За вайну Косця амаль не змяніўся, і я пазнаў яго здалёк. Пазнаў мяне і ён ды паспяшаў насустрач сваёй мяккай дзявочай хадою. Твар — заклапочаны, змрачнавата-сумны. Бытта вось толькі што яго аблаялі на нарадзе ці нехта захварэў з яго блізкіх і ён выскачыў у аптэку.
— Гэта ты-ы? — спаткаў я чалавека традыцынным для першых пасляваенных гадоў пытаннем.
Косця ўзрадаваўся. Ён адразу пачаў мяне распытваць, але я хацеў ад яго пачуць усё першы. Хлапец неахвотна адказваў на пытанні.
Гэтак я даведаўся, што ўсю вайну Косця быў дома. Потым адслужыў год у арміі. Паспеў ужо і ажаніцца. Прыехаў паступаць на завочнае аддзяленне педінстытута. Недалёка ад нашага горада працуе ў раёне сакратаром райкома камсамола. Пра ўсё гэта расказаў ён абыякава, нібы жыў вельмі нецікава і не было пра што яму гаварыць.
«Гм, ніякіх у цябе, браце, няма заслуг, а ў райкоме працуеш»
«Калі чэсна гаварыць, то кадраў няма, а ты — не кепскі хлапец. Бедны! Колькі табе, сакратару райкома, даводзіцца цярпець непрыемнасцей з-за Мікалая. А колькі яшчэ выцерпіш з-за старэйшага братца, каторым ты так ганарыўся!»
«Зрэшты, а ці я ім не ганарыўся? Яшчэ як, хоць старэйшы Буднік не мой брат!»
Я раптам уявіў сабе Валодзьку на месцы Косці і жахнуўся.
«Прыемна майму нябось,— пацешыў я сябе,— мець такога старэйшага братана!..»
— А твой Валодзька жывы? — пацікавіўся Косця.
— Жывы.
— Ну і добра! — уздыхнуў ён з палёгкай.— А я ўсё стаю ды надта ж баюся спытацца: а раптам загінуў, як многія? Мы ж з ім сябравалі ў Навагрудку!
— Прайшоў агонь і ваду! Цяпер — студэнт політэхнічнага!
Ва мне тады яшчэ жыло захапленне самім сабой і цяга к самалюбаванню.
Усё адчуваючы тую самую гордасць, перапоўнены свядомасцю сваёй значнасці і зробленым у цяжкую мінуту, я пачаў падрабязна, доўга ды паблажліва апавядаць пра Валодзьку, бацькоў і найбольш, вядома, пра сябе. Мне чамусьці расхацелася яго пытацца. Я паленаваўся, палічыў лішнім прызнавацца Косцю, што некалі з гаспадарчым узводам, ад дэсантнай групы Громава заходзіў да яго ў хату. Толькі не то спытаў, не то паспачуваў:
— А твой Мікалай і на Лукішках сядзеў ледзь не тры гады, і быў сакратаром ячэйкі ў віленскай гімназіі, а — глядзі як атрымалася!..
— Але...—прызнаўся Косця з даверлівасцю дзіцяці, цяжка ўздыхнуў ды панік.
— Эх, халера! — вылаяўся я з прыкрасцю, са шчырым шкадаваннем, са спагадай.— Як у жыцці ўсё бывае складана і не так, як хацеў бы!..
Косця раптам пачаў часта-часта міргаць вялікімі вейкамі, а вочы яго адразу змакрэлі.
Праз хвіліну малодшы Буднік плакаў ужо па-сапраўднаму. Па яго немужчынскім твары цяклі буйныя слёзы не то гора, не то адчаю, не то крыўды. Цяклі спорна, як у дзяўчынкі. Я нават разгубіўся:
— Ты што, Косця, перастань! Чаму ты так?
Я яго ўсё супакойваў, але — беспаспяхова. Косця ўсхліпнуў, адвярнуўшыся ад мяне раз, другі, і раптам з яго вырваўся нечалавечы стогн:
— Ых!.. Ых!.. Ых-х-хых-хы-ых!..
Стала відочным, што для яго цяпер адзіны сродак аблегчыць душу — выплакацца. Толькі ж нельга, нядобра, нясціпла глядзець на мужчыну, калі той плача. Спахапіўшыся, я паспяшыў адысці.
Косцю тады было дваццаць два гады. Мне — мала больш, і я быў яшчэ студэнтам.
15.
Пасля інстытута накіравалі мяне пад Гута-Міхалін у вёску Біскупцы дырэктарам сямігадовай школы, дзе я зноў спаткаўся з фактам, які меў адносіны да Мікалая Будніка, і яшчэ раз мяне ўразіла ступень падзення гэтага чалавека. Выпадак здарыўся на трэці месяц маёй педагагічнай кар'еры, калі так ганебна асарамаціла мяне першакласніца.
Аднойчы захварэла настаўніца малодшых класаў — Марыя Аляксандраўна. Педагогі былі занятыя, падмяніць хворую давялося мне. Да ўрока, вядома, я не быў падрыхтаваны і з дзецьмі завёў пра тое пра сёе гаворку.
Дзеці пачалі ўспамінаць лета, апавядаць, хто чым займаўся ў гарачую пару, ды неяк непрыкметна загаварылі пра матылёў. Наўмысна расцягваючы час, я ім паведаў, што матылі жывуць усяго па некалькі тыдняў, бываюць толькі вясной, а ўжо рэдка — летам, пасля чаго знікаюць зусім аж да наступнай вясны. I тут шустрая, з вяснушкамі на скуластым тварыку Тася Грыцук з першай парты падняла руку.
— Што ты хочаш сказаць?
— А оты няпраўда! — запратэставала яна, са сціплай ветлівасцю ўстаючы.
Я здзівіўся:
— У чым ты, Грыцук, сумняваешся?
— I цяпер матылі бываюць.
— Сярод восені?
— Ага. Сінія.
— Не мялі глупства.
— А оты е яны і цяпер!
— Ай, не выдумвай, Тася. Садзіся!
К наступнаму ўроку клас мяне чамусьці спаткаў насцярожаным маўчаннем, ды я не прыдаў гэтаму значэння. Але неўзабаве ў напружанай цішыні к сталу падышла Тася ды адкрыла скрыначку ад запалак.