Выбрать главу

Я ні разу не бачыў, як і што еў Громаў. Сняданне, абед і вячэру гатавалі капітану ды неслі на стол у строгай таямніцы — мабыць, каб нямецкія лазутчыкі не атруцілі гэтак важнага кіраўніка партызанскага руху. Камандзір жа гэтай групы Марцірасян — чарнявы армянін сярэдніх год — абедаў разам з усімі. Я тады і падумаць не мог, што праз дваццаць год, на сустрэчы з гасцямі з ПНР, буду з напружаннем старацца ўспомніць гэтага самага армяніна, бо лёс Буднікаў, як выявіцца, пераплятаўся з дзейнасцю гэтай якраз групы.

Марцірасян быў у такім, як і ўсе, форменным адзенні: куртка з цыгейкавым каўняром ды нагавіцы з кішэнямі ледзьве вышэй калень. Што менавіта ён тут галоўны, можна было пазнаць толькі па тым паважанні, з якім звярталіся да яго хлопцы, называючы чалавека па імені і па бацьку, а то і проста — «таварыш камандзір».

Абед скончыўся, але ад стала чамусьці ніхто не спяшаўся адыходзіць. Хлапец, які ўзняўся першы, засмучона ўздыхнуў:

— Чорт, мая чарга кацялкі мыць!..

Ён з грукатам сабраў посуд ды выйшаў.

Усе крыху памаўчалі. Дэсантнік, што сядзеў ля слупа, як бы нечага не дачакаўся, зняў аўтамат з-пад галавы, спрытна нашчоўкаў сабе затворам жменю патронаў і зброю павесіў на сучок зноў.

— Валодзька Папоў, заўваж — восем штук бяру ў цябе з дыска! — аб'явіў сябру, зараджаючы свой пісталет.

— Валяй, хопіць шчэ і мне! — са шчодрай велікадушнасцю дабрадзея адказаў яму той з-за стала, гэтаксама нечага чакаючы.

Устаўляючы абойму ў свой «ТТ», дэсантнік захапіўся ды неасцярожна накіраваў рулю ў наш бок. Гэта адразу заўважыў камандзір. Яго макраватыя вочы раптам насцярожыліся.

— Я вас зразумеў, камандзір! — імгненна адрэагаваў хлапец ды адвярнуўся к сцяне.

Марцірасян з усходнім акцэнтам кінуў толькі адзінае слова:

— Чэловэ-эк!..

Як усё гэта было непадобнае на нудныя павучанні ды прыдзіркі нашага Громава. З такой прамашкі байца ён раздзьмуў бы цэлую справу. Даў бы хлапцу нарад, карыкатуру на яго загадаў бы ў насценнай газеце змясціць, азлобіў бы яго ды паставіў бы супроць сябе. Гэты ж — цярплівы, мудры, дзелавы і не дробязны.

Толькі тут я зразумеў, што ў групе запланавана агульная дзелавая размова, што ўсе чакаюць, калі выйдзе чужы — таму я ўсхапіўся.

У кутку ўжо ляжала падрыхтаванае для Громава яшчэ новае сядло польскага ўлана. Падзякаваўшы за абед, узваліў я на плечы цяжар ды хутчэй рушыў у дарогу.

...Неўзабаве Громаў адправіў нас па харчы.

Днём прайшлі мы Гута-Міхалінскую пушчу і к ночы, паскрыпваючы снегам, прыбылі ў незнаёмую для мяне вёсачку Зеляневічы, недалёка ад Ружан.

— Тут жыве сям'я савецкіх патрыётаў! — аб'явіў вядомы ледзьве не на ўсю Гута-Міхалінскую пушчу ахвотнік да выпіўкі наш камузвода Філіпчык, паціраючы рукі. Ён ужо прадбачыў добры пачастунак.— Аляксей, ты не п'еш, стой на варце! Астат-нія — шагам арш у хату!..

Не з'яўляліся яны доўга.

«А што, калі там ужо акаселі?!» — падумаў я, прастаяўшы на марозе гадзіны з тры, і адправіўся ў памяшканне на разведку.

Гаспадары нашых частавалі ў баковачцы. Вячэра была ў самым разгары. На кухні — нейкі знаёмы юнак у пасталах. Я ўважліва прыгледзеўся. Не то мудрыя, не то сціплыя вочы. Далікатны, як у дзяўчынкі, твар. Павольныя і спакойныя рухі...

Косця Буднік!!!

Сустрэча мяне так уразіла, што я, бытта ўджалены, вылецеў на вуліцу і там усё стараўся нешта ўспомніць.

А і праўда, Буднікі паходзілі адгэтуль — з-пад Ружан! Вось дык выпадковасць! Вось дык сустрэча!.. Але ж як мне цяпер сябе паводзіць?!.

Я аж успатнеў.

Мінула некалькі дзён. Пра тое, што мне было вядома аб сям'і Буднікаў, я не расказаў ні камузвода, ні Громаву. Камандзіры не выклікалі даверу, не ўзнікала схільнасці быць з імі шчырым: Філіпчык і капітан распраўляліся з падазронымі надта скора. Аднак і насіць у сабе такую таямніцу было злачынствам.

Раздвоенасць майго сумлення, на шчасце, неўзабаве згладзілі падзеі.

12.

Лёс мой зрабіў раптоўны зігзаг: нечакана мяне забралі з Гута-Міхаліна, перавялі пад Гарадок у лес ды прызначылі камандзірам атрада. Побач з іншымі службамі неўзабаве наладзіў я і сваю разведку. Нас вельмі цікавіў Беласток ды ўсё, што ў ім тварылася.

Аднойчы кіраўнік Беластоцкага антыфашысцкага камітэ-та, славутая Маруся Мразоўская, перадала нам чарговы спіс здраднікаў. У гэтым лістку фігурыраваў і Мікалай Буднік родам з-пад Гута-Міхаліны. Косцеў брат служыў памочнікам шэфа гестапа «бецырка» — доктара Герберта Цымермана.