Выбрать главу

«Ого, як ты далёка пайшоў?! — жахнуўся я.— А брат ды бацька, выходзіць,— з намі?..»

Але ў той час я ўжо менш дзівіўся такім кантрастам,— было не да таго. Адно памятаю добра, што, калі паміж іншымі справамі я прыкідваў магчымасць злавіць «беларускага фашыста» жыўцом, мяне агортваў паляўнічы азарт. Надта хацелася помсціць за таварышаў, расстраляных на беластоцкіх Пясках, дзе, напэўна, прысутнічаў і Буднік. Аднак даводзілася рабіць, што загадвалі, што мог. Праходзіў месяц за месяцам майго камандзірства, а шляхі нашыя з мацёрым «беларускім фашыстам» так і не перасякліся.

Цікавасць да Мікалая ўва мне таілася недзе на самым сподзе душы яшчэ доўга ды не пакідала, покуль я не ўчуў аб яго празаічнай смерці.

13.

...Горад наш толькі што вызвалілі ад фашыстаў.

Крочыў я аднойчы па вуліцы і спаткаў даваеннага знаёмага, з якім вучыўся ў Вільні. Блізкімі сябрамі мы з ім ніколі не былі, я ледзьве ўспомніў яго прозвішча, але сустрэча абаіх нас узрадавала.

Перабралі мы з ім у памяці, здаецца, усё, пара было разы-ходзіцца, толькі рабіць гэтага мне ўсё чамусьці не хацелася. Пачаў я прыдумваць, пра што спытацца ў хлапца яшчэ.

Знаёмы перажыў усю акупацыю ў Беластоку, таму пацікавіўся я пра Будніка.

— Мікалай утапіўся! — пачуў я ў адказ.— Патануў на маіх вачах!

— Ты што?! — надта мяне здзівіла.— Я-ак?!

I знаёмы расказаў:

— Ноччу ўжо чуваць было, як грыміць савецкая артылерыя ля Ваўкавыска. У горадзе заставаліся толькі вайсковыя часці, астатнія немцы далі драла. Быў канец чэрвеня, стаяла гарачынь — бы ў першыя дні вайны сорак першага. На веласіпедзе заскочыў да мяне ў цывільным ужо касцюме Мікалай ды запрапанаваў: «Давай выкупаемся ў Нар-ве!» Якое магло быць купанне ў той час? Я — аднеквацца, але як прыстаў, прыстаў, а я шчэ яго баяўся, не хацеў пярэчыць...

I вось пакацілі мы за горад. Дарогі — кіламетраў з дванаццаць, паўгадзіны язды. Ціснем на педалі, коцім — калясо ў калясо, перагаворваемся. Я так асцярожна ў яго пытаюся: «А ты не баішся бальшавікоў? Кажуць, Ваўкавыск ужо захапілі ўчора». Мікалай бытга чакаў такога пытання: «Няхай расстрэльваюць,— кажа,— няхай вешаюць, чацвярту-юць і смажаць, на Салаўкі ці ў Сібір вывозяць, што хочуць са мной робяць, а я ўсё роўна вырашыў застацца! Усё, хопіць папаслужыў гэтым нелюдзям, трэ і адказнасць за грахі несці!»

— Ты бачыш — адумаўся! — заўважыў я.

— Ну, так і сказаў! А я думаю сабе: даўно ты, смярдзючае падла, хваліў «вышэйшую расу», «настольную кніжку кожнага патрыёта-беларуса «Майн Кампф» ды заклікаў узнімаць «бела-чырвона-белы з «Пагоняй» сцяг за непераможны вермахт»?!

— I табе заліваў гэтую дэмагогію?

— Усім гэтая зараза тут нам галовы гэтым дурыла! А з якім шчэ запалам — ты б паслухаў!.. Ну, пад'язджаем да рэчкі. Распранаемся. Бултыхнулі ў ваду. Я паплыў па цячэнні, а ён — супроць стрыміны. Вылажу потым на бераг — няма майго Мікалая! Я туды, я сюды, давай гукаць — ні слыху ні дыху. Толькі валяецца вопратка, афіцэрскія боты ды новенькі «Дуркоп» з бліскучымі планкамі на педалях. Нарва, сам ведаеш, не наш Нёман, летам яе месцамі пават курыца ўброд пяройдзе. Пабегаў, палётаў я па беразе, нават перапароў тычкай увесь іл — нічога! Дзіўна. Магчыма, сардэчны прыступ хапіў, і ён захлынуўся, а цела вадой аднесла ці загаала пад корч...

— Будніка — прыступ? — усумніўся я.— Хіба пры немцах многа піў. Сэрца ў яго было некалі — што трактарны матор!

— Не так каб надта, аднак выпіваў. Мабыць, маеш рацыю. Такі атлёт, спартсмен... Ён жа пудовую гіру не ведаю колькі разоў мог выціснуць, а на ровары ніколі не даваў сябе нікому выперадзіць... Аднак бываюць выпадкі, што здаюць і такія...

— Усё роўна не веру!

— I я часамі думаю — хутчэй за ўсё ўтапіўся сам. Было з-за чаго. Падумай, што добрага несла яму вызваленне... Адным словам, на беразе гляджу — няма Мікалая! Трэ хоць цела знайсці! Хацеў паклікаць людзей, але навокал — ні хутара, ні вёскі, адны кусты. Патырчэў на беразе да вечара, а потым схаваў рэчы ды вярнуўся ў горад. Сказаў таму-сяму ў Беластоку — ніхто нават і не пашкадаваў яго. Недарэчна загінуў чалавек, попусту.

А я са здавальненнем пазлараднічаў: «А-а, замучыла сумленне! Утапіўся-такі, гад! Юда на асіне павесіўся, а ты — у іл галавой!.. Што ж, лепшай смерці не варты. Ліха цябе бяры, менш работы будзе судам! Ты глядзі, аднак — ёсць, ёсць-такі вышэйшая справядлівасць на свеце, нікуды ад яе не дзенешся!..»

Стала хораша на душы. Бытта даўно нада мной вісеў непрыемны абавязак і толькі цяпер я ад яго адвязаўся.

14.

Праз нейкі час пасля апісанага выпадку я нечакана спаткаў Косцю Будніка.