна, як прыйшоў, як гуляў, з годнасцю паціснуў мне руку і аб'явіў:

— Дзякуй! Заўтра прышлю хлеб!

«Чалавеча, навошта мне твой збіраны па кавалачку ў розных камерах хлеб, еш ты яго сам!..»

Але споўніць абяцанне шахматысту не давялося.

На наступны дзень, раніцой, фашысты ў турэмны двор прыгналі грузавікі з брызентавымі будамі і добрую палову арыштантаў павезлі за горад на Пяскі расстрэльваць. У ліку смяротнікаў апынуўся Міша Толуць з Зуброў, які са мной вучыўся яшчэ ў Вільні. З Толуцем павезлі на расстрэл і Варанцова.

11.

Як потым удалося вырвацца мне з лапаў фашыстаў ды апынуцца ў партызанах, доўга апавядаць, ды і гэта не адносіцца к тэме — мая аповесць пра Буднікаў.

Неўзабаве я ўжо быў пад Брэстам, у Гута-Міхалінскім лесе, дзе трапіў у гаспадарчы ўзвод дэсантнай групы капітана Громава.

Тады мне вельмі не шанцавала.

Камандзір мой зусім не адпавядаў свайму зычнаму прозвішчу. Атмасфера ў дэсантнікаў, падпарадкаваных капітану, была цяжкой, я сумаваў ад бяздзелля. Калі і выводзілі мяне на заданне, то яно абмяжоўвалася чаканнем на краі лесу, покуль мае дэсантнікі ўзарвуць поезд, вадакачку ці вернуцца з разведкі.

Мажліва, таму мне так урэзалася ў памяць суседняя група, хоць і пабываў я ў ёй усяго адзін-адзіны раз.

Ужо глыбокай зімой капітан паслаў мяне да суседзяў з даручэннем. Вялікі ахвотнік верхавой язды Громаў загадаў прывалачы ад знаёмых дэсантнікаў пазычанае сядло. Зайшоў я туды і здзівіўся.

Мы жылі ў зямлянках, а тут на снезе, як індзейскі вігвам,— вялізная вастраверхая палатка. На сучках слупоў, што падтрымлівалі пакаты дах, віселі аўтаматы. Мабыць, у палатцы зімой жыць холадна, але адзін яе выгляд рабіў уражанне, выклікаў у памяці вядомыя з прачытаных кніжак вобразы афіцэрскіх бівуакаў з часоў нашэсця Напалеона, Крымскай вайны, баёў пад Шыпкай і Плеўнай.

Мала таго.

Як высветлілася, дэсантнікі выдатна абыходзіліся і без гаспадарчага ўзвода. Самі былі і кухарамі, і вазніцамі, і дрывасекамі. I на варце яны самі стаялі, а на заданне бралі з сабой толькі правадніка...

Мой прыход супаў якраз з абедам. Дэсантнік-кашавар раздаваў усім самыя звычайныя катлеты, якія падавалі да вайны ў сталовых ды рэстаранах — з гарнірам ды падліўкай. Чарнамазы дзяцюк-кухар спытаўся ў мяне:

— Вы елі?

На секунду я разгубіўся, нешта прамычаў, а перада мной ужо з'явіўся кацялок, з якога валіла пара і прыемны пах разваранага мяса з фасоляй.

— Падсаджвайся і рубай! — загадаў чарнамазы.— Лыжку? Трымай маю!..

За сталом з грубых дошак вакол сядзелі незалежныя маладыя хлопцы, якім нядрэнна жылося. Яны з апетытам здаровых людзей апляталі катлеты, адзін з аднаго пасмейваліся ды з цікавасцю зыркалі на пасланца Громава. У мяне раптам ежа завязла ў горле. Стала няёмка за дзедаўскую капузу, за кажух з чужога пляча і картовыя нагавіцы, за прымітыўны абрэз з пацямнелымі плямамі ржы, за самаробную фінку ў кужэльным чахле.