Выбрать главу

А тут праз дзень-два прыляцела новая вестка — пайшоў вайной і цар маскоўскі. Заняў Вільню, уехаў у горад карэтай, запрэжанай у шаснаццаць коней, якія перабіралі нецярпліва нагамі па вуліцах, выкладзеных чырвонымі дыванамі.

I гэта было яшчэ не ўсё.

На Украіне мужыкі паўсталі супроць паншчыны. На Падолі з'явіліся казацкія загоны Багдана Хмяльніцкага.

Некаторыя казакі пачалі рэзаць сем'і шляхціцаў, а яўрэяў перад гэтым, для смеху, апраналі ў вопратку біскупаў ды вадзілі па вуліцах.

Казакі з нянавісцю тапталі святыя дары чужой ім веры, пілі віно з імшальных келіхаў. З магіл і склепаў выкідвалі трупы. У выніку — паніка і там. Хто заставаўся жывы ўцякаў як мага хутчэй да Кароны.

Казакі, шведы, маскалі ад нас былі бытта бы і далёка, але ж і тут запанавала трывога не на жарты. Мабыць, узрадзілі яе натоўпы пехацінцаў, якіх ротмістры пачалі ганяць па полі, выкрыкваючы каманды:

— Першы дзесятак — налева і на калена! Другі дзесятак — шлюсуй ім з тылу!

Стаяла ўжо лета, а на палі людзі баяліся і выходзіць. Аднекуль з'явіліся вялізныя чароды птушак — чорных, крыклівых, як бывае заўсёды перад крывавай разрухай. Усё часцей тонка ды працяжна, як чмялі, гулі званы беластоцкіх касцёлаў ды цэркваў, а напалоханыя прыхаджане беглі да крыжоў на ростанях ці ў свае храмы, ставілі і ставілі свечкі, а тады падалі перад іконамі ніцма ды маліліся, маліліся і маліліся.

Каб змора не выкасіла быдла, свіней, валоў ды авечак, дзень і ноч, сыне, у канцах вёсак мужчыны палілі кастры, абкурвалі дымам з сухіх лістоў дуба і чарнобыля свой дастатак.

Званы сатрасалі паветра з тыдзень, а вецер развейваў доўгія бароды званароў. Часамі спіжавыя волаты пачыналі біць і без людзей. Спадар Яўхім казаў, не раз здаралася такое і ў нашым кляштары.

Гром бомаў патрасаў сцены абіцелі, як пры пажары. Панамар узбіраўся на званіцу, а там — нікагутка. Языкі самі ўзад і ўперад ходзяць ды з усяе сілы лупяць у бронзу. У спадара Яўхіма ад убачанага ад страху аж мароз праходзіў па скуры!

Гараджане ўсё ставілі свечкі ды маліліся, каб уцалець. Знахары прадавалі рыцарам паперкі з магічнымі словамі, якія мелі ўберагчы іх ад стрзл і пік. А на замак да нас даляцела чутка, што рассылаюць ужо і віці для народнага апалчэння.

Людзі збасурманелі. Адныя сяляне плялі ў запас лыкавыя лапці, каб мець іх па некалькі пар у дарозе, а хітрэйшыя нагвалт пачалі закоўваць коней, каб не забралі да войска. У нас, я ведаю, былі такія мастакі, што аніяк цівун не мог іх падлавіць на шкодніцтве. Затое закаваны мужыком скакун з месяц быў няздатны ні да чога,— якраз у момант, калі коней тых кожны рыцар з чаляднікамі павінны былі мець з тузін ды трымаць напагатове за кароткі повад, яшчэ мець і коней абозных.

Перапалоханаму кліру, які дагэтуль забаўляўся чараўні-цамі ад няма чаго рабіць, раптам стала не да нас. Бо нават і святароў, каго змаглі, паперлі збіраць карты мясцовасці, шукаць картографаў, даводзіць да ладу замкі, крэпасці,— высякаць перад імі садкі, паліць хаты ды хлявы, каб з-за абаронных муроў мець абстрэл добры з гакаўніц ці гармат.

Падзеі для мяне, сыне, павярнулі справу яшчэ і тым бокам, што, як неўзабаве выявілася, шведы і казакі высту-паюць супроць барацьбы з вядзьмаркамі, высмейваючы яе, лічачы яе хлуснёй.

Вось так і здарылася, што мае мучыцелі раптам мусілі думаць ужо аб сваёй шкуры.

Такім чынам, да другіх тартур, дзякуй Богу і Найсвяцей-шай Дзеве Марыі, нават не дайшло, мая confessata torturata і liberata на гэтым скончылася. Лаўнікі з канцылярыстамі яшчэ крыху пацягалі на допыт і хоць неахвотна, але мусілі мяне адпусціць, бо і саміх папёрлі ўмацоўваць муры Беластока.

Аднак і ў той неразбярысе езуіты свайго не ўпусцілі.

Хочаш не хочаш, Сцяпанаў надзел мусіла праз таго самага натарыуса перапісаць на будоўлю касцёла святога Роха ў Беластоку — бытта бы за патрачаныя святой інквізіцыяй кошты на маё катаванне, за ўтрыманне ў замку, неаднаразовы перавоз з месца на месца і за пасыльных, нібы я ва ўсім была вінаватая.

У выніку той пісаніны нашаму беднаму кляштару засталіся толькі Путрышкі ды іншая драбяза.

Табе, сынок, не дастанецца, як бачыш, нічога, і Ты сваёй мамушцы прабачыш. Але ведай, не толькі двары і замкі, землі і балоты, рэкі і лясы адпісала б Табе, калі б змагла,— Неба нахіліла б ды сонца наблізіла б!

А наогул, як падумаю пра ўсё, прыходжу да высновы: у апошнія гады было так, што нават багацела, але сытасці на душы ніколі не паспытала. Ані разу.

Вядома, багацце прыносіць выгоду, але ж з уласных перажыванняў ведаю, як дадае смагі мець яшчэ больш, таму, здаецца, заўсёды яго мала і мала. Толькі журбота, смутак і клопаты штодзённыя заспакойваюць нашыя сэрцы.